Пачаставаліся “абваранакамі”

- 9:55Нам пішуць

Вучні і настаўнікі сярэдняй школы № 7 Смаргоні зазірнулі ў мінулае сваёй маленькай радзімы, наведаўшы выставу “Смаргонь кірмашовая”, арганізаваную Смаргонскім гісторыка-краязнаўчым музеем.

Падчас выставы ўбачылі разнастайныя прадметы: гліняны посуд, (пазнаёміліся са спосабамі яго вырабу); прылады працы, якімі карысталіся нашы продкі, каб мяць лён, прасаваць адзенне (не толькі жалезнымі прасамі на вуглях), шыць абутак са скуры; прыгожа аздобленыя саматканыя вырабы (ручнікі, посцілкі). Колькі сіл, намаганняў, натхнення і творчасці патрабавала такая праца!

Экскурсавод падрабязна пазнаёміла са спосабам прыгатавання абаранак, ці “абваранак”, як іх тады называлі, якімі славілася Смаргонская зямля. “Абваранкі” (ад слова “абварыць”) рабілі ўручную. І, што самае цікавае, першапачаткова яны вырабляліся не для людзей, а для… мядзведзяў. З часам мучныя прысмакі ацанілі і людзі. І ўжо ў ХІХ стагоддзі пра смаргонскія абаранкі гаварылі не толькі ў Беларусі, але і за яе межамі.

А вось самай нечаканай падзеяй “кірмашу” стала сустрэча са скамарохам і мядзведзем. Скамарох цікава і падрабязна расказаў наведвальнікам пра славутую смаргонскую мядзведжую акадэмію, пра метады дрэсіроўкі мядзведзяў. Аказваецца, мядзведзіцы дрэсіроўцы не паддаюцца, а толькі мядзведзі, якім павінна быць да шасці месяцаў — не больш. Вучоны “акадэмік” паказаў, як вучні павольна ідуць у школу і як радасна вяртаюцца з яе, як дзяўчаты прыхарошваюцца перад люстэркам…

Выстава “Смаргонь кірмашовая” скончылася частаваннем “абваранкамі”.

Людміла ПАШКЕВІЧ,
настаўніца беларускай мовы і літаратуры сярэдняй школы № 7 Смаргоні.