Пад чаротавымі стрэхамі

Успаміны пра малую радзіму (для многіх беларусаў яны звязаны з вобразамі вясковага жыцця) часцей за ўсё ўзнікаюць у нас, калі ўзгадваем далёкае дзяцінства і юнацтва, часы сваёй маладосці. У такія моманты мы пераносімся на некалькі дзесяцігоддзяў назад. А ці магчыма здзейсніць падарожжа ў беларускую вёску канца ХІХ або пачатку ХХ стагоддзя, прычым падарожжа рэальнае? Магчыма. Калі наведацца ў Беларускі дзяржаўны музей народнай архітэктуры і побыту. Год малой радзімы стане выдатнай нагодай для такой вандроўкі.

Музейная тэрыторыя

Многія з нас ужо завочна знаёміліся з арыгінальнай экспазіцыяй музея каля Строчыцы дзякуючы кадрам з кінафільмаў, музычным відэакліпам, а таксама шматлікім фотаздымкам, якія можна лёгка знайсці на бяскрайніх прасторах інтэрнэту. Але чым сто разоў убачыць на маніторы, лепш адзін раз у рэальнасці. Га­дзіна, дзве, а калі добрае надвор’е, то можна хоць з раніцы да вечара прагульвацца па бяскрайняй (па музейных мерках) тэрыторыі беларускага скансэна ўздоўж старадаўніх сялянскіх ся­дзіб, заходзіць у дамы і гаспадарчыя пабудовы, крытыя чаротам і дранкай, разглядваць прадметы побыту і працы нашых продкаў, атрымліваць асалоду ад асаблівай цішыні, якая пануе сярод пачарнелых ад часу бярвёнаў.

Тэрыторыя музея сапраўды вялікая (каля 150 га), таму наведвальнікам трэба быць гатовымі да таго, што прыйдзецца шмат хадзіць. Калі вы жыхар Мінска і любіце не толькі беларускую даўніну, але і велападарожжы, то адправіцца на экскурсію можна і на двухколавым сябры. Ехаць далёка не давядзецца: музей знаходзіцца ўсяго за некалькі кіламетраў ад сталіцы. А веласіпед дапаможа больш аператыўна азнаёміцца з амаль 40 аб’ектамі. Калі ехаць у музей па дарозе на Азярцо, то зваротны шлях можна пракласці праз Строчыцу ў напрамку Воўчкавіч па маляўнічым беразе Воўчкавіцкага вадасховішча, а далей уздоўж шашы Р1 у напрамку сталічнага праспекта Дзяржынскага.

Беларускі дзяржаўны музей народнай архітэктуры і побыту адносіцца да тыпу музеяў-скансэнаў. Такія музеі з’яўляюцца адной з форм захавання і паказу помнікаў гісторыі і культуры ў натуральным асяроддзі. Ідэю стварэння падобнага музея на тэрыторыі Беларусі ўпершыню выказаў у 1908 годзе вядомы мастак Фердынанд Рушчыц, аднак Першая сусветная, а потым і Вялікая Айчынная вайна перашкодзілі ажыццяўленню задумы. 9 снежня 1976 года ўрадам краіны была прынята пастанова аб стварэнні Беларускага дзяржаўнага музея народнай архітэктуры і побыту. Пачалася навукова-экспедыцыйная работа па пошуку, вывучэнні, фіксацыі і перавозцы помнікаў народнай драўлянай архітэктуры, прадметаў побыту, рамёстваў і промыcлаў музейнага значэння.

Для рознага ўзросту

Сярод наведвальнікаў скансэна — людзі рознага ўзросту, значная іх частка — гэта навучэнцы. Спецыяльна для іх супрацоўнікі музея распрацавалі цыкл музейна-педагагічных заняткаў і экскурсій. Заняткі прадугле­джваюць выкарыстанне музейных прадметаў і прэзентацый. Засваенне атрыманых ведаў адбываецца падчас ролевых гульняў, праз прымяненне разнастайных метадаў і прыёмаў. Па словах загадчыка культурна-адукацыйнага аддзела Вадзіма Валер’евіча Баранава, заняткі і экскурсіі разлічаны на ўсе класы. Малодшых школьнікаў цікавіць у першую чаргу экскурсія з інтэрактыўнымі элементамі “Пшанічны каласок”. Вандруючы ў часе, дзеці апынаюцца ў старадаўнім сяле, дзе ў гульнявой форме расказваецца аб працэсе ператварэння маленькіх зярнятак у духмяны бохан хлеба. Памятнай для дзяцей становіцца сустрэча з Дамавіком (яго ролю выконвае супрацоўнік музея), які пад гукі баяна або дуды месіць цеста, а пасля завяршэння праграмы частуе дзяцей хлебам. На вучняў пачатковых класаў разлічана і экскурсія “Падарожжа ў краіну казак”, якая дазваляе дзецям азнаёміцца з традыцыямі і побытам беларускіх сялян праз знаёмства з народнымі казкамі. На­прыклад, у казцы “Піліпка-сынок” расказваецца пра рыбалоўства і кавальства, а ў казцы “Муж і жонка” — пра асаблівасці мужчынскай і жаночай працы. “Народны ўзор” знаёміць вучняў 3—4 класа з традыцыйным відам народнага дэкаратыўнага мастацтва, сімволікай і значэннем арнаменту.

