Пад брэндам ліцэйскім

Запытайцеся сёння ў любога матываванага старшакласніка, якія навучальныя ўстановы краіны ён лічыць самымі прэстыжнымі і ў якіх хацелася б вучыцца. Несумненна, у яго адказе абавязкова пачуеце: Ліцэй БДУ. Гэта ўстанова, якую адрознівае бездакорная рэпутацыя, высокія конкурсы на паступленне (летась конкурс склаў амаль 7 чалавек на месца), бліскучыя поспехі навучэнцаў на інтэлектуальных спаборніцтвах самых розных узроўняў. Бягучы год для ліцэя — юбілейны, не так даўно ён адзначыў трыццацігоддзе. Пра тое, што робіць ліцэй унікальным і дазваляе заставацца прэстыжнай навучальнай установай у адукацыйнай прасторы краіны, якія магчымасці сёння адкрывае навучэнцам і якія планы ставіць на перспектыву, мы гутарым з дырэктарам Ліцэя БДУ Ігарам Мікалаевічам ВАРАКСАМ.

— Ігар Мікалаевіч, назавіце, калі ласка, асноўныя трэнды, якія вызначаюць развіццё вашай установы адукацыі.

— Адным з асноўных трэндаў з’яўляецца прафілізацыя. Ліцэй БДУ быў першаадкрывальнікам профільнай адукацыі ў Беларусі. Пасля пераходу на адзінаццацігадовае навучанне ў 2008 годзе мы вярнуліся да чатырох кірункаў: фізіка-матэматычнага, хіміка-біялагічнага, філалагічнага, гісторыка-грамадазнаўчага. З аднаго боку, здаецца, нічога не памянялася: сваіх вучняў ліцэй прымае пасля 9 класа, для пераможцаў заключнага этапу рэспубліканскай алімпіяды дзверы адчынены без экзаменаў, астатнім трэба прайсці выпрабаванні па 2 прадметах у залежнасці ад профілю. Кожны год мы набіраем 12 класаў, вучацца 528 дзяцей. А з іншага боку, змены істотныя. У цяперашні час навучанне ажыццяўляецца па 8 профілях: фізічным, матэматычным, інфарматыка-матэматычным, хімічным, біялагічным, філалагічным, гуманітарным, гісторыка-грамадазнаўчым. У наступным навучальным го­дзе з’явяцца лінгвістычны, эканамічны і інфарматыка-фізічны профілі. Вялікая колькасць профіляў дазваляе вучням знайсці сябе і самарэалізавацца.

Наступны трэнд — захаванне і пашырэнне сувязей, якія склаліся гістарычна, з Белдзяржуніверсітэтам. Большая частка выпускнікоў ліцэя паступае ў БДУ. Доля супрацоўнікаў БДУ, якія працуюць у ліцэі, складае каля 20%. Кожны факультэт, а іх ва ўніверсітэце больш за 20, ведае, дзе знаходзяцца іх патэнцыяльныя абітурыенты. І такая разнастайнасць дазваляе наладжваць сувязі паміж профілямі і факультэтамі, захоўваць пераемнасць навучання. Мы зараз цесна працуем з біялагічным факультэтам, дзе ў хуткім часе плануецца ўвесці спецыяльнасць “Біяінфарматыка”, а гэта значыць, магчыма, і ў нас з’явіцца інфарматыка-біялагічны профіль.

Яшчэ адзін трэнд — арганізацыя дыстанцыйнага навучання. Распрацаваныя выкладчыкамі ліцэя курсы прызначаны як для арганізацыі заняткаў ліцэістаў (напрыклад, курсы ў відэафармаце настаўніка фізікі Л.Р.Марковіча), так і для абітурыентаў, для абагульнення іх ведаў і падрыхтоўкі да ЦТ альбо да алімпіяд. Сервер дыстанцыйнага навучання існуе і развіваецца ў нас з 2003 года. Зараз мы пераводзім яго на іншую версію, якая дазволіць пашырыць існуючыя магчымасці.

— Якімі дасягненнямі ліцэй ганарыцца?

