Пачуць кожнага

- 15:57Адукацыйная прастора

У брэсцкай сярэдняй школе № 20 імя Героя Савецкага Саюза Д.М.Карбышава прайшоў Дзень сацыяльнага партнёрства з удзелам начальніка гарадскога аддзела па адукацыі А.М.Наскова, старшынь гаркама, абкама і ЦК Беларускага прафсаюза работнікаў адукацыі і навукі І.А.Жак, І.І.Васіленкі і Т.Р.Якубовіч.

Адкрываючы мерапрыемства, начальнік гарадскога аддзела па адукацыі А.М.Наскоў адзначыў, што паміж органамі кіравання адукацыяй і галіновым прафсаюзам склаліся даўнія партнёрскія адносіны, накіраваныя на вырашэнне агульных задач. Сёння ў Брэсце дзейнічаюць 128 устаноў адукацыі, дзе працуюць каля 5,6 тысячы педагогаў. Штогод на сістэму адукацыі расходуецца больш за 30% гарадскога бю­джэту. Сёлета — каля 40%.

Старшыня гаркама галіновага прафсаюза І.А.Жак расказала пра работу па забеспячэнні працоўных і сацыяльна-эканамічных правоў педагогаў. Ва ўстановах адукацыі горада створаны 138 пярвічных прафсаюзных арганізацый. Членамі прафсаюза з’яўляюцца амаль 12 тысяч чалавек (каля 98%).

Паміж гарадскім аддзелам па адукацыі, раённымі ўпраўленнямі па адукацыі і гарадской арганізацыяй прафсаюза заключана пагадненне на 2020—2022 гады, якое ўлічвае інтарэсы ўсіх бакоў у працоўных і сацыяльна-эканамічных адносінах. Калектыўныя дагаворы ўстаноў адукацыі прыведзены ў адпаведнасць з пагадненнем.

Асаблівай сацыяльнай абаронай карыстаюцца маладыя спецыялісты, для якіх прадугледжаны дадатковыя гарантыі: надбаўка за работу па кантракце, не ніжэйшая за 20% ад акладу, дадатковы заахвочвальны адпачынак, не меншы за 3 каляндарныя дні, надбаўка за высокія дасягненні ў працы ў памеры, не меншым за 30% ад акладу ў першыя 3 гады работы. Па рашэнні наймальніка стымулюючыя меры могуць устанаўлівацца на больш працяглы тэрмін.

Вялікая ўвага ўдзяляецца грамадскаму кантролю за выкананнем заканадаўства аб працы і яе ахове. Летась быў праведзены маніторынг 40 устаноў адукацыі. Парушэнні не выяўлены толькі ў 4 з іх.

На асаблівым кантролі — арганізацыя кантрактнай формы найму. Сёння па кантракце працуюць каля 86% работнікаў. Кантракты тэрмінам на год маюць 17% з іх, на 5 гадоў — каля 36%. Колькасць кароткатэрміновых кантрактаў скарачаецца.

Пры заключэнні кантрактаў уста­ноў­лены дадатковыя меры стымулявання працы: надбаўка, не меншая за 10% ад акладу, дадатковы заахвочвальны адпачынак, не меншы за 2 каляндарныя дні.

Гаркам прафсаюза кансультуе работнікаў па пытаннях выканання іх працоўных і сацыяльна-эканамічных правоў.

У цэнтры павышанай увагі — ахова працы. Ва ўстановах адукацыі створаны 118 грамадскіх камісій па ахове працы, выбраны 380 грамадскіх інспектараў. Летась яны правялі 1573 маніторынгі, па выніках якіх выяўлены 627 парушэнняў і выда­дзены 403 рэкамендацыі. Дзякуючы праведзенай рабоце, у мінулым годзе адсутнічалі няшчасныя выпадкі ва ўстановах адукацыі. Сярод лепшых грамадскіх інспектараў па ахове працы варта адзначыць А.А.Карловіч з сярэдняй школы № 8 імя Героя Беларусі У.М.Карвата, сярод лепшых грамадскіх камісій па ахове працы — камісію з гімназіі № 4, сярод лепшых прафсаюзных арганізацый па арганізацыі грамадскага кантролю за выкананнем заканадаўства аб ахове працы — пярвічку з ясляў-сада № 20.