Кожная экскурсія для малодшых школьнікаў і вучняў сярэдняга звяна завяршаецца гульнямі — неад’емнай часткай усіх музейных мерапрыемстваў. Гульні самыя розныя. Так, заняткі “Зачараваная вёска” — гэта гульня-пошук з удзелам касцюміраваных персанажаў, якія даюць дзецям розныя заданні, загадваюць загадкі. “Усе заняткі распрацаваны з улікам узроставых асаблівасцей дзяцей. Для вучняў пачатковых класаў мы праводзім больш актыўных, рухавых гульняў і даём менш інфармацыі. Для старшых класаў, наадварот, — больш інфармацыі і менш танцаў, гульняў, бо вучні ў такім узросце становяцца сарамлівымі. У кожнага ўзросту дзяцей свае асаблівасці. Малодшыя школьнікі актыўныя, але ў гэтай актыўнасці ёсць і недахопы: дзеці адначасова мітусяцца, размаўляюць паміж сабой. У іх шмат энергіі — і гэта добра, хлопчыкі і дзяўчынкі любяць пабегаць, павесяліцца, таму яны і з’яўляюцца найбольш актыўнымі экскурсантамі. Вучні сярэдняга школьнага ўзросту таксама актыўныя, і калі ім нецікава або сумна ў музеі, яны адразу дастаюць свае смартфоны. А яшчэ яны любяць фатаграфавацца на фоне хат і гаспадарчых пабудоў, на лавах. Старэйшых складана далучыць да нейкіх актыўнасцей, але сярод іх шмат тых, хто па-сапраўднаму цікавіцца этнаграфіяй, з кім можна пагаварыць, як з дарослым чалавекам”, — дзеліцца Вадзім Баранаў.

Падчас заняткаў “Вячоркі” старшакласнікі даведваюцца, як раней моладзь бавіла свой вольны час, як доўгімі зімовымі вечарамі яны збіраліся ў адной хаце, працавалі, а таксама весяліліся. Экскурсантам прапануецца азнаёміцца з прыладамі працы, якія выкарыстоўваліся ў ткацтве і прадзенні. Напрыканцы заняткаў прапануюцца спаборніцтвы па адгадванні беларускіх народных загадак. Самыя кемлівыя атрымліваюць падарункі. Для вучняў сярэдняга і старшага звяна праводзяцца таксама заняткі “Музычныя інструменты” (прысвечаны гісторыі стварэння, выкарыстання старадаўніх народных музычных інструментаў), “Салдацкі куфэрак” (праз фотаздымкі, салдацкія рэчы наведвальнікі знаёмяцца з падзеямі руска-турэцкай, Першай сусветнай і Вялікай Айчыннай войнаў). Папулярныя і заняткі “Традыцыйны беларускі строй”, “Народныя абразы з калекцыі музея”, “Беларускі лён”. “Кола часу” разлічана і на першакласнікаў, і на вучняў 11 класа. Тут расказваецца пра традыцыйныя абрады і святы беларусаў, што праводзіліся і святкаваліся на працягу ўсяго каляндарнага года.

“Зацікаўленне вучняў у многім залежыць і ад настаўніка, які су­праваджае групу, ад таго, наколькі педагог зможа зацікавіць дзяцей перад наведваннем нашага музея. Канечне, і ад нас, экскурсаводаў, таксама многае залежыць. Мы павінны адчуваць аўдыторыю, не стаміць яе, не ператрымаць, бо калі ператрымаеш, то дзеці пачынаюць сваволіць. Са школьнікамі лепш за ўсё весці экскурсію ў форме дыялогу, пра нешта іх распытваць, падводзіць да правільнага адказу”, — падзяліўся Вадзім Валер’евіч.