— Нам сапраўды ёсць чым ганарыцца. Ліцэй выступае ў заключным этапе рэспубліканскай алімпіяды асобнай камандай побач з абласцямі. На апошнім этапе навучэнцы штогод заваёўваюць больш за 60 дыпломаў.  Кожны год 40—45% медалёў, атрыманых навучэнцамі нашай краіны на міжнародных прадметных алімпіядах, заваёўваюць выпускнікі ліцэя. Усяго на міжнародных спаборніцтвах школьнікаў, якія праходзілі ў 62 краінах, ліцэісты заваявалі 220 медалёў, з іх 29 — толькі за апошнія гады. Гэта вялікая праца і дасягненне як вучняў, так і іх педагогаў.

Па даных РІКВ, ліцэй з’яўляецца лепшай установай краіны па выніках цэнтралізаванага тэсціравання. Летась сярэдні бал, атрыманы ліцэістамі, вар’іраваўся ад 78,4 па гісторыі Беларусі да 92,8 па нямецкай мове. Кожныя дзясятыя 100 балаў на ЦТ бяруць ліцэісты. Дарэчы, ліцэй — самы папулярны пункт рэпетыцыйнага тэсціравання ў Мінску, у 2018/2019 годзе ў ім прайшлі 57% удзельнікаў РТ у Мінску.

Яшчэ адно значнае дасягненне — арганізацыя пазабю­джэтнай дзейнасці. На падрыхтоўчых курсах вучацца больш за 1000 навучэнцаў. Даходы ад пазабюджэтнай дзейнасці ў 2019 годзе перавысілі 1 млн рублёў. Гэта сапраўды вельмі высокае дасягненне для ўстановы агульнай сярэдняй адукацыі.

Акрамя таго, мы займаемся выдавецкай дзейнасцю. І сёлета гадавы тыраж вучэбных дапаможнікаў для падрыхтоўкі да ЦТ і паступлення ў ліцэй склаў 8200 экзэмпляраў. Выкладчыкі ўстановы з’яўляюцца аўтарамі падручнікаў па фізіцы (10 і 11 класы), хіміі (10 клас) і інфарматыцы (6—11 класы).

— Назавіце, калі ласка, тры рэчы ў ліцэі, якія асабліва вам падабаюцца.

— Ліцэй — такое месца, куды ты трапляеш і сыходзіць адсюль зусім не хочацца. Калі ты знаходзіш сябе, рэалізуешся, незалежна ад таго, кім ты з’яўляешся і што робіш, — гэта класна. Ліцэй — гэта незабыўная атмасфера і шматлікія традыцыі. І разам з гэтымі традыцыямі з пакалення ў пакаленне перадаецца і жыве ліцэйскі дух, які пачынаеш адчуваць, калі ўпершыню чуеш: “Добрай раніцы!”

Ліцэй — гэта людзі, з якімі добра працаваць, якія здольны абуджаць у душы ліцэістаў агеньчык дапытлівасці і імкненне даведацца пра ўсё. У кнізе “Прынцыпы” Рэй Даліа адказвае на пытанне: чаму людзі працуюць разам? Па-першае, таму што яны могуць дасягнуць разам большага, чым кожны па-асобку, і ліцэй сапраўды дае гэтыя магчымасці. Па-другое, ім адно з адным камфортна, гэта суполка аднадумцаў, прафесіяналаў, якія разам робяць агульную справу. Па-трэцяе, іх аб’ядноўвае адпаведны заробак, бо ў кожнага ёсць сем’і, дзеці. І мне падаецца, што гэтыя тры рэчы ў ліцэі добра спалучаюцца.

— Ігар Мікалаевіч, вы ўжо шмат гадоў у педагогіцы: заўважаеце, як мяняюцца навучэнцы? Старшакласнікі ўжо зусім іншыя і адрозніваюцца ад тых, якія былі ў нашы школьныя гады. Што сёння хочуць ад ліцэя дзеці і што ліцэй хоча ад іх?

