Пачынаючы з сябе

Калі любіць сваю работу, тую справу, якую робіш штодня, то любыя планы ператворацца ў вынік, праблемы — у рашэнні, ідэі — у рэальнасць. У гэтым пераканана начальнік аддзела дашкольнай і пачатковай адукацыі МДАІРА Жанна Міхайлаўна Грыбанава.

— Для чалавека вельмі важна правільна выбраць свой прафесійны шлях. Я ў свой час не памылілася з выбарам. Справа, якой займаюся, мне па душы, таму задачы, якія стаўлю перад сабой і сваім калектывам, заўсёды вырашальныя, — расказала Жанна Міхайлаўна.

На яе думку, ад дашкольнай адукацыі шмат у чым залежыць далейшае развіццё чалавека, таму Ж.М.Грыбанава заўсёды арыентуе педагагічныя калектывы ўстаноў дашкольнай адукацыі рэгіёна на рознабаковае развіццё асобы кожнага дзіцяці ў адпаведнасці з яго ўзроставымі і індывідуальнымі магчымасцямі, здольнасцямі і патрэбамі.

Дзякуючы намаганням метадыстаў аддзела дашкольнай і пачатковай адукацыі, курсы павышэння кваліфікацыі для педагагічных работнікаў гэтага профілю арганізуюцца на высокім метадычным узроўні. Усе навучальныя мерапрыемствы носяць практыка-арыентаваны характар, вызначаюцца актуальнасцю тэм, накіраваныя на выкананне запытаў бацькоў і педагогаў.

— Наш аддзел імкнецца да таго, каб за кароткі перыяд часу на павышэнні кваліфікацыі педагогі сапраўды змаглі істотна павысіць сваё прафесійнае майстэрства. Для гэтага пастаянна ўдасканальваем формы метадычнай работы. Апошнім часам мэтанакіравана выкарыстоўваем у навучанні магчымасці розных электронных сэрвісаў. Даволі часта праводзім праблемныя семінары і вэбінары, арганізуем розныя конкурсы, фестывалі. Усе гэтыя формы вельмі матывуюць педагогаў, кіраўнікоў устаноў на творчы пошук, прафесійны рост, — адзначыла Жанна Міхайлаўна.

Інавацыйныя падыходы метадыстаў даюць адпаведныя вынікі. Сістэма дашкольнай адукацыі Магілёўскай вобласці адрозніваецца дынамізмам развіцця, варыятыўнасцю арганізацыйных форм, гібкім рэагаваннем на патрэбы грамадства. За апошні час у рэгіёне значна павялічылася колькасць выхавальнікаў дашкольнай адукацыі з вышэйшай кваліфікацыйнай катэгорыяй.

— Мы дасягнулі пэўных вынікаў, але працягваем працаваць над удасканаленнем сістэмы павышэння прафесійнай кампетэнтнасці педагогаў-дашкольнікаў, — падкрэсліла Ж.М.Грыбанава.

Адметна, што, ставячы мэты, начальнік аддзела дашкольнай і пачатковай адукацыі МДАІРА прывыкла рэалізоўваць іх пачынаючы з сябе. Жанна Міхайлаўна сама бесперапынна займаецца самаадукацыяй, удзельнічае ў розных канферэнцыях, семінарах, практыкумах, пераймае перадавы педагагічны вопыт, а потым актыўна яго трансліруе. У дапамогу педагогам-дашкольнікам Ж.М.Грыбанава склала шэраг метадычных рэкамендацый і вучэбна-метадычных дапаможнікаў, а летась разам з калегамі стала ўдзельнікам распрацоўкі інавацыйнага праекта “Укараненне комплексу лічбавых рэсурсаў бесперапыннага прафесійнага развіцця выхавальнікаў дашкольнай адукацыі ва ўмовах узаемадзеяння ўстаноў адукацыі”. Праект быў зацверджаны Міністэрствам адукацыі і зараз планамерна рэалізуецца.

— У нашага аддзела шмат планаў. Але галоўнае, да чаго мы імкнёмся, — “апынуцца ў часе”, даваць педагогам сапраўды актуальныя веды, знаёміць іх з самымі перадавымі дасягненнямі і тэхналогіямі, якія дапамогуць ім паляпшаць якасць дашкольнай і пачатковай адукацыі рэгіёна, — падкрэсліла Ж.М.Грыбанава.

Ганна СІНЬКЕВІЧ.
Фота аўтара.