Пачуць кожнага

Кодэкс аб адукацыі, адзіны экзамен, дыстанцыйнае навучанне. Усе гэтыя і шэраг іншых актуальных пытанняў у сістэме адукацыі краіны дэталёва абмяркоўваліся падчас візіту міністра адукацыі Ігара Карпенкі ў Горацкі раён Магілёўскай вобласці. Ігар Васільевіч падрабязна азнаёміўся з дзейнасцю навучальных устаноў рэгіёна, а таксама шчыра і адкрыта пагутарыў з мясцовым настаўніцтвам, студэнтамі і школьнікамі.

Змястоўная гутарка кіраўніка адукацыйнага ведамства з педагагічным актывам раёна адбылася ў Горацкім райвыканкаме. Падчас размовы акцэнт быў зроблены на новай рэдакцыі Кодэкса аб адукацыі. Міністр адзначыў, што зараз дакумент рыхтуецца да разгляду Палатай прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу ў другім чытанні.  

— Змены чакаюцца сур’ёзныя, але яны не рэвалюцыйныя, — падкрэсліў Ігар Карпенка.

Па яго словах, дакумент паспрабавалі разгрузіць ад жорсткай рэгламентацыі. Многае будзе аддадзена пад заканадаўчыя або ведамасныя нарматыўныя акты, што дазволіць больш хутка рэагаваць на змены, якія адбываюцца вакол нас, у сусветнай адукацыйнай сістэме. Згодна з абноўленым кодэксам, пэўныя паўнамоцтвы будуць дэлегаваны мясцовым органам кіравання адукацыяй, кіраўніцтву навучальных устаноў. Такі крок дазволіць аператыўна вырашаць асобныя пытанні на мясцовым узроўні. 

— Напрыклад, мы адыходзім ад нарматыўнай напаўняльнасці класаў. У хуткім часе вырашаць гэтае пытанне будзе заснавальнік і ўстанова адукацыі. Ёсць і іншыя моманты, якія магчыма вырашаць такім чынам, — адзначыў Ігар Васільевіч.

Сярод важных змен у новым кодэксе — абавязковая агульная сярэдняя адукацыя. Сёння ў моладзі ёсць магчымасці атрымаць яе праз сістэму ПТА, ССА, профільныя, базавыя ці вячэрнія класы, экстэрнат. 

— Па сутнасці гэтая норма замацоўвае тое, што на практыцы ўжо даўно ажыццёўлена. Такім чынам мы абараняем дзяцей, даём ім магчымасць адаптавацца да рынку працы. Акрамя таго, заканадаўчае замацаванне агульнай сярэдняй адукацыі дазволіць палепшыць пазіцыі ў міжнародных рэйтынгах, паспрыяе павышэнню ўзроўню і прэстыжу беларускай сістэмы адукацыі ў міжнароднай супольнасці, — падкрэсліў міністр. 

Яшчэ адзін важны прынцып, які заложаны ў новым кодэксе, — укараненне інклюзіі. Прычым інклюзія будзе разглядацца не толькі як работа з дзецьмі з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця, але і ў больш шырокім разуменні — як работа з рознымі катэгорыямі навучэнцаў: дзецьмі з розных сацыяльных груп, дзецьмі бежанцаў, нават адоранымі дзецьмі. Да кожнага дзіцяці будзе шукацца персаніфікаваны, індывідуальны падыход.

Падчас дыялогу горацкіх педагогаў асабліва цікавіла з’яўленне адзінага выпускнога экзамену (які будзе сумешчаны з ЦТ). Як ён будзе праходзіць, калі будзе ўведзены? Такія пытанні задавалі ўдзельнікі сустрэчы.

— Спачатку мы меркавалі, што адзіны экзамен будзе ўключаць у сябе здачу мовы па выбары і матэматыкі ў выглядзе тэсціравання плюс вусную здачу замежнай мовы. Але пасля апошніх нарад было прынята рашэнне пакінуць толькі два тэсты — мову па выбары і матэматыку. Укараненне цэнтралізаванага школьнага экзамену плануецца з 2023 года. Для яго правядзення будзе істотна пашырана колькасць пунктаў тэсціравання, будуць прадугледжаны рэзервовыя дні для здачы. Адзнака ў атэстат будзе выстаўляцца па сярэднім бале, які вылічваецца з бала за тэсціраванне і гадавой адзнакі. За гэта ў адпаведным апытанні выказалася каля 70% беларускіх настаўнікаў, і мы гэта пачулі, — адзначыў Ігар Карпенка.

Важнай для педагогаў стала навіна пра тое, што ўсе ўдзельнікі заключнага этапу рэспубліканскіх алімпіяд змогуць паступаць на навучанне ва УВА з прэферэнцыямі. Наогул, з канструктыўнай гутаркі горацкія настаўнікі шмат што пачарпнулі для сябе.