— Дзеці заўсёды дзеці. Зараз вучні больш прагматычныя, аднак, магчыма, менавіта бацькі іх робяць такімі. Так, бацькі хвалююцца і хочуць, каб у дзяцей была лепшая будучыня. Я адношуся да пакалення 90-х і мяне паступленне ніколькі не турбавала аж да падачы дакументаў. Мяне цікавіла фізіка, спаборніцкі дух, хацеў перамагчы на рэспубліканскім турніры юных фізікаў, паехаць на міжнародны турнір і там дасягнуць поспеху. І свабода ад думак пра паступленне дазваляла прыкладаць шматлікія намаганні для перамогі на алімпіядзе, на турніры і г.д. Магчыма, мы былі такімі, бо ў нас не было гаджэтаў. А зараз на турніры, фізбаі ў вучняў проста не застаецца часу: ты пазаймаўся, а табе яшчэ неабходна ў сацсетках пабыць. І часу на творчасць часта не застаецца.

Сучасныя дзеці — вельмі адкрытыя, зараз яны не бу­дуць рабіць тое, што ім не падабаецца, праз сілу. Я мог патраціць час і прачытаць трохтомны твор за адну ноч, бо так было трэба. Зараз жа дзеці на такія подзвігі не здольныя. Але, з іншага боку, у іх усё добра з матывацыяй: калі ім што-небудзь трэба, то яны гэтага абавязкова дасягаюць. Таму ўсё гэта ўлічваецца пры арганізацыі адукацыйнага працэсу.

— Якія ў вашай установе адносіны да гаджэтаў? На вашу думку, яны спрыяюць альбо перашкаджаюць рабоце?

— Трэба ўсё рабіць асэнсавана. Калісьці ў 2011—2013 гадах мы рабілі эксперымент па ўкараненні рыдараў у адукацыйны працэс. У выніку іх выкарыстанне сапраўды дало плён: дзеці лепш вучыліся, добра да іх ставіліся, былі больш засяроджанымі і не адцягвалі сваю ўвагу (на галоўнай старонцы не выскоквалі паведамленні).

Зараз жа мы не можам вінаваціць дзяцей у тым, што самі іх не навучылі кантраляваць сябе пры рабоце з гаджэтамі. Можна гадзінамі сядзець у інтэрнэце, і калі не кантраляваць сябе, то гаджэт становіцца ворагам, ён знішчае творчы патэнцыял чалавека. Калі мы затрачваем час, гледзячы на тое, як хтосьці іншы штосьці зрабіў, то нічога не робім самі. Калісьці М.Цукербергу задалі пытанне: а ці здолеў бы ён стварыць “Фэйсбук”, калі б штосьці падобнае ўжо было на той момант? Ён адказаў: “Не, мне проста б не хапіла на гэта часу”.

Мы павінны вучыць дзяцей карыстацца дэвайсамі асэнсавана, вучыць, як пісаць паведамленні, як паводзіць сябе ў групах, усталёўваць пэўныя нормы этыкету. І тады яны не перашкаджаюць вучобе.

Паколькі ў нас у ліцэі вучацца старшакласнікі, мы не збіраем гаджэты, але мы і не ўхваляем іх выкарыстанне ў неадукацыйных мэтах. Калі для вучэбнага працэсу выкарыстанне дэвайсаў апраўдана (правесці апытанне, зрабіць гульню ў сэрвісе Kahoot), то чаму б і не? Калі ўрок нецікавы, ён не нясе для вучня ніякай карысці, то старшакласнік будзе імкнуцца сысці ў сваю рэальнасць, у сацсеткі. Наша мэта — зрабіць так, каб у яго не было такіх думак.

— На імідж ліцэя працуе і моцны выкладчыцкі склад. Раскажыце, калі ласка, пра сваю каманду.

