Пачалася падрыхтоўка да выпускнога экзамену па замежнай мове

- 16:23Рознае, Якасць адукацыі
У пачатку сакавіка ў Акадэміі паслядыпломнай адукацыі зноў збіраліся настаўнікі замежных моў. На гэты раз іх аб’яднаў тэматычны семінар “Мадэляванне вучэбных заняткаў ва ўмовах падрыхтоўкі да абавязковага экзамену па замежнай мове”. У сумеснай рабоце, акрамя педагогаў, прынялі ўдзел намеснікі дырэктара ўстаноў агульнай сярэдняй адукацыі, прадстаўнікі Нацыянальнага інстытута адукацыі, Міністэрства адукацыі, Акадэміі паслядыпломнай адукацыі.

Спачатку ўдзельнікі пазнаёміліся са зместам вучэбна-метадычнага забеспячэння, якое ўплывае на якасць валодання вучнямі іншамоўнай камунікатыўнай кампетэнцыяй. Гутарку вялі метадысты ўпраўлення метадычнага забеспячэння НІА Г.М.Разанава, Л.С.Кавалёва і Я.І.Суднік. Пра тое, якія рэзервы мае настаўнік замежнай мовы пры навучанні сваіх выхаванцаў іншамоўным маўленчым зносінам, гаварыла метадыст упраўлення вучэбна-метадычнай работы АПА Г.С.Хадасевіч. Да абмеркавання заяўленых пытанняў далучыліся настаўнікі замежных моў, якія прадстаўлялі ўсе сем рэгіёнаў рэспублікі.
Але ў цэнтры ўвагі былі ўсё ж напрацоўкі педагогаў-практыкаў. Пра спалучэнне айчыннага і замежнага вопыту навучання замежнай мове ў камунікатыўным рэжыме расказалі педагогі з Мінскай вобласці І.М.Меліхава і К.А.Жэлабковіч, якія арганізавалі для настаўнікаў англійскай мовы адпаведныя майстар-класы. Вопыт сваёй дзейнасці па выкарыстанні ў адукацыйным працэсе вэб-сэрвісаў пры падрыхтоўцы вучняў да абавязковага экзамену па замежнай мове прадэманстравала настаўніца англійскай мовы сярэдняй школы № 7 Рэчыцы Гомельскай вобласці Н.М.Грыгор’ева.

Сэнсам выступлення прадстаўніка Магілёўскай вобласці настаўніка нямецкай мовы сярэдняй школы № 1 Асіповіч У.М.Паркалава стала дэманстрацыя шляхоў павышэння якасці моўнай і метадычнай падрыхтоўкі настаўніка замежнай мовы на аснове самаадукацыі. Уладзімір Міхайлавіч доказна прадэманстраваў уплыў выкарыстання створаных ім графічных вобразаў на якасць авалодання нямецкай мовай. Настаўніца англійскай мовы сярэдняй школы № 3 Віцебска Ірына Эдуардаўна Прызба, якая з’яўляецца і кіраўніком раённага метадычнага аб’яднання настаўнікаў замежных моў, паказала, як можна стымуляваць развіццё мысліцельнай дзейнасці вучняў з дапамогай арганізацыі інтэрактыўных форм работы. У яе стала традыцыяй разам з вучнямі 10 і 11 класаў раз у месяц праводзіць скайп-канферэнцыю на англійскай мове “Мае асабістыя кантакты”.
Зразумела, што асновай для арганізацыі вусных маўленчых зносін на замежнай мове з’яўляецца матывацыя, асабліва гэта тычыцца міжкультурнага ўзроўню. Вельмі дакладна, з дапамогай прыкладаў, пра фарміраванне матывацыі гаварыла настаўніца нямецкай мовы сярэдняй школы № 28 Гродна Т.Л.Смолка. Выступленне настаўніцы англійскай мовы гімназіі № 4 Брэста Т.У.Тарасенка было прысвечана фарміраванню гатоўнасці вучняў да спантаннага вуснага маўлення. Тут педагогу дапамагае арганізацыя актыўных форм работы на вучэбных занятках. Гэта дыскусіі, круглыя столы, дэбаты, брэйн-рынгі і інш. Канечне, арганізацыя такіх форм работы патрабуе сістэматычнай працы як з боку настаўніка, так і вучняў, але выніковасць такой дзейнасці дае магчымасць убачыць сапраўднае спантаннае маўленне вучняў.
На адным дыханні прайшоў майстар-клас настаўніцы англійскай мовы сталічнай гімназіі № 192 Н.А.Красоўскай. Кожны наступны ўрок Наталлі Алегаўны адрозніваецца ад папярэдняга, галоўнае, каб на вучэбных занятках удзельнікі адукацыйнага працэсу вялі размову на англійскай мове. Асаблівую ўвагу настаўніца ўдзяляе ўспрыманню маўлення на слых, для чаго падбірае аўтэнтычныя матэрыялы.
Другі дзень семінара было прапанавана правесці ў гімназіі № 24 Мінска, дзе педагогі змаглі пабыць на майстар-класе І.У.Зубрылінай. Інеса Уладзіміраўна праводзіла ўрок-падрыхтоўку да абавязковага выпускнога экзамену. У класе сядзелі вучні 10 класа. Пасля ўрока адбылася гутарка настаўніцы з удзельнікамі семінара, дзе падрабязна разбіралася мадэль правядзення вучэбных заняткаў. Як было адзначана, спланаваную і прадстаўленую на ўроку дзейнасць вучняў і настаўніцы можна лічыць узорнай. Фрагмент урока Інесы Уладзіміраўны (якая, дарэчы, уваходзіць у аўтарскі калектыў па распрацоўцы айчынных вучэбных дапаможнікаў для павышанага ўзроўню па англійскай мове) будзе размешчаны на сайце Акадэміі паслядыпломнай адукацыі.

