“Мы адказваем за тое, чаму навучылі”, — пад такім дэвізам у канферэнц-зале Брэсцкага абласнога аб’яднання прафсаюзаў адбылася сустрэча маладых педагогаў горада над Бугам з прадстаўнікамі органаў кіравання адукацыяй, кіраўнікамі школ, дзіцячых садкоў, галіновай прафсаюзнай арганізацыі і ветэранамі педагагічнай працы. Мерапрыемства “Малады педагог: пачатак працоўнай дзейнасці” праходзіла ў фармаце адкрытага мікрафона па ініцыятыве гарадскога аддзела адукацыі, спорту і турызму, гаркама Беларускага прафсаюза работнікаў адукацыі і навукі пры ўдзеле саветаў ветэранаў працы і маладых педагогаў устаноў адукацыі Брэста.
На працягу трох гадзін удзельнікі сустрэчы шукалі адказ на пытанне, якім павінен быць сучасны малады педагог. Начальнік гарадскога аддзела адукацыі, спорту і турызму А.М.Наскоў расказаў, што ў абласным цэнтры дзейнічае 124 установы адукацыі, дзе працуе каля 6,5 тысячы педагогаў. “Іх паспяховасць залежыць ад адказнасці і працавітасці кожнага”, — упэўнены Анатоль Міхайлавіч.
— Патрабаванні да маладых педагогаў абумоўлены імклівым развіццём сучаснага свету, — заўважыла дырэктар сярэдняй школы № 22 Брэста С.Я.Ярмошык. — Толькі высокаадукаваны і высокаэрудзіраваны педагог можа выхаваць мэтанакіраваных і паспяховых вучняў. Галоўнае — не нашкодзіць, скіраваць патэнцыял кожнага дзіцяці ў карыснае рэчышча. Акрамя таго, малады педагог павінен умець аналізаваць уласную дзейнасць, крытычна ацэньваць яе. Асноўная задача — выпрацаваць асабісты педагагічны почырк і непахісную матывацыю да настаўніцкай работы.
Маладыя педагогі гаварылі не толькі пра поспехі, але і аб праблемах. Маналогі настаўнікаў былі даверлівымі і шчырымі:
— Адчуваю вялікае шчасце, што знайшла сябе ў любімай прафесіі.
— Дзеці чакаюць ад настаўніка не толькі ведаў, а найперш жывых зносін.
— Адчуваеш вялікую радасць, калі бачыш удзячныя вочы дзяцей.
— Заробак не асноўны матыў да добрай работы. Галоўнае — быць настаўнікам, які якасна выконвае даручаную справу.
— Хочацца часцей чуць парады ад вопытных калег.
Сваім бачаннем сучаснага маладога педагога падзяліліся школьнікі. На іх думку, малады настаўнік павінен крочыць у нагу з часам, даносіць вучэбны матэрыял у зразумелай форме, далучаць да карыснай дзейнасці, валодаць глыбокімі ведамі, быць сапраўдным сябрам, добрым і строгім адначасова, спагадлівым, справядлівым, прагрэсіўным, вясёлым, прыгожым, з пачуццём гумару.
А вось сённяшнія кіраўнікі школ прызналіся, што бачаць маладых педагогаў творчымі, цікавымі, шчырымі, тэхнічна дасведчанымі, зацікаўленымі, здольнымі да самаўдасканальвання і самаадукацыі, ініцыятыўнымі і назіральнымі. Маладыя настаўнікі павінны любіць дзяцей і імкнуцца да кар’ернага росту, вучыцца аддаваць і дарыць, а галоўнае, па-сапраўднаму ўлюбіцца ў школу і ўлюбіць у яе вучняў.
Старшыня гаркама галіновага прафсаюза І.А.Жак расказала аб ролі прафсаюзнай арганізацыі ў развіцці сацыяльнай актыўнасці маладых спецыялістаў. У горадзе створаны Савет маладых педагогаў устаноў адукацыі Брэста. Маладыя прафсаюзныя актывісты маюць магчымасць атрымаць вопыт кіраўніцкай дзейнасці, пабудаванай на прынцыпе калегіяльнасці, праз удзел у калектыўных перамовах і рабоце камісій, распрацоўку лакальных нарматыўных прававых актаў ва ўстановах адукацыі.
Сістэма прававога ўсенавуча накіравана на фарміраванне сацыяльнай кампетэнтнасці. Асаблівая роля адводзіцца прафсаюзным урокам па актуальных пытаннях працоўнага заканадаўства.
У рамках сумеснай дзейнасці Савета маладых педагогаў, раённых і гарадскога аддзелаў адукацыі, спорту і турызму адбыліся дзве сустрэчы маладых настаўнікаў Брэста і Партызанскага раёна Мінска, падчас якіх праходзіў абмен вопытам. Нядаўна стартаваў праект “Педагагічныя дынастыі Брэста”. Мэта праекта — прапаганда педагагічнай прафесіі, павышэнне яе прэстыжу, абагульненне перадавога педагагічнага вопыту.
Не засталіся ў баку ад абмеркавання тэмы сустрэчы і ветэраны педагагічнай працы — былыя кіраўнікі школ і аддзелаў адукацыі, спорту і турызму. Вопытныя калегі расказалі пра шлях у прафесію, падзяліліся рэцэптамі паспяховай педагагічнай дзейнасці і пажадалі маладой змене ўдачы і цярпення ў дасягненні прафесійных вышынь.
Сяргей ГРЫШКЕВІЧ.
Фота Генадзя ЖЫТКОВА, БелТА.