Пад дэвізам “Тата, у залу!”

- 10:29Нам пішуць

Як бы сумна ні гучала, але сёння, жывучы ў ХХІ стагоддзі, мы забываем пра простыя чалавечыя зносіны. Нас у сваю ўладу захапілі розныя сучасныя гаджэты. Мы гатовы суткамі сядзець і націскаць на іх кнопкі, пераходзіць у сеткі інтэрнэту з сайта на сайт, са старонкі на старонку. Замест таго, каб выйсці на свежае паветра, актыўна адпачыць сям’ёй на прыродзе, пагутарыць адно з адным.

Традыцыйныя і нетрадыцыйныя святы, забавы, спаборніцтвы спрыяюць выхаванню як у дзяцей, так і бацькоў здаровага ладу жыцця, праяўленню цікавасці да фізічнай культуры і спорту, спрыяюць рухальнай актыўнасці, што самае галоўнае, наладжваюць станоўчы эмацыянальны кантакт дзяцей з бацькамі.

У нашай школе ў суботні дзень было шумна і весела, прайшоў чарговы дзень здароўя, які быў не зусім звычайны. Ён прайшоў пад дэвізам “Тата, у залу!” Галоўнымі героямі і ўдзельнікамі гэтага свята сталі таты навучэнцаў.

Бацькі з энтузіязмам уступілі ў спаборніцтва са сваімі дзецьмі. І, нягледзячы на сваю індывідуальную фізічную падрыхтаванасць, выглядалі вельмі годна, лёгка спраўляліся з усімі выпрабаваннямі. У нейкі момант свята здавалася, што перамога будзе на баку самых моцных, самых мужных, самых цягавітых бацькоў. Але спрыт, агеньчык у вачах дзетак, пачуццё татавага пляча не далі бацькам атрымаць перамогу. У зале панавала атмасфера любові, узаемадапамогі, падтрымкі і павагі. У выніку перамагло, вядома ж, сяброўства. Зарад бадзёрасці і добрага настрою атрымалі ўсе ўдзельнікі спартыўнага свята.

Асабісты прыклад бацькоў — вялікая сіла ў выхаванні дзяцей. Такая форма работы спрыяе не толькі фізічнаму развіццю дзіцяці і ўмацаванню яго здароўя, але і ўсталяванню даверных, добрых адносін паміж бацькамі і дзецьмі, паляпшэнню псіхалагічнага клімату ў сям’і, фармулюе добрыя сямейныя традыцыі.

Людміла ПРЫХОДЗЬКА,
настаўніца пачатковых класаў
Ноўкінскай сярэдняй школы Віцебскага раёна.