Пад дахам гумару

У сярэдняй школе № 3 Оршы ведаюць кошт якаснага гумару, натхнення і мастацкага слова: вучні з першага класа маюць магчымасць вучыцца акцёрскаму майстэрству і сцэнічнаму маўленню на факультатывах тэатральнага кірунку. А навыкі, атрыманыя на занятках, яны адточваюць у тэатры-студыі эстрадных мініяцюр “Крышка” пад кіраўніцтвам педагога Алены Уладзіміраўны Дзеравянка.

Тэатр-студыя дае школьнікам магчы­масць паспрабаваць сябе ў ролі канферансье, асвоіць майстэрства мастацкага слова, паўдзельнічаць у тэатральнай пастаноўцы ці выступіць з эстрадным нумарам і — як вішанька на торце — стаць удзельнікам дзіцячай каманды КВЗ, якая існуе пры студыі.

— Наша тэатр-студыя створана як своеасаблівы цэнтр эстэтычнага выхавання дзяцей. Гэта месца, дзе мы даём прастор фантазіі і творчаму патэнцыялу школьнікаў. Самыя старэйшыя студыйцы — дзевяцікласнікі, самым малодшым па 9 гадоў, — расказвае Алена Уладзіміраўна. — Слова “Крышка” калісьці сарвалася з языка старэйшых студыйцаў, каманда якіх называлася “Наша крыша”. Назва сімвалічная, бо менавіта пад школьным дахам нараджаюцца новыя думкі, ідэі, мары… Калі да справы старшакласнікаў далучыліся малодшыя дзеці, іх каманда атры­мала больш ласкавую назву — “Крышка”. Спачатку студыйцы карысталіся гэтай новай мянушкай паміж сабой, але слова прыжылося, бо аказалася запамінальным, яркім і смешным.

Калі вам здаецца, што для ўдалага выступлення ў КВЗ дастаткова быць разняволеным гумарыстам і крыху акцёрам, вы памыляецеся. Іскрамётны гумар павінен суседнічаць з добрым густам, розумам і пісьменнасцю, а таксама суправаджацца выдатнымі вакальнымі данымі.

— Каманда, якая выходзіць на сцэну з актуальнымі, ненафталінавымі жартамі, адразу стварае паспяховы вобраз. Таму тэмы для напісання сцэнарыя шукаем з дзецьмі сумесна. Вучу выхаванцаў быць начытанымі, разумець, што адбываецца не толькі ў блізкіх іх узросту сферах жыцця. Таксама абмяркоўваем тэмы, якія нельга ці непрафесіянальна ўзды­маць падчас гульняў. Такім чынам выхоўваем і свой густ, і густ гледачоў. Калі рыхтуемся да новых турніраў, студыйцы атрымліва­юць ад мяне дамашнія заданні: знайсці актуальную інфармацыю або навіны. На занятках спрабуем зірнуць на інфармацыю праз прызму гумару, знайсці актуальныя вобразы, персанажаў, у якіх змогуць пераўвасобіцца дзеці. Пры гэтым не толькі маім выхаванцам прыходзіцца арыентавацца ў дарослых сферах, але і мне заўсёды трэба быць “у тэме”, улічваць музычны густ, узрост, асаблівасці дзяцей, — расказвае Алена Уладзіміраўна.

Ніводны турнір КВЗ не абыходзіцца без размінкі — конкурсу, які выкрывае і хут­касць рэакцыі, і імправізацыйныя магчымасці каманды. На занятках з педагогам студыйцы пракачваюць гэтыя камандныя навыкі — праводзяць мазгавыя штурмы, ладзяць майстар-класы.

— Жарты, гумарыстычныя замалёўкі — адзін з самых складаных літаратурных жанраў. Таму часам звяртаемся і да тэорыі: разглядаем, якія схемы напісання жартаў бываюць, разбіраем іх на прыкладах сваіх або чужых удалых жартаў, — працягвае кіраўнік студыі. — Як у любым творчым працэсе, асабліва калектыўным, бывае, што нумар доўга не нараджаецца або на паперы выглядае выдатна, а пачынаем рэпеціраваць — і сцэна не выбудоўваецца. Але дзеці нястомна прапану­юць новыя ідэі, інтэгруюць іх з маімі. І ўрэшце вынік атрымліваецца выдатным.

