Пачынаецца выбудоўванне правільнай сістэмы ўладальніцкага нагляду

- 14:58Інфармацыйная гадзіна

Урад прадоўжыць працаваць над раздзяленнем функцый дзяржавы як рэгулятара і ўласніка, заявіў Прэм’ер-міністр Беларусі Сяргей Румас на семінары па пытаннях карпаратыўнага кіравання ў Банку развіцця.

Сёння ва ўласнасці дзяржавы знаходзяцца акцыі 1869 акцыянерных таварыстваў. У амаль 1,5 тысячы таварыстваў дзяржаве нале­жыць кантрольны пакет. “Гэтыя таварыствы фарміруюць палову ВУП краіны. Але калі мы пагля­дзім на якасны складнік, то ўбачым, што лічбы адрозніваюцца, але прадукцыйнасць працы ў акцыянерных таварыствах, дзе кіруе дзяржава, у сярэднім у 1,5 разу ніжэйшая, чым у прыватных”, — сказаў Сяргей Румас.

Прэм’ер-міністр звярнуў увагу, што новы склад урада з першага дня выношваў ідэю пабудовы карпаратыўнага кіравання ў таварыст­вах з доляй дзяржавы. З выхадам Указа № 125 “Аб прадстаўніках дзяржавы” фактычна пачынаецца выбудоўванне правільнай сістэмы ўладальніцкага нагляду, адзначыў кіраўнік урада.

Рашэнні аб назначэнні прадстаўнікамі дзяржавы вышэйшых службовых асоб, членаў Савета Міністраў і іх намеснікаў у буйных акцыя­нерных таварыствах з доляй дзяржавы ў статутных фондах — гэта толькі першы крок. На думку Сяргея Румаса, не трэба чакаць вельмі хуткіх аўтаматычных паляпшэнняў у рабоце такіх акцыянерных таварыстваў, тым не менш гэта можна параўнаць з правіламі дарожнага руху — хоць іх устанаўленне не дае магчымасці цалкам пазбавіцца аварый, але карысць відавочная. “З прыняццем правіл мы пачынаем выбудоўваць сістэму кіравання гаспадарчымі таварыствамі ўласнікам, у гэтым выпадку — дзяржавай, з паступовым адыходам ад ручнога кіравання”, — заўважыў кіраўнік урада.

У асоб, вызначаных у якасці прадстаўнікоў дзяржавы, ёсць пытанні аб парадку ўзаемадзеяння з органамі ўладальніцкага нагляду, паўнамоцтвах і адказнасці. Цяперашняе палажэнне аб прадстаўніках дзяржавы і органах кіравання гаспадарчых таварыстваў не ўлічвае ўсе асаблівасці работы вышэйшых службовых асоб.

“Мы ва ўрадзе ўсведамляем, што гэта абсалютна справядлівая заўвага, Дзяржкаммаё­масць завяршае работу над унясеннем змяненняў у палажэнне. Галоўная навацыя па­становы — вышэйшыя службовыя асобы не будуць звязаны рашэннямі органа ўладальніцкага нагляду, гэта значыць таго міністэрства, якое арганізуе ўладальніцкі нагляд”, — сказаў Сяргей Румас. “Прынятае рашэнне з’яўляецца чарговым крокам на шляху раздзялення функцый дзяржавы як уласніка і рэгулятара”, — дадаў ён.

Міністэрству фінансаў і Банку развіцця, Дзяржкаммаёмасці даручана арганізаваць вучэбныя семінары па пытаннях карпаратыўнага кіравання.