Экскурсія як свята

Асаблівасць Беларускага дзяржаўнага музея народнай архітэктуры і побыту ў тым, што кожная экскурсія падобна на свята. І доўжыцца гэтае свята ў сярэднім паўтары гадзіны. На працягу такога часу наведвальнікі знаёмяцца з адным з трох сектараў экспазіцыі. Калі наведвальнікі гатовы не толькі слухаць, але і задаваць пытанні, весці дыялог з экскурсаводам, то працягласць экскурсіі можа дасягаць 2 гадзін. Аднак супрацоўнікі музея стараюцца не стамляць наведвальнікаў, асабліва школьнікаў, усё ж такі якімі б цікаўнымі ні былі дзеці, ім складана слухаць 2 гадзіны. Часам заказваюць экскурсіі і па ўсіх сектарах. Такая экскурсія доўжыцца каля 2,5 гадзіны, можа нават і 3, калі з пытаннямі. І гэта ўжо для самых трывалых.

Экспазіцыя, як мы ўжо адзначалі, складаецца з трох сектараў. Гэта “Цэнтральная Беларусь”, “Падняпроўе” і “Паазер’е”. Найбольшая колькасць экспанатаў адносіцца да першага сектара. Цэнтральная Беларусь як гісторыка-этнаграфічны рэгіён займае асноўную частку Мінскай і заходнюю частку Магілёўскай вобласці. У музеі можна азнаёміцца з характэрнай для гэтага рэгіёна вулічнай або лінейнай забудовай населеных пунктаў. На маршруце наведвальнікі знаёмяцца з будынкам былой уніяцкай Свята-Пакроўскай царквы XVIII стагоддзя з вёскі Лог­навічы Клецкага раёна, бачаць грамадскі свіран для захоўвання запасу зерня, прыдарожную капліцу-ратонду і млын XIX стагоддзя, кузню, школу 1932 года пабудовы, перавезеную з вёскі Калодчына Вілейскага раёна, і гумно пачатку XX стагоддзя.

У экскурсію таксама ўваходзіць знаёмства з комплексам чатырох ся­дзіб пагоннага (лінейнага) сялянскага двара (на­прыклад, з вёсак Агароднікі Слуцкага і Садавічы Капыльскага раёнаў). Ся­дзібы складаюцца з жылых і гаспадарчых памяшканняў: хат, хлявоў, гумнаў. У адной з ся­дзіб наведвальнікаў чакае выстава “Забродскія снасці”, прысвечаная развіццю рыбалоўства на Беларусі. Сярод экспанатаў — унікальныя лодкі-чаўны і набор інструментаў для іх вырабу, астрогі, восці, сакі і іншыя прадметы. Таксама тут прадстаўлены пасткі для лоўлі ракаў і прыстасаванні для пляцення сетак.

Ад Падняпроўя да Паазер’я

У рэальнасці — дзясяткі кіламетраў, а ў музеі — некалькі соцень метраў. Менавіта такая адлегласць паміж гісторыка-этнаграфічнымі рэгіёнамі Цэнтральная Беларусь і Падняпроўе і аднайменнымі сектарамі экспазіцыі. Падняпроўе як гісторыка-этнаграфічны рэгіён займае Магілёўскую і часткова Віцебскую і Гомельскую вобласці. У адрозненне ад суседняга Паазер’я вёскі Падняпроўя вызначаліся большымі памерамі і выразнай вулічнай планіроўкай. Сядзібы размяшчаліся ўздоўж вуліц і былі вяночнага (замкнутага) або Г-падобнага тыпу. У вяночных дварах жылыя і гаспадарчыя пабудовы размяшчаюцца вакол прасторы адкрытага ўнутранага двара, у кампазіцыі дамінуе жылы дом. На тэрыторыі музейнага сектара знаходзіцца праваслаўны Спаса-Праабражэнскі храм XVIII стагоддзя з Барані Аршанскага раёна, склеп для захоўвання прадуктаў і комплексы дзвюх сядзіб вяночнага тыпу.

Падчас экскурсіі наведвальнікі знаёмяцца з пчалярным промыслам і старажытным святам Камаедзіцай. У сядзібах размяшчаецца калекцыя дубровенскай керамікі, можна ўбачыць унікальныя воўначасальныя машыны, ткацкі станок і падняпроўскі народны строй. У гэтым сектары можна азнаёміцца з унікальнай калекцыяй борцей, калодных і рамных вулляў, разнастайных прыстасаванняў. Выстава “Пчалярства на Беларусі” размешчана ў паветцы сядзібы з вёскі Волева Дубровенскага раёна.

