Пад гукі старажытнай музыкі

- 12:16Навіны рэгіёнаў

Клуб гістарычнай рэканструкаацыі “Грыфон і лілія” быў створаны ў Лідскім раённым цэнтры творчасці дзяцей і моладзі год назад. Гэты невялікі час прадэманстраваў цікавасць моладзі да гісторыі і творчасці, даў магчымасць рэалізаваць сябе ў цікавай дзейнасці. Пра работу клуба мы папрасілі расказаць яго кіраўніка педагога дадатковай адукацыі Н.В.Батаргіну.

— Мэта дзейнасці клуба — вы­ха­ванне патрыятызму і беражлівых адносін да гістарычнай спадчыны, фарміраванне эстэтычнага густу і культуры паводзін, — расказвае Наталля Валер’еўна. — Асновай клуба сталі аб’яднанні па інтарэсах “Гістарычны танец”, “Ігра на гітары”, “Навучанне ігры на скрыпцы”. У рабоце “Грыфона і ліліі” ўдзельнічаюць навучэнцы і моладзь ва ўзросце ад 9 да 21 года, якія захапляюцца самабытнай музыкай і танцамі. Удзельнікі клуба маюць магчымасць акунуцца ў атмасферу розных гістарычных эпох — ад XII да XX стагоддзяў — з дапамогай развучвання і выканання старадаўняй, самабытнай музыкі і танцаў. Абавязковай умовай пасяджэнняў і заняткаў клуба з’яўляецца жывое выкананне музыкі, гэта значыць поўнае выключэнне фанаграм.

Асноўнай формай адукацыйнага працэсу ў клубе з’яўляюцца практычныя групавыя заняткі. Навучанне будуецца па прынцыпе “ад простага да складанага” з улікам індывідуальных магчымасцей і асаблівасцей кожнага навучэнца. У працэсе заняткаў прымяняюцца перцэпцыйныя (аповед, гутарка, мікралекцыя) і дэманстрацыйныя (праслухоўванне, наглядны паказ) метады. Выкарыстанне праблемна-пошукавых і сітуацыйных метадаў (гутаркі, віктарыны па вывучаемым матэрыяле) дазваляе стымуляваць цікавасць членаў клуба, развіваць іх аналітычныя і творчыя здольнасці.

Пры рабоце над музычным матэрыялам абавязкова праводзяцца майстар-класы для ўсіх жадаючых. Такім чынам удзельнікі клуба вучацца быць жывым прыкладам для іншых, менш вопытных танцораў. Акрамя таго, падобныя майстар-класы спрыяюць фарміраванню самаацэнкі і ўменню арыентавацца ў любой сітуацыі. Кожная рэпетыцыя ў клубе праводзіцца па загадзя складзеным плане. У значнай меры раскрыццю творчага патэнцыялу і матывацыі спрыяюць выступленні ўдзельнікаў клуба на сцэне, наведванне баляў і танцавальных вечароў, экскурсіі.

За год работы клуба праведзена нямала мерапрыемстваў: майстар-класы па гістарычным танцы для навучэнцаў розных школ, канцэрт інструментальнай музыкі, прысвечаны творчасці кампазітараў — юбіляраў гэтага года, тэатралізаваны паказ для школьнікаў “Старая казка”, дзе героямі былі Прынц і Адальфіна Ашмянская, Ізабэла Чэрвеньская і Элеанора Лідская. Кіраўнік і навучэнцы клуба прымалі ўдзел у XI фестывалі маладых інвалідаў “Калі мы разам — мы мацнейшыя”.

А назву клуба можна растлумачыць праз апісанне яго герба: на зялёным полі намаляваны грыфон — сімвал Сонца і сілы. Малюнак грыфона ўзяты з Келскага Евангелля (VI стагоддзе н.э.). У крыло грыфона змешчана лілія — сімвал чысціні і высакароднасці. Гэты герб быў распрацаваны для “Грыфона і ліліі” лідскім педагогам Дзіянай Бінкевіч.

У новым навучальным годзе клуб будзе працягваць сваю дзейнасць.

Надзея ВАШКЕЛЕВІЧ.