Пад гукі аркестра

Больш як 7,5 тысячы маладых людзей на Гомельшчыне сёлета развітваюцца са школьным жыццём. У тым ліку атэстаты ўручылі 44 выпускнікам спецыялізаванага ліцэя пры Універсітэце грамадзянскай абароны МНС Беларусі.

Сярод іх — два залатыя медалісты, два май­стры спорту па пажарна-выратавальным спорце і адзін кандыдат, а таксама кандыдат у май­стры спорту па кулявой стральбе з пнеўматычнай вінтоўкі. Ёсць прызёры прадметных алімпіяд, творчых і спартыўных спаборніцтваў.

Старшы віцэ-сяржант Аліса Чарнашэй скончыла вучобу з залатым медалём:

— За чатыры гады я прыкіпела да гэтага месца, — гаворыць дзяўчына. — Тут мяне выхоўвалі і ператварылі амаль у ваеннага чалавека. Я планую паступаць у БДУ на ваенны факультэт на спецыяльнасць “Міжнародныя адносіны ў інфармацыйнай сферы”. 

Медаль вышэйшай пробы заслужыў і Захар Статкевіч з Лагойска Мінскай вобласці. Юнак прызнаўся, што збіраецца паступаць у БДУ на факультэт прыкладной матэматыкі, але верыць, што ў будучыні стане карысным Міністэрству па надзвычайных сітуацыях:

— На першым курсе было вельмі няпроста, але я разумеў, для чаго мне гэта трэба, што кожны дзень, праведзены тут, не пройдзе дарма. Усе наступныя гады праляцелі вельмі хутка і з велізарнай карысцю. Тут знайшоў шмат добрых сяброў, з якімі спадзяюся сябраваць да канца жыцця. Тут чалавек гартуецца маральна і фізічна — і гэта выдатна.

Цырымонія развітання са сцягам адукацыйнай установы прайшла на плошчы Дзяржаўнага Сцяга Рэспублікі Беларусь у Гомелі. Гасцямі сталі прадстаўнікі ўлады, розных устаноў і сілавых структур. Выпускнікоў павіншаваў дзяржаўны сакратар Савета бяспекі Беларусі Аляксандр Вальфовіч:

— У такіх установах выхоўваюцца патрыёты сваёй краіны. Усе дзеці выказалі жаданне ў далейшым паступаць ва ўстановы вышэйшай адукацыі: 25 чалавек — ва Універсітэт грамадзянскай абароны МНС Беларусі, а 12 — у розныя ўстановы сістэмы захавання нацыянальнай бяспекі. Галоўнае прызначэнне ліцэя — выхаваць патрыёта і грамадзяніна сваёй краіны.

Аляксандр Вальфовіч уручыў падзяку работнікам ліцэя і сертыфікат на набыццё 60 веласіпедаў для ліцэя. Дарэчы, міністр па надзвычайных сітуацыях Вадзім Сіняўскі ў падарунак установе перадаў сертыфікат на хакейную форму для ліцэістаў і спартыўны інвентар.

— У вас, выпускнікоў-кадэтаў, наперадзе нялёгкая барацьба за права стаць курсантамі профільных УВА краіны, — адзначыў памочнік прэзідэнта — інспектар па Гомельскай вобласці Мікалай Рага­шчук. — Таму галоўнае пажаданне — быць канкурэнтаздольнымі і дасягнуць вызначанай мэты. Вам, выпускнікам 2021 года, ствараць і прымнажаць каштоўнасці беларускага народа. Ваш абавязак — берагчы, шанаваць і любіць тое, што маем, і любіць так, як гэта могуць толькі беларусы — разумная, талерантная, накіраваная ў будучыню нацыя. Будзьце патрабавальныя да сябе, спагадлівыя да людзей.

Выпускнікі спецыялізаванага ліцэя пры Універсітэце грамадзянскай абароны МНС Беларусі прайшлі ўрачыстым маршам і завяршылі цырымонію традыцыйна: падкінулі фуражкі ўгору, горача абдымаліся і фатаграфаваліся. Дарэчы, у спецыялізаваным ліцэі пры Універсітэце грамадзянскай абароны МНС вучаць юнакоў з 7 па 11 клас. Ліцэй выконвае важную сацыяльна-рэабілітацыйную функцыю: практычна кожны трэці навучэнец — сірата ці падлетак, пакінуты без апекі бацькоў.

Ірына АСТАШКЕВІЧ.