— Калектыў нашага ліцэя — адзін з самых дружных, згуртаваных, вясёлых і прафесійных. Шмат настаўнікаў працуе ад першага дня работы ліцэя, сярод іх — настаўніца матэматыкі Алена Анатольеўна Карпава, настаўніца хіміі Таццяна Аляксандраўна Калевіч, настаўніца гісторыі і грамадазнаўства Святлана Іванаўна Басько, настаўнікі фізікі Леанід Рыгоравіч Марковіч і Анатоль Іванавіч Слабадзянюк. Шчыра прызнаюся: вельмі цяжка працаваць дырэктарам, калі ў цябе падначаленыя — педагогі, у якіх ты сядзеў за партай. З іншага боку, 30% педагогаў — выпускнікі ліцэя: Арцём Максімавіч Піваварчык, браты Вадзім і Віталь Матулісы, Надзея Васільеў­на Кушнер і інш. І гэтае спалучэнне прыводзіць да высокіх вынікаў. Гэта супольнасць людзей, якія працуюць на адну мэту і ведаюць, што разам яны могуць дасягнуць большага. Дарэчы, сёлета, у юбілейны год, мы заснавалі значок “За адданасць ліцэю” і ўручылі яго людзям, якія працуюць ва ўстанове больш за 25 гадоў.

Ліцэй БДУ служыць эксперыментальнай пляцоўкай па ўкараненні інфармацыйных тэхналогій і інавацыйных метадаў, новых праграм і вучэбных планаў, напрамкаў профільнай адукацыі на старшай ступені сярэдняй школы. Нашы педагогі спалучаюць у сваёй рабоце як традыцыйныя, так і новыя адукацыйныя тэхналогіі, сярод якіх і праблемнае навучанне, і тэхналогія развіцця крытычнага мыслення, і праектная тэхналогія, і інфармацыйныя тэхналогіі. Яны кіруюцца прынцыпам: каб тэхналогія не перашкаджала, а істотна паляпшала адукацыйны працэс. Яшчэ гадоў пяць назад у мяне была думка, што выкарыстанне тэхналогій дазволіць нам прыйсці да таго, што настаўнік будзе не такой істотнай фігурай у вучэбным працэсе. Аднак за апошнія гады мае погляды істотна змяніліся: перакананы, што настаўніка ніхто і нішто не заменіць.

Чалавечы капітал — перадумова поспеху ліцэя. Таму ў сёлетнім навучальным годзе ў ліцэі пачала ўкараняцца сіс­тэма страхавання медыцынскіх выдаткаў супрацоўнікаў. У цяперашні час застрахаваны педработнікі і вучэбна-дапаможны персанал. Да канца 2020 года плануецца ахапіць страхаваннем усіх штатных супрацоўнікаў, уключаючы адміністрацыйны, тэхнічны і гаспадарчы персанал.

— Ігар Мікалаевіч, пасада дырэктара аказалася для вас новым прафесійным выклікам? Ці ёсць у вас свае прынцыпы, якіх вы прытрымліваецеся ў рабоце?

— Да таго як мяне прызначылі дырэктарам ліцэя, я займаў у ім пасаду намесніка дырэктара па вучэбнай рабоце. Я курыраваў падрыхтоўчыя курсы вечаровага ліцэя, дыстанцыйнае навучанне і правядзенне рэпетыцыйнага тэсціравання. Зараз жа проста пашырыліся абавязкі. Акрамя арганізацыі вучэбна-выхаваўчай работы, трэба займацца гаспадарчай дзейнасцю: рамонтам, закупкамі і г.д. Безумоўна, хацелася б займацца творчасцю, але ёсць свае правілы і патрабаванні. Іншая справа, што для сябе я пакінуў кавалачак творчай работы па суботах: працягваю займацца выданнем вучэбных дапаможнікаў. Мы ствараем зборнікі па пад­рыхтоўцы да ЦТ па фізіцы. Таксама працуем з аўтарамі над матэматыкай, грамадазнаўствам. Пад ліцэйскім брэндам плануем выдаць дапаможнікі і па іншых прадметах.

