Пачэснае месца буквара

- 12:00Навіны рэгіёнаў

Бібліятэкі навучальных устаноў Гродзеншчыны папоўніліся ўнікальнай кнігай — факсімільным выданнем першага беларускага буквара, які быў выдадзены ў 1618 годзе.


Прэзентацыя першай у свеце кнігі пад назвай “Буквар” адбылася ў Гродзенскай абласной навуковай бібліятэцы імя Я.Ф.Карскага. Намеснік дырэктара Нацыянальнай бібліятэкі кандыдат культуралогіі Алесь Суша расказаў пра работу над гэтым праектам, пра змест буквара, пра меркаваных аўтараў. Так, у алфавіце буквара 1618 года прыводзяцца два “г” — фрыкатыўнае і выбухное. Ёсць і такі цікавы метадычны прыём — алфавіт даецца і ў адваротным парадку.

Да нашага часу захаваліся толькі два арыгінальныя экзэмпляры, якія знаходзяцца ў бібліятэках Англіі і Даніі. Некалькі гадоў заняла работа над стварэннем факсімільнага выдання буквара, і вось чытачы маюць магчымасць азнаёміцца з кнігай, па якой вучыліся чытаць дзеці чатыры стагоддзі назад.

Разам з букваром 1618 года, які напісаны на царкоўнаславянскай мове, бібліятэкі атрымалі яго пераклад на сучасную беларускую мову і зборнік навуковых даследаванняў па гэтай кнізе.

Алесь Суша адзначыў, што Нацыянальная бібліятэка Беларусі мае шырокі вопыт у рабоце над факсімільнымі выданнямі.

— Буквар сам па сабе невялічкая, сціплая кніжка. Узнікла пытанне, як жа паказаць яго значнасць, не мяняючы кнігу. Таму выданне дапоўнена перакладам на сучасную беларускую мову і кнігай з навуковымі даследаваннямі. Дзякуючы моцнай грамадскай падтрымцы, работа была праведзена на вельмі высокім узроўні. Перадалі ўсё: ад малюнкаў да драпін на лістах, — сказаў Алесь Суша.

Факсімільнае выданне атрымалі ўсе бібліятэкі Гродна і раёнаў вобласці, а таксама навучальных устаноў — трох гродзенскіх універсітэтаў, Гродзенскага абласнога інстытута развіцця адукацыі, гімназіі № 1 імя Я.Ф.Карскага Гродна, Путрышкаўскай сярэдняй школы Гродзенскага раёна, сярэдняй школы № 3 Слоніма, гуманітарнага кале-джа ГрДУ імя Янкі Купалы, Шчучынскай гімназіі.
Дырэктар навуковай бібліятэкі Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Янкі Купалы Мікалай Грынько расказаў, што прэзентацыю факсімільнага выдання буквара правядуць на ўсіх факультэтах падчас тыдня славянскай кнігі.

Надзея ВАШКЕЛЕВІЧ.
Фота аўтара.