Пачалося цэнтралізаванае тэсціраванне

- 12:40Апошнія запісы

12 чэрвеня ў краіне пачалося цэнтралізаванае тэсціраванне. Традыцыйна першым абітурыенты здавалі экзамен па беларускай мове. Сёлета на гэты прадмет зарэгістраваліся амаль 25 тысяч чалавек.

Па запрашэнні Камітэта дзяржкантролю ў першы дзень ЦТ мы наведалі пункт тэсціравання ў Беларускім дзяржаўным універсітэце інфарматыкі і радыёэлектронікі. Сюды, каб падтрымаць абітурыентаў у такі важны момант, прыехаў і намеснік прэм’ер-міністра старшыня дзяржаўнай камісіі па кантролі за ходам падрыхтоўкі і правядзення ўступных выпрабаванняў ва ўстановах вышэйшай і сярэдняй спецыяльнай адукацыі Васіль Жарко. Ён пажадаў маладым людзям максімальна праявіць свае веды і стаць студэнтамі тых спецыяльнасцей, пра якія яны мараць.

Нагадаем: у гэтым годзе на цэнтралізаванае тэсціраванне зарэгістравалася 82 471 чалавек. Палова з іх маюць намер здаваць 4 тэсты. Каля 14% абітурыентаў выбралі для здачы дзве дзяржаўныя мовы.

14 чэрвеня абітурыенты выпрабуюць свае веды на ЦТ па рускай мове, на якое зарэгістраваліся амаль 67 тысяч чалавек.

Галіна СІДАРОВІЧ.
Фота Алега ІГНАТОВІЧА.