Вялікая ўвага ўдзяляецца турыстычнай, аздараўленчай і інфармацыйнай рабоце, вучобе актыву. Пры гаркаме прафсаюза дзейнічаюць саветы маладых педагогаў і ветэранаў. Штогод праводзяцца адкрыты мікрафон “Малады педагог: пачатак працоўнай дзейнасці”, педагагічная гасцёўня “Працяг будзе?” і маладзёжны форум педагагічных ідэй і рашэнняў “Педагагічны фэст”. Разам з сацыяльнымі партнёрамі рэалізуюцца праекты “Педагагічныя дынастыі”, “Ганарымся гісторыяй, шануем сувязь пакаленняў”, “Брэст у маім фармаце”, “Маладзёжная арт-прастора” і інш.

Па словах І.А.Жак, нягледзячы на плённае сацыяльнае партнёрства, застаецца нявырашаным шэраг пытанняў, звязаных з заменай часова адсутных выхавальнікаў і адсутнасцю ў штатным раскладзе ўстаноў адукацыі спецыялістаў па кадрах.

Прыкладам эфектыўнага сацыяльнага партнёрства з’яўляецца сярэдняя школа № 20, якую ўзначальвае аўтарытэтны і вопытны кіраўнік І.Ф.Нікіфаравец. Адміністрацыя ўстановы заўсёды гатова да дыялогу, паважліва адносіцца да прапаноў прафсаюзнай арганізацыі, дапамагае вырашаць складаныя пытанні.

У аснове партнёрскіх адносін — забеспячэнне правоў работнікаў, стварэнне ўмоў для бяспечнай працы і аб’ектыўнасць яе ацэнкі. Прафкам школы актыўна ўдзельнічаў у распрацоўцы калектыўнага дагавора і ўзгадненні лакальных нарматыўных актаў.

Сярод актуальных праблем — рэгуляванне аплаты і ўмоў працы работнікаў і стварэнне аптымальнай сістэ­мы стымулявання працы. Большая частка грашовых сродкаў, выдатка­ваных для прэміравання, выкарыстоўваецца для заахвочвання настаўнікаў, якія падрыхтавалі пераможцаў абласных і заключных этапаў рэспубліканскіх алімпіяд, конкурсаў і спаборніцтваў, кіраўнікоў школьных і раённых вучэбна-метадычных аб’яднанняў і інш. Не застаюцца без увагі і педагогі — удзельнікі творчых конкурсаў і спартыўных спаборніцтваў.

Адміністрацыя школы разам з прафкамам удзельнічае ў абагульненні эфектыўнага педагагічнага вопыту настаўнікаў, атэставаных на вышэйшую кваліфікацыйную катэгорыю, разглядзе кандыдатур на ўзнагароджанне. Вялікая ўвага ўдзяляецца павышэнню кваліфікацыі. Дзякуючы сістэмнай рабоце па розных напрамках, школа штогод займае лідзіруючыя пазіцыі ў рэйтынгу агульнаадукацыйных устаноў Ленінскага раёна Брэста.

У цэнтры пастаяннай увагі — выкананне парадку заключэння і ажыццяўлення працоўных кантрактаў і дагавораў, правільнасць вядзення працоўных кніжак, устанаўленне рабочага часу і часу адпачынку, прадастаўленне дадатковых сацыяльных ільгот і гарантый, ахова працы, аздараўленне і інш. Традыцыйнымі сталі сумесныя святы, дні здароўя і іншыя мерапрыемствы. Не забываюць пра ветэранаў педагагічнай працы. Важны вынік сацыяльнага партнёрства — адкрыццё на базе школы музеяў.