Беларускае Паазер’е ахоп­лівае амаль усю Віцебшчыну і часткова паўночныя раёны Мінскай вобласці. Асаблівасцю гэтага рэгіёна з’яўляецца ўзгорысты, маляўнічы рэльеф. Жамчужына краю, безумоўна, — гэта азёры. Асаблівасці рэльефу абумовілі і адметнасці сельскіх паселішчаў. Для Паазер’я характэрна мала­дворнасць і бессістэмнасць забудовы, таму і прадстаўлены сектар “Паазер’е” невялікай вёскай і асобна размешчаным хутарам. На маршруце наведвальнікі могуць убачыць комплексы сядзіб з вёсак Будзічы Докшыцкага (трох­радны двор) і Варашылкі Мя­дзельскага раёна (круглы двор), царкву XVIII стагоддзя з вёскі Вялец Глыбоцкага раёна, млын-пальтрак з вёскі Янушоўка Мя­дзельскага раёна (дарэчы, гэта рэдкі для Беларусі тып ветракоў) і гумно з вёскі Кемянцы Браслаўскага раёна. Як і на кожным сектары, на “Паазер’і” таксама ёсць свая выстава. У пуні з вёскі Воўкаўшчына Мёрскага раёна захоўваецца ўнікальная калекцыя санак, вазоў, брычак і іншых сродкаў перамяшчэння.

Названыя выставы з’яўля­юцца традыцыйнымі. Аднак у музеі рэгулярна ствараюцца і новыя. Па словах Вадзіма Баранава, за апошнія гады была створана, напрыклад, выстава, прысвечаная лёну. Тут можна не толькі азнаёміцца з асаблівасцямі апрацоўкі гэтай агракультуры, прыладамі працы, якія пры гэтым выкарыстоўваліся, але і паў­дзельнічаць у майстар-класе, пачасаць лён, нават папраца­ваць за кроснамі, ткацкім станком. Дарэчы, з промысламі па апрацоўцы драўніны знаёміць экскурсія “Гоніць гэблік стужку залатую”. Расказваецца пра работу цесляроў, сталяроў, бондараў, стэльмахаў. Нядаўна адкрылася выстава куфраў, дзе расказваецца пра тэхнікі іх стварэння, упрыгожвання.

Месцам выстаў часта становіцца будынак былой царквы з Барані. Сёння там размяшчаецца выстава “Сакральная культура ў народным побыце Астравеччыны”. “Адным з кірункаў экспедыцыйнай дзейнасці музея ў 2016—2018 гадах стала даследаванне матэрыяльнай спадчыны вёсак і мястэчак Астравецкага раёна — самабытнага краю з адметнай культурай і традыцыямі. Астравеччына невыпадкова была выбрана для даследавання — праз сваю нацыянальную і канфесійную разнастайнасць, унікальнае культурнае асяроддзе. Каштоўным скарбам, атрыманым падчас экспедыцый, сталі драўляныя бажніцы вырабу мясцовых жыхароў — унікальныя творы народнага мастацтва, якія спалучаюць прыёмы разьбы па дрэве, мастацкага роспісу. Разнастайнасць спосабаў і тэхнік перадачы хрысціянскага сюжэту адлюстроўваюць мастацкі густ жыхароў Астравеччыны”, — паведаміў Вадзім Валер’евіч.

Сапраўдны адпачынак

У музей наведвальнікі прыяз­джаюць з розных куточкаў краіны. З асаблівай цікавасцю разглядаюць экспанаты жыхары тых куточкаў Беларусі, адкуль музейныя прадметы былі перавезены на бераг Пцічы. Напрыклад нядаўна, як узгадаў Ва­дзім Баранаў, у музей прыязджала група настаўнікаў і вучняў з Барані Аршанскага раёна, каб паглядзець на царкву з іх малой радзімы. Яшчэ адна спецы­фіка музея ў тым, што экспазіцыя размешчана пад адкрытым небам. Вёска, побач лес, поле, луг, рэчка. Прасторная тэрыторыя, чыстае паветра — усё гэта толькі плюсы беларускага скансэна, асабліва ва ўмовах пандэміі. Калі вы родам з вёскі, любіце беларускую даўніну, калі ў вашай памяці часта ўзнікаюць вобразы вясковага дзяцінства, то тут, паміж Азярцом і Строчыцай, вы зможаце па-сапраўднаму адпачыць.

Ігар ГРЭЧКА.
Фота аўтара і з архіва музея.