Пачуццё прафесійнага поспеху

- 11:31Якасць адукацыі

Конкурс прафесійнага майстэрства — гэта не проста выпрабаванне ўменняў, гэта яшчэ і адзін з інструментаў развіцця важных прафесійных кампетэнцый, павышэння матывацыі да навучання. Таму такія конкурсы становяцца важнай часткай вучэбнага і выхаваўчага працэсу ва ўстановах прафесійнай адукацыі. Напрыклад, у Індустрыяльна-педагагічным каледжы, што ў Мінску, адкрыты конкурс прафесійнага майстэрства стаў традыцыйным і праводзіцца штогод.

У каледжы конкурс прафмайстэрства праводзіцца ўжо больш за 10 гадоў. З часу, калі наша краіна далучылася да міжнароднага руху WorldSkills, конкурс праводзіцца з выкарыстаннем элементаў стандартаў гэтага руху.

— Правядзенне конкурсаў прафесійнага майстэрства дапамагае паспяхова вырашаць задачы павышэння якасці падрыхтоўкі спецыялістаў, дае магчымасць ацаніць творчы і прафесійны патэнцыял навучэнцаў, павышае канкурэнтаздольнасць выпускнікоў на рынку працы, — адзначае Аляксей Маратавіч Маслан, дырэктар філіяла РІПА “Індустрыяльна-педагагічны каледж”. —  Для навучэнцаў гэта магчымасць аб’ектыўна ацаніць свае сілы і магчымасці, удасканальвацца ў выбранай прафесіі. Пачуццё прафесійнага поспеху з’яўляецца вядучым эмацыянальным кампанентам матывацыйнай гатоўнасці да прафесійнай дзейнасці.

Кіраўнік каледжа таксама адзначае, што такія мерапрыемствы дазваляюць работадаўцам знайсці для сябе таленавітыя кадры, таму на конкурсы абавязкова запрашаюць заказчыкаў кадраў. Так і ў гэтым годзе ў якасці ганаровых гасцей і незалежных экспертаў на конкурс запрасілі прадстаўнікоў кампаній — сацыяльных партнёраў кале­джа, такіх як Rehau, Knauf, Storch, Fesool, Premium airless, Premium decor, Бросна Сіці, МАВ, Алютэх Варотныя Сістэмы, Элвістан, БелСваМо, AlcaPlast. Сацыяльныя партнёры дапамаглі абсталяваць конкурсныя пляцоўкі.

Сёлета конкурс прафесійнага майстэрства праводзіўся па васьмі кампетэнцыях. За права стаць лепшымі спаборнічалі 44 навучэнцы Індустрыяльна-педагагічнага каледжа, а таксама навучэнцы ўстаноў прафесійнай адукацыі Мінска і Пінска. Свае навыкі яны маглі дэманстраваць у добрых умовах: у распараджэнні канкурсантаў была база вучэбных майстэрань рэсурснага цэнтра каледжа, дзе сабрана сучаснае абсталяванне.

Выкананне работ па кампетэнцыях прадугледжвала два этапы: тэарэтычны і практычны. На тэарэтычным этапе навучэнцы рашалі тэсты, адказвалі на пытанні пра бяспечныя ўмовы працы, матэрыялы і тэхналогіі выканання работ. На практычным — самастойна выконвалі пэўнае заданне. У адпаведнасці з заданнямі канкурсанты абліцоўвалі мазаікай з керамічнай пліткі вертыкальныя паверхні, манціравалі халодны і гарачы водаправод,  выраблялі дзіцячыя крэселцы, стваралі каляровую жорсткую фрэску, збіралі канструкцыі з гіпсакардону і інш.

Па выніках конкурсу пераможцам у кампетэнцыі “Сухое будаўніцтва і тынкавальныя работы” стаў Максім Варажбіт, у кампетэнцыі “Сантэхніка і ацяпленне” — Мірон Кузьмічоў. У сталярнай і цяслярскай справе не было роўных Уладзіславу Арцюху, у каменных работах — Сяргею Каваленку. У кампетэнцыі “Малярныя і дэкаратыўныя работы” першае месца раздзялілі Вікторыя Гарбузава і Ягор Галадок. У кампетэнцыі “Электрамантаж” лідарам стаў Юрый Мацвееў, у кампетэнцыі “Зварачныя тэхналогіі” — Арцём Кірэеў, у кампетэнцыі “Абліцоўванне пліткай” — Дзмітрый Рабушка.

Конкурс стаў яшчэ і прафарыентацыйным мерапрыемствам: падчас яго правядзення каледж наведалі школьнікі — патэнцыяльныя абітурыенты каледжа, а таксама навучэнцы некалькіх устаноў прафесійна-тэхнічнай адукацыі, якія могуць прадоўжыць навучанне на ўзроў­ні сярэдняй спецыяльнай адукацыі ў Індустрыяльна-педагагічным каледжы. Госці пазнаёміліся з матэрыяльна-тэхнічнай базай установы, даведаліся аб спецыяльнасцях і рабочых прафесіях, па якіх ажыццяўляецца навучанне. Для іх былі падрыхтаваны цікавыя майстар-класы па выпальванні, роспісе па дрэве, стварэнні дэкаратыўнага пано з пліткі і інш.

Работадаўцы сёння чакаюць, што да іх прыйдуць работнікі, якія не толькі валодаюць пэўным наборам уменняў, але таксама гатовы прымаць рашэнні ў нестандартных сітуацыях, эфектыўна выконваць прафесійныя заданні. Установы прафесійнай адукацыі менавіта такіх выпускнікоў імкнуцца рыхтаваць. І конкурсы дапамагаюць з вырашэннем гэтай задачы. Рыхтуючыся да конкурсаў, навучэнцы ўдасканальваюць сваё майстэрства, а падчас удзелу вучацца аператыўна вырашаць узніклыя праблемы, творча падыходзіць да справы, прэзентаваць сябе. А далей конкурсныя поспехі ператвараюцца ў поспехі прафесійныя. 

Дар’я РЭВА.
Фота прадастаўлена Індустрыяльна-педагагічным каледжам.