Другім пунктам у маршруце міністра адукацыі па Горацкім раёне стала Аўсянкаўская сярэдняя школа. Ігар Карпенка падрабязна азнаёміўся з матэрыяльнай базай установы, зазірнуў у класы, дзе пагутарыў з педагогамі і навучэнцамі. Не абышлося і без падарункаў. Ігар Васільевіч прэзентаваў калектыву школы спартыўны інвентар і кнігі для бібліятэкі.

Значна, што сёння па ўзроўні якасці арганізацыі адукацыйнага працэсу Аўсянкаўская школа ні ў чым не саступае гарадскім навучальным установам. Першага верасня яна расчыніла свае дзверы для навучэнцаў пасля працяглага капітальнага рамонту з элементамі мадэрнізацыі. 

Прафесійнаму выбару навучэнцаў школы спрыяе функцыянаванне профільнага класа аграрнай накіраванасці і заняткі ў рамках прадмета “Працоўнае навучанне”. Дарэчы, кабінет, дзе праходзяць заняткі для вучняў агракласа — асаблівая гордасць калектыву. Памяшканне аснашчана неабходным абсталяваннем, нагляднымі стэндамі, метадычнымі дапаможнікамі. А для адпрацоўкі навучэнцамі практычных навыкаў ва ўстанове нават ёсць уласны трактар. 

Добрае аснашчэнне кабінета стала магчымым дзякуючы падтрымцы з боку Беларускай сельскагаспадарчай акадэміі, якая аказвае школе дапамогу і ў правядзенні заняткаў. Але, як адзначылі педагогі, да зместу праграмы курса паранейшаму ёсць пытанні. Яны вырашаюцца, але пакуль яны ёсць.

Гэтая тэма ўздымалася і падчас сустрэчы міністра са студэнцкім актывам і педагагічнымі работнікамі БДСГА, калі размова ішла аб спосабах папулярызацыі сярод моладзі сельскагаспадарчых спецыяльнасцей. Па меркаванні Ігара Карпенкі, праблемныя моманты ў арганізацыі навучання ў агракласах трэба выпраўляць, бо сёння неабходна рыхтаваць матываваных абітурыентаў, якія мэтанакіравана прыйдуць у сельскагаспадарчыя УВА. 

— Мы гатовы ісці па шляху прадастаўлення абітурыентам дадатковых прэферэнцый. Напрыклад, пашырэння мэтавай падрыхтоўкі да 70% бюджэтных месцаў па сельскагаспадарчых спецыяльнасцях. Трэба таксама ствараць умовы для замацавання маладых спецыялістаў, больш плённа працаваць з заказчыкамі кадраў, — заўважыў Ігар Васільевіч.

Паводле яго слоў, новая рэдакцыя Кодэкса аб адукацыі прапануе новую мадэль заказу на падрыхтоўку кадраў і адпаведны фармат работы з заказчыкамі. Сярод важных змяненняў, якія закрануць функцыянаванне УВА, — двухступеньчатая сістэма падрыхтоўкі кадраў: бакалаўрыят са спецыялітэтам і магістратура, якая будзе навуковаарыентаванай. Выпускнікі платнай формы навучання змогуць атрымаць статус маладога спецыяліста, калі пойдуць працаваць па размеркаванні. А ў кіраўніцтва ўстаноў вышэйшай адукацыі будзе больш свабоды ў вырашэнні пэўных лакальных пытанняў. 

Студэнцтва акадэміі вельмі цікавіла меркаванне міністра наконт неабходнасці дыстанцыйнага навучання.

— Распрацоўваючы сваю платформу для дыстанцыйнага навучання, мы звярнуліся да настаўнікаў. І менавіта педагогі вырашалі, якой яна павінна быць. Разам мы зрабілі гібкую сістэму. Магчыма, яна атрымалася неідэальнай, але мы зыходзілі з нашых патрэб і абагульнілі лепшы педагагічны вопыт. Гэтая сістэма будзе ўдасканальвацца, аднак яна адназначна ніколі не возьме на сябе ўсіх функцый установы адукацыі, — лічыць Ігар Карпенка.

Адметна, што дыялог у сценах БДСГА, як і ў іншых установах раёна, быў працяглым і двухбаковым. Студэнты і выкладчыкі агучвалі хвалюючыя пытанні, выказвалі прапановы. І кожны быў пачуты. У гэтым і заключаецца мэта міністра падчас наведвання рэгіёнаў: пачуць педагагічную грамадскасць, абмяняцца думкамі, меркаваннямі, каб ведаць, чым жывуць настаўнікі і навучэнцы, а таксама ўбачыць знутры, з месцаў, дасягненні і праблемы сістэмы адукацыі.

Ганна СІНЬКЕВІЧ.
Фота аўтара.