Пад кадэцкім сцягам

Два месяцы навучэнцы Гродзенскага абласнога кадэцкага вучылішча рыхтаваліся да галоўнай падзеі свайго кадэцкага жыцця — прыняцця клятвы з гонарам несці званне кадэта.

Фота да матэрыялу: Пад кадэцкім сцягам.У гэтым навучальным годзе ў вучылішча прыняты 58 чалавек, з іх 12 дзяўчат. Сяргей Ліпарозкі і Артур Жук — землякі, абодва са Шчучынскага раёна. Прафесія ваеннага для іх — гэта і працяг сямейнай традыцыі. У Сяргея быў ваенным дзядуля, у Артура прадзядуля і прабабуля — удзельнікі Вялікай Айчыннай вайны. Хлопцы расказваюць, што вучыцца ў кадэцкім вучылішчы ім падабаецца, асабліва тое, што ўжо зараз, у 8 класе, ёсць такі прадмет, як дапрызыўная падрыхтоўка са значным кампанентам ваеннай навукі і актыўныя заняткі па фізічнай падрыхтоўцы. А на пытанне, якія словы клятвы кадэта для іх самыя значныя і запамінальныя, разам адказалі: “Жыццё — Айчыне, гонар — нікому”.

Гэтыя словы кожны з навабранцаў вучылішча паўтарыў на ўрачыстасці, у прысутнасці ганаровых гасцей, сваіх бацькоў і таварышаў.

Камандуючы войскамі Заходняга аператыўнага камандавання Віктар Хрэнін адзначыў, што Гродзенскае кадэцкае вучылішча — гэта ўнікальная навучальная ўстанова, для яго навучэнцаў патрыятызм, доблесць, гонар і адвага становяцца сэнсам жыцця. Тут яны атрымліваюць сучасную адукацыю і многія працягваюць вучобу ва ўстановах вышэйшай адукацыі сілавых міністэрстваў і ведамстваў краіны.

Яшчэ адна значная падзея адбылася ў гэты дзень у жыцці вучылішча. Віктар Хрэнін уручыў Гродзенскаму абласному кадэцкаму вучылішчу сцяг, які быў зроблены спецыяльна для гэтай навучальнай установы грамадскім аб’яднаннем “Беларускі саюз сувораўцаў і кадэтаў”. Старшыня аб’яднання Сяргей Жыціхін уручыў таксама ўзнагароды Беларускага саюза сувораўцаў і кадэтаў выкладчыкам і супрацоўнікам вучылішча. Медалём “За служэнне Айчыне з дзяцінства” адзначаны кадэты Віялета Жалнерчык і Раман Белайц.

Намеснік старшыні Гродзенскага аблвыканкама Віктар Лісковіч цёпла павіншаваў кадэтаў і бацькоў са знакавай падзеяй і адзначыў, што гэтыя дзеці ўвасабляюць паспяховасць Прынёманскага краю і вучылішча сёння аб’ядноўвае сапраўды мэтанакіраваных падлеткаў. Ад імя губернатара Уладзіміра Краўцова Віктар Андрэевіч перадаў у створаны ў вучылішчы музей гісторыі арміі макет вінтоўкі Мосіна, які быў падораны старшыні аблвыканкама міністрам абароны Рэспублікі Беларусь.

Гродзенскае абласное кадэцкае вучылішча створана ў 2010 годзе. З 2014 года адбылося пяць выпускаў. У гэтым годзе з 24 выпускнікоў 22 сталі курсантамі ўстаноў вышэйшай адукацыі сілавых міністэрстваў і ведамстваў. У мінулым годзе вучылішча пераехала ва ўласны будынак у аграгарадок Парэчча Гродзенскага раёна, дзе створаны добрыя ўмовы для вучобы і пражывання навучэнцаў. Зараз тут у 8—11 класах вучацца 134 чалавекі. Дзейнічаюць профільныя класы ў інтарэсах Узброеных Сіл, органаў пагранічнай службы, Міністэрства ўнутраных спраў, Міністэрства па надзвычайных сітуацыях Рэспублікі Беларусь. У 2018 годзе набор у кадэцкае вучылішча быў павялічаны ў два разы, а конкурс склаў два чалавекі на месца. Як адзначыў В.А.Лісковіч, у будучыні колькасць навучэнцаў можа ўзрасці да 250 чалавек.

Пасля ўрачыстасцей кадэты зрабілі агульнае фота з ганаровымі гасцямі і раз’ехаліся ў вялікае звальненне — пачаліся восеньскія канікулы.

Надзея ВАШКЕЛЕВІЧ.
Фота аўтара.

Пакінуць каментарый

Ваш электронны адрас не будзе апублікаваны. Абавязковыя палі пазначаны *