Для мяне галоўны прынцып кіравання — празрыстасць. Часта ва ўстановах супрацоўнікі не зусім ведаюць, чым займаецца іх кіраўніцтва. Каб мы працавалі як адно цэлае, каб у нас былі агульныя мэты, варта пра гэта ведаць. І каб давесці сваю пазіцыю да падначаленых, быў укаранёны вэб-сэрвіс Вasecamp. Кожны дзень я адказваю на пытанне: што было зроблена? Такім чынам, усе ведаюць, хто да нас прыходзіць, што мы рабілі, над чым я працаваў. Гэтая сетка выкарыстоўваецца як замена “Вайберу”, “Тэлеграму” і іншым месенджарам: дазваляе абменьвацца дакументамі, паведамленнямі з усімі, хто працуе ў ліцэі. У ёй можна захоўваць дакументы, файлы, якія маюць агульную каштоўнасць: статут, расклад і інш. Прычым ёсць агульная частка для ўсіх супрацоўнікаў, а ёсць розныя суполкі: бухгалтэрыі, сацыяльна-псіхалагічнай службы, кіраўнікоў вучэбна-метадычных аб’яднанняў і інш. Такім чынам, атрымліваецца, што кожны педагог бачыць сябе ў складзе некалькіх груп. Гэта такая штука, якая дазваляе працаваць нам усім разам, каб не было такога, што левая рука не ведае, што робіць правая.

— Як ліцэй адзначыў свой дзень нараджэння?

— Спачатку ў нас была ўрачыстая частка для гасцей, педагогаў і ліцэістаў. Урачыстасць звычайна перамяжоўвалася спевамі, танцамі, а сёлета мы змянілі фармат і паставілі спектакль па творы У.Караткевіча “Каласы пад сярпом тваім”  (на сцэне было задзейнічана 74 чалавекі). Зразумела, зрабіць пастаноўку было няпроста, але калі ёсць каманда, то ўсё па плячы і можна звярнуць горы. На другі дзень у ліцэі прайшла навукова-практычная канферэнцыя “Першы крок у навуку”, якая праводзіцца ўжо 26 гадоў. Удзел у ёй прынялі больш за 110 навучэнцаў сталічных школ. Вучні выступілі з дакладамі ў 11 секцыях. Увечары мы чакалі выпускнікоў. А завяршылася юбілейная праграма спартыўным святам, у якім змагаліся каманды настаўнікаў і ліцэістаў. Прайшлі эстафетныя гонкі, а таксама таварыскі матч па валейболе і ўзнагароджанне лепшых спартсменаў-ліцэістаў па выніках 2019 года.

— Якія галоўныя задачы вы паставілі перад сабой як кіраўнік?

— З пункту гледжання развіцця ліцэя — далейшая прафілізацыя, умацаванне сувязей з факультэтамі БДУ, з пункту гледжання педагогаў — далейшае пашырэнне іх сацыяльных гарантый і заробкаў, трэцяе — удасканаленне тэхналогіі правядзення ўступных іспытаў, работы асабістага кабінета абітурыента Ліцэя БДУ. Хочам паспрабаваць аўтаматызаваную праверку работ навучэнцаў. Важна, каб вучні бачылі не толькі бал, а і правераную работу. Усё гэта спросціць работу і надасць яшчэ большай празрыстасці ўступным іспытам. Зараз мы маем на мэце зрабіць лабараторыю прыродазнаўчых навук, дзе можна было б рыхтавацца больш сур’ёзна і дасканала да алімпіяд, міжнародных спаборніцтваў.

— Якім бачыцца ліцэй у найбліжэйшай будучыні?

— Такім жа ўтульным, камфортным, у якім аднолькава добра і ліцэістам вучыцца, і педагогам выкладаць. Так, можна сказаць, што мы ўжо ўсяго дасягнулі, у нас ужо ўсё ёсць, аднак калі ты застаешся на месцы, то рухаешся ў зваротны бок. Хочацца захаваць усё тое добрае, што назапашана, а калі штосьці трэба падкарэкціраваць, то ўсё зробім — у нас для гэтага ёсць веды, жаданне, вопыт. Хочацца верыць, што новая вяршыня заўсёды наперадзе!

Гутарыла Наталля КАЛЯДЗІЧ.
Фота Алега ІГНАТОВІЧА.