Многія дасягненні немагчымы без старшыні пярвічнай прафсаюзнай арганізацыі настаўніцы пачатковых класаў І.Г.Бурштын, якая ўзначальвае яе ўжо 14 гадоў. У 20-й школе педагог і прафсаюзны лідар працуе з 1985 года. І.Г.Бурштын — гэта прыклад высокага прафесіяналізму і грамадскай актыўнасці, асабліва для мола­дзі. Запісаць дзяцей у клас да гэтага педагога імкнуцца многія баць­кі. Настаўніца адзначана граматамі Міністэрства адукацыі Беларусі і ЦК Беларускага прафсаюза работнікаў адукацыі і навукі.

У 2016 годзе прафсаюзная арганізацыя школы перамагла ў гарадскім этапе конкурсу “ПроДВИЖЕНИЕ”. Творчая група “Біруза” — пераможца конкурсу “Новыя імёны Беларусі” сярод устаноў адукацыі Брэста. Маладыя настаўніцы В.А.Стасюк і Н.Г.Шчэбет паспяхова выступілі ў маладзёжным форуме педагагічных ідэй і рашэнняў “Педагагічны фэст”. Школьная прафсаюзная арганізацыя — пераможца гарадскога этапу конкурсу на лепшы матывацыйны буклет пярвічкі.

Сёння ў ёй 139 чалавек. Членамі прафсаюза з’яўляюцца ўсе работнікі школы. І гэта нядзіўна. Для кожнага ва ўстанове створаны належныя ўмовы для прафесійнага і творчага росту, якія добра матывуюць.

У складзе прафкама — 9 самых актыўных членаў прафсаюза. Створаны 5 пастаянных грамадскіх камісій. 2—3 разы на месяц праходзяць пасяджэнні прафкама, на якіх абавязкова прысутнічае дырэктар школы. Сумесна вырашаюцца пытанні дысцыпліны, аховы працы, адпачынку і аказання матэрыяльнай дапамогі, абмяркоўваюцца стымулюючыя выплаты. Уважліва вывучаюцца патрэбы і праблемы кожнага члена калектыву. Усе пункты калектыўнага дагавора выконваюцца бездакорна.

На рахунку прафкама шмат цікавых і карысных мерапрыемстваў. Члены ветэранскай арганізацыі, на чале якой знаходзіцца Н.М.Кузьміна, актыўна ўдзельнічаюць у прафесійным станаўленні маладых педагогаў, патрыятычным і духоўна-маральным выхаванні моладзі, прафарыентацыйнай рабоце, уроках пакаленняў і інш.

На працягу многіх гадоў школа адзначаецца дыпломамі раённага аддзела па адукацыі як лепшая ўстанова адукацыі ў намінацыі “Якасць адукацыі”. Гэта заслуга кожнага члена калектыву.

Наладжана цеснае ўзаемадзеянне з гаркамам прафсаюза. Яго старшыня І.А.Жак — часты і жаданы госць у школе. З боку гаркама адчуваецца вялікая падтрымка і метадычная дапамога.

Старшыня ЦК галіновага прафсаюза Т.Р.Якубовіч расказала пра асноўныя напрамкі яго дзейнасці і актуальныя праблемы, работу па распрацоўцы законапраектаў. Сёння членамі прафсаюза з’яўляюцца каля 610 тысяч чалавек. У краіне дзейнічаюць 6980 пярвічных прафсаюзных арганізацый.

Т.Р.Якубовіч падзякавала сацыяльным партнёрам за плённае супрацоўніцтва: “Органы ўлады і прафсаюза нацэлены на канструктыўны дыялог. Толькі сумеснымі намаганнямі можна вырашыць агульныя задачы. Аснова паспяховай работы — пачуць кожнага”.

Сяргей ГРЫШКЕВІЧ.