Пабывалі ў казцы

Дабрачыннае навагодняе свята для выхаванцаў дзіцячых дамоў сямейнага тыпу і цэнтраў карэкцыйна-развіццёвага навучання і рэабілітацыі з усіх раёнаў вобласці адбылося на Магілёўшчыне.

Свята стала адным з мерапрыемстваў дабрачыннага марафону “Сагрэем дзіцячыя сэрцы”, што праводзіцца ў рамках рэспубліканскай акцыі “Нашы дзеці” па ініцыятыве рэгіянальнага аддзялення РГА “Беларускі дзіцячы фонд” і пры падтрымцы аблвыканкама. Дзеці змаглі акунуцца ў сапраўдную казку, убачыць Дзеда Мароза, Снягурку, іншых казачных персанажаў. Такую магчымасць ім прадаставілі ў Абласным цэнтры творчасці падчас прагляду навагодняга мюзікла “Прыгажуня і пачвара”.

Вядомую кожнаму казку супрацоўнікі цэнтра пераказалі ў сучаснай інтэрпрэтацыі. Героі казкі паўсталі ў новым амплуа, аднак асноўная лінія сюжэта не змянілася. Пастаноўка засталася гісторыяй пра сапраўднае каханне, пра тое, што цуды ўсё ж такі бываюць, а мары здзяй­сняюцца.

Выдатная ігра акцёраў, яркія дэкарацыі ўражвалі юных гледачоў, стваралі ў зале непаўторную, чароўную атмасферу. Напэўна, таму хлопчыкі і дзяўчынкі глядзелі пастаноўку з вялікім захапленнем.

Пасля заканчэння паказу дзяцей, іх бацькоў і педагогаў шчыра павіншавалі са святамі ганаровыя госці. Дырэктар Магілёўскага рэгіянальнага аддзялення РГА “Беларускі дзіцячы фонд” Ірына Фісюк, галоўны ўрач Магілёўскай абласной дзіцячай бальніцы член Пастаяннай камісіі па адукацыі, навуцы, культуры і сацыяльным развіцці Савета Рэспублікі Ігар Каско, намеснік начальніка галоўнага ўпраўлення па адукацыі аблвыканкама Ірына Кускова пажадалі хлопчыкам і дзяўчынкам усяго самага найлепшага.

Адметна, што акрамя добрага настрою і станоўчых уражанняў кожны з маленькіх удзельнікаў свята атрымаў падарунак для развіцця творчай дзейнасці. Значна і тое, што ў рамках дабрачыннай акцыі “Калядная пасылка” ва ўсе дзіцячыя дамы сямейнага тыпу вобласці прыйшлі паштовыя скрынкі з канцылярскімі прыладамі, цацкамі, кнігамі, якія сабралі неабыякавыя жыхары Магілёўшчыны.

Ганна СІНЬКЕВІЧ.
Фота Рамана РУЦКАГА.