Пачалася ўступная кампанія

- 10:02Якасць адукацыі

Амаль 77 тысяч удзельнікаў зарэгістравалася сёлета для праходжання цэнтралізаванага тэсціравання ў Беларусі. Уступныя іспыты праводзяцца ў адпаведнасці з зацверджаным графікам з 11 чэрвеня па 1 ліпеня па беларускай, рускай і замежных (англійскай, нямецкай, іспанскай, французскай, кітайскай) мовах, матэматыцы, фізіцы, хіміі, біялогіі, гісторыі Беларусі, сусветнай гісторыі найноўшага часу, грамадазнаўстве, геаграфіі ў 40 пунктах цэнтралізаванага тэсціравання. У першы дзень ЦТ будучыя студэнты і навучэнцы ўстаноў сярэдняй спецыяльнай адукацыі здавалі тэсціраванне па беларускай мове, сёння — па рускай мове.

Традыцыйна на рускую мову, а таксама на матэматыку рэгіструецца найбольшая колькасць абітурыентаў; бягучы год не стаў выключэннем — каля 64 і 42 тысяч чалавек адпаведна. Для параўнання: на іспанскую мову заяўлена 164 абітурыенты, 30 збіраюцца праходзіць тэсціраванне па кітайскай мове. Прыкметная тэндэнцыя ўступнай кампаніі — паступовае павышэнне ўзрос­тавай мяжы: поруч з сёлетнімі выпускнікамі ЦТ усё часцей здаюць прадстаўнікі розных пакаленняў. Усяго па краіне УВА разлічваюць прыняць амаль 55 тысяч першакурснікаў, каля 40 тысяч — установы сярэдняй спецыяльнай адукацыі. На ўзровень вышэйшай адукацыі I ступені прыём рыхтуюцца праводзіць 47 устаноў, з іх 42 — дзяржаўнай формы ўласнасці і 7 — прыватнай. За кошт сродкаў бюджэту плануецца прыняць каля 26,6 тысячы абітурыентаў, што на 0,7 працэнта перавышае план прыёму 2018 года.

Як паведаміў 11 чэрвеня на сустрэчы з журналістамі ў Віцебскім дзяржаўным універсітэце імя П.М.Машэрава старшыня дзяржаўнай камісіі па кантролі за ходам падрыхтоўкі і правядзення цэнтралізаванага тэсціравання і ўступных выпрабаванняў у 2019 годзе намеснік Прэм’ер-міністра Рэспублікі Беларусь Ігар Петрышэнка, пераважная частка абітурыентаў бу­дзе праходзіць ЦТ па 4 або 3 прадметах, што пашырае магчымасці выбару спецыяльнасці. На тэсціраванне заяўлена 76 888 удзельнікаў — на 7 працэнтаў менш, чым летась. Разам з тым чакаецца, што ў конкурсе прымуць удзел абітурыенты, якія атрымалі сертыфікаты ЦТ у 2018 го­дзе. Ігар Петрышэнка даў высокую ацэнку арганізацыі ўступных іспытаў у пунктах цэнтралізаванага тэсціравання.

— Створаны належныя ўмовы для таго, каб удзельнікі ЦТ маглі ў поўнай меры праявіць свае веды і адказаць на сфармуляваныя ў заданнях пытанні, якія знахо­дзяцца выключна ў межах школьнай праграмы, — адзначыў старшыня Дзяржаўнай камісіі. — Спадзяёмся, што паступяць найбольш дастойныя абітурыенты, сур’ёз­на матываваныя на атрыманне вышэйшай і сярэдняй спецыяль­най адукацыі. Па ўсіх тых прадметах, па якіх ажыццяўляецца тэсціраванне, у нас ёсць жадаючыя для таго, каб праявіць сябе ў прафесіі. Асаблівасць бягучага года — крыху знізілася патрэбнасць у спецыялістах юрыдычнага і эканамічнага профілю, адпаведна, скарэкціраваны набор. Затое на 650 месцаў ён павялічаны на запатрабаваныя спецыяльнасці — пераважна ІТ-сферы, медыцыны, фізічнага выхавання і спорту. Абітурыентам варта звярнуць асаблівую ўвагу і на перспектыўныя інжынерныя, будаўнічыя, аграрныя спецыяльнасці — запыт на іх на рынку працы таксама высокі. Да гэтых пытанняў падыходзім гнутка, разам з заказчыкамі і галінамі фарміруем план, распрацоўваем адпаведныя дакументы, каб навучыць студэнта неабходнаму і падрыхтаваць запатрабаванага спецыяліста. Уступная кампанія арганізавана і праходзіць нармальна, для забеспячэння роўных магчымасцей абітурыентаў наладжаны аб’ектыўны і строгі шматступеньчаты кантроль як на ўзроўні краіны і рэгіёнаў, так і непасрэдна ў кожнай установе сярэдняй спецыяльнай і вышэйшай адукацыі. Мы павінны выбраць самых дастойных і лепшых, хто паспяхова пройдзе выпрабаванне, атрымае прафесійную падрыхтоўку і будзе працаваць на развіццё нашай дзяржавы.

Асобна намеснік прэм’ер-міністра спыніўся на арганізацыі пражывання і навучання студэнтаў беларускіх УВА. Так, у мінулым годзе пабудаваны студэнцкія інтэрнаты на 1,2 і 1,8 тысячы месцаў у Мінс­ку, зараз у актыўнай стадыі аналагічнае будаўніцтва ў Гродне. У выніку ўзро­вень забяспечанасці студэнтаў месцамі ў інтэрнатах складзе 95 працэнтаў. Ігар Петрышэнка таксама праінфармаваў аб магчымых змяненнях у правядзенні будучых уступных кампаній, у прыватнасці, па парадку прыёму на завочнае навучанне і ўвядзення льгот для асобных катэгорый абітурыентаў.

Зарэгістравацца для ўдзелу ў цэнтралізаваным тэсціраванні ў рэзервовыя дні пры наяўнасці ўважлівай прычыны няяўкі можна будзе з 30 чэрвеня па 2 ліпеня. Адбудзецца яно 6, 8 і 10 ліпеня ў Беларускім дзяржаўным універсітэце.

Таццяна БОНДАРАВА.
Фота аўтара.