Нядаўна кіраўнік студыі вырашыла пайсці на эксперымент і зрабіць адну розна­ўзроставую каманду КВЗ. У такім складзе каманда выступае адзін год, але ўжо мае шмат дасягненняў. Прысутнасць у адной каман­дзе малых дзяцей і падлеткаў — непаўторная фішка “Крышкі”, перакананы КВЗшнікі. Хаця педагог прызнаецца, што спачатку было складана працаваць і з трэцякласнікамі, і з дзевяцікласнікамі над адным праектам. Але каманда перажыла перыяд прыціркі, і зараз дзеці выдатна ўзаемадзейнічаюць, яны не толькі знайшлі агульную мову, але і пасябравалі. І можна дакладна сказаць, што эксперымент аказаўся ўдалым.

Усіх перамог тэатра-студыі на падмостках розных фестываляў і турніраў не пералі­чыць. Прыгадаем некалькі самых значных. У 2017 годзе каманда “Наша крыша” тэатра-студыі стала бронзавым прызёрам Беларусі сярод школьных каманд КВЗ. У 2019 го­дзе на абласным этапе чэмпіянату Беларусі па гульнях КВЗ сярод школьнікаў “У будучыню з усмешкай” атрымала дыплом І ступені, а таксама дыпломы ў намінацыях “Лепшы акцёр” і “Лепшая мініяцюра”. Таксама ў 2019 го­дзе ўжо каманда “Крышка” стала дыпламантам І ступені абласнога чэмпіянату школьных каманд КВЗ. У гэтым жа годзе на фестывалі Мінскай школьнай лігі КВЗ каманда атрымала Гран-пры і дыплом у намінацыі “Лепшы акцёр”.

Набраўшыся вопыту, студыйцы вырашылі пашыраць геаграфію перамог і прынялі ўдзел у гульнях Смаленскай школьнай лігі КВЗ, дзе атрымалі дыплом І ступені і дыплом у намінацыі “Лепшы акцёр”. “Крышку” запрымецілі і запрасілі паўдзельнічаць ва Усерасійскай юніёр-лізе КВЗ у Маскве, дзе ў 2020 годзе каманда стала пераможцай 1/3 фіналу, а ў паўфінале ўзяла дыплом у намінацыі “Лепшы акцёр”.

У снежні 2020 года на Міжнародным мнагажанравым фестывалі творчасці “Белавежская зорка” ў намінацыі “Тэатральная творчасць” тэатр-студыя эстрадных мініяцюр “Крышка” стала лаўрэатам III ступені. На працягу пяці гадоў выхаванцы Алены Ула­дзіміраўны з’яўляюцца лаўрэатамі раённага фестывалю мастацкай творчасці дзяцей і моладзі “Буду зоркай” у намінацыях “Альтэрнатыўная творчасць” і “Вядучыя”. Штогод студыйцы прымаюць удзел у рэгіянальным дзіцяча-юнацкім конкурсе эстрадна-цыркавой творчасці “Ветразі надзеі” ў намінацыях “Мастацкае слова” і “Канферанс”. Дарэчы, юныя канферансье тэатра-студыі сапраўды нарасхват: ніводнае школьнае свята без іх не абыходзіцца, у якасці вядучых студыйцаў часта запрашаюць і на гарадскія і раённыя мерапрыемствы.

— Нядаўна мы паспрабавалі сябе ў здымках кіно. Дзеці самі выступалі і сцэнарыстамі, і артыстамі, і рэжысёрамі ў маштабным анлайн-праекце “Скінь пасмяяцца”, у якім прынялі ўдзел больш за 100 каманд краін СНД. Студыйцы здымалі гумарыстычныя сіквелы і прыквелы да вядомых фільмаў, трэйлеры каманд, выконвалі іншыя цікавыя заданні. Мы дайшлі да паўфіналу і ўвайшлі ў тузін лепшых каманд, — расказала Алена Уладзіміраўна.

Амаль усе выхаванцы студыі — выдатнікі, а выпускнікі становяцца студэнтамі прэстыжных УВА краіны. Навыкі, набытыя падчас шматлікіх выступленняў, дапамагаюць ім адчыняць любыя дзверы: яны разняволеныя, ведаюць, як сябе падаць, з лёгкасцю знаходзяць агульную мову з выкладчыкамі і аднагодкамі, лягчэй за іншых пераадольваюць складанасці дарослага жыцця.

— У нашай стыдыі існуе “выпускная” традыцыя: калі праводзім у дарослае жыццё студыйцаў-адзінаццацікласнікаў, юныя ўдзель­нікі рыхтуюць ім жартаўлівыя віншаванні, уручаюць шаржы. Тыя ж у адказ урачыста перадаюць малым КВЗшнікам права “даношваць” іх жарты, а таксама даюць наказ падтрымліваць пад роднай для іх “крышай” атмасферу гумару і сяброўства.

Алёна КРЫВЯНКОВА.