Пачынаем са школьнага двара

- 11:27Адукацыйная прастора

Новыя магчымасці для заняткаў спартыўным арыентаваннем з’явіліся ў Гродне. На базе Гродзенскага дзяржаўнага абласнога палаца творчасці дзяцей і моладзі пачаў дзейнічаць рэсурсны цэнтр па гэтым відзе спорту.

— Такі від актыўнай дзейнасці папулярны сярод дзяцей у нашым рэгіёне, — гаворыць дырэктар палаца Таццяна Асмалоўская. — У 105 аб’яднаннях па інтарэсах гэтага кірунку займаецца ў сістэме дадатковай адукацыі каля тысячы дзяцей. У рэсурсны цэнтр можа прыйсці кожны жадаючы і атрымаць метадычныя рэкамендацыі, азнаёміцца з дасягненнямі спартсменаў.

Разам з Таццянай Вітальеўнай першую экскурсію па новым рэсурсным цэнтры правёў кандыдат педагагічных навук дацэнт кафедры спартыўных дысцыплін Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Янкі Купалы Эдвард Ародзь, які з’яўляецца намеснікам старшыні Беларускай федэрацыі арыентавання.

— У мяне былі дзве мары: правесці ў Гродне буйныя міжнародныя спаборніцтвы і адкрыць рэсурсны цэнтр, — гаворыць Эдвард Станіслававіч. — І яны здзей­сніліся. Летам у Гродне адбыўся чэмпіянат Еўропы сярод юнакоў, і вось створаны рэсурсны цэнтр па спартыўным арыентаванні, што дазволіць павысіць цікавасць да яго.

У рэсурсным цэнтры багаты выбар метадычнай літаратуры і дапаможнікаў, ёсць тэсты, прадстаўлена калекцыя ўзнагарод гродзенскіх спартсменаў — кубкі, медалі. А пачынаць спартыўнае арыентаванне можна са школьнага двара. Для кожнай навучальнай установы горада створаны карты, з дапамогай якіх дзеці могуць рабіць першыя крокі ў гэтым відзе спорту.

Пра важнасць для здаровага ладу жыцця заняткаў па спартыўным арыентаванні гаварылі і ўдзельнікі V Міжнароднай навукова-практычнай канферэнцыі “Арыентаванне ў Беларусі: перспектывы развіцця і міжнароднае супрацоўніцтва”. Удзел у канферэнцыі прынялі настаўнікі фізічнай культуры і здароўя, студэнты, выкладчыкі гродзенскіх універсітэтаў, госці з Украіны, Польшчы, Літвы,  якія падзяліліся вопытам работы з моладдзю, арганізацыі і правядзення спаборніцтваў.

Настаўніца гімназіі № 10 Гродна Святлана Ленкавец расказала пра рэалізацыю кампетэнтнаснага падыходу на факультатыўных занятках “Гадзіна здароўя і спорту” з дапамогай навучання спартыўнаму арыентаванню. Была прадстаўлена інфармацыя аб выкарыстанні гісторыка-культурнай спадчыны Гродзенскага раёна пры правядзенні спаборніцтваў па  гэтым відзе спорту і аб педагагічным патэнцыяле заняткаў спартыўным арыентаваннем, зроблены аналіз кампетэнцый у спартыўным арыентаванні настаўнікаў фізічнай культуры і здароўя, прадстаўлена бачанне гэтага віду спорту як варыятыўнага кампанента вучэбнага прадмета “Фізічная культура і здароўе” ва ўстановах агульнай і сярэдняй адукацыі.

Ішла размова і пра вопыт правядзення спаборніцтваў і рэалізацыю  праекта міжнароднай тэхнічнай дапамогі БЕЛМЕД “Арыентаванне на здаровы лад жыцця”, які накіраваны на прасоўванне гэтага віду спорту ў Гродзенскай вобласці.

Прагучала прапанова аб уключэнні спаборніцтваў па арыентаванні ў праграмы раённых, гарадскіх і абласных спартыўных мерапрыемстваў.

Надзея ВАШКЕЛЕВІЧ.
Фота аўтара.