Майстар-клас “Асаблівасці вучэбных заняткаў ва ўмовах падрыхтоўкі да абавязковага выпускнога экзамену па замежнай мове” і ўрок нямецкай мовы правяла настаўніца В.В.Негурэ, якая таксама з’яўляецца аўтарам айчынных вучэбных дапаможнікаў нямецкай мовы для павышанага ўзроўню.
Напрыканцы семінара адбыўся круглы стол “Напрамкі павышэння якасці валодання вучнямі іншамоўнай камунікатыўнай кампетэнцыяй”. Галоўны спецыяліст упраўлення агульнай сярэдняй адукацыі Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь А.А.Казючыц адказала на пытанні ўдзельнікаў семінара. Адбылася прадметная гаворка, якая яшчэ раз пацвердзіла, што галоўным напрамкам павышэння якасці валодання вучнямі іншамоўнай камунікатыўнай кампетэнцыяй з’яўляецца мэтанакіраваная праца настаўніка і вучняў: рашэнне камунікатыўных задач, вырашэнне сітуацый праз розныя актыўныя і інтэрактыўныя формы іншамоўнай маўленчай дзейнасці, выкарыстанне зместу нацыянальнага кампанента на мясцовым матэрыяле, удзел у замежных праектах сацыяльнага напрамку, якія арыентаваны на забеспячэнне дыялогу культур.
Да канца вучэбнага года засталіся лічаныя месяцы, таму падрыхтоўка да выпускнога экзамену па замежнай мове становіцца больш інтэнсіўнай. Білеты па замежнай мове застаюцца практычна тымі ж, што і ў мінулым годзе. Некаторыя змены прадугледжаны ў змесце тэкстаў. Але гэта тыя змены, якія адлюстроўваюць наяўнасць сучасных фактаў, напрыклад, заканчэнне будоўлі “Чыжоўка-Арэны”, поспехі беларускай зборнай на XXII зімняй Алімпіядзе ў Сочы і інш.
Разам з тым былі агучаны і пажаданні некаторых змен. Зразумела, што экзамен будзе (і павінен быць!) іншым у плане якасці адказаў выпускнікоў. Як адзначалася на семінары, вельмі прыемна было б убачыць відэазапіс экзамену, пачынаючы з таго, напрыклад, які настрой у выпускнікоў перад экзаменам і пасля яго. А можа і сапраўды хто з вучняў згадзіўся б, каб яго гутарку з экзаменацыйнай камісіяй запісалі на відэа? Напэўна, такое відэа з задавальненнем праглядзелі б бацькі, а праз год і самі выпускнікі, каб яшчэ раз адказаць на пытанне “У чым жа мне дапамагае валоданне замежнай мовай?”.

 

Падрыхтавала Вольга ДУБОЎСКАЯ.