Падчас выступленняў на сцэне васьмігадовая Марыяна Бабіч — навучэнка мінскай спецыяльнай школы № 188 для дзяцей з парушэннямі зроку, літаральна ўражвае гледачоў сваім уменнем іграць на некалькіх музычных інструментах — на скрыпцы, флейце і фартэпіяна. Сёлета дзяўчынка стала пераможцай гарадской конкурснай шоу-праграмы “Маленькая фея”, дзе ў вобразе Феі Музыкі яскрава прадэманстравала свае творчыя здольнасці.
Інтарэс да музыкі Марыяне прывіла мама Святлана Ігараўна — настаўніца музыкі ў школе, дзе вучыцца дзяўчынка, і старэйшы брат Багдан, які таксама іграе на фартэпіяна. Хлопчык акампаніруе малодшай сястры пры ігры на флейце і скрыпцы, брат і сястра часта выступаюць у дуэце. Нядаўна яны разам прымалі ўдзел у конкурсе “Стварэнне цуду”, дзе атрымалі дыплом І ступені.
Няпросты шлях
— Наша сям’я выбрала для сябе не самы просты жыццёвы шлях. І звязаны ён, перш за ўсё, з музычнай творчасцю, — расказвае Святлана Ігараўна Бабіч. — Мне заўсёды надавала ўпэўненасці памяць пра бацьку, які ў свой час быў загадчыкам кафедры музыкі ў Гродзенскім дзяржаўным універсітэце. Ён змог рэалізаваць творчыя памкненні, нягледзячы на тое, што ў маленстве ў часы вайны страціў зрок. Мне перадалася праблема са зрокам ад маці, як, дарэчы, і Марыяне. Багдан жа нарадзіўся з нармальным зрокам. Бацька мой памёр рана. Мама адна выхоўвала дзяцей, працавала на дзвюх работах. У яе не было магчымасці даць мне паўнацэнную музычную адукацыю. Зараз сваім дзецям я імкнуся даць тое, чаго сама была пазбаўлена ў дзяцінстве. Заўважыўшы творчыя здольнасці сына і дачкі, усімі сіламі стараюся развіваць іх. У гэтым мне дапамагае іх тата, мой муж Віталь Бабіч, таксама чалавек творчы і апантаны. Ён піша ў розных жанрах літаратуры і публіцыстыкі, з’яўляецца аўтарам слоў многіх песень. Дарэчы, пазнаёміліся мы з ім калісьці дзякуючы захапленню аўтарскай песняй.
Знакавая перамога
Навучэнцы 188-й школы для дзяцей з парушэннямі зроку, дзе вучыцца Марыяна, пастаянна ўдзельнічаюць у творчых конкурсах і фестывалях “Вясёлкавы карагод”, “Падары дзецям мару”, “Спявае піянерыя” і інш. Яны не прапусцілі ні адной праграмы “Маленькай феі”, якая сёлета была ўжо шостай па ліку. І ўпершыню ў гэтым годзе школа № 188 заняла на шоу 1 месца. Па правілах конкурсу ў ім могуць прымаць удзел дзяўчынкі (маленькія феі), якім споўнілася 8—9 гадоў, разам з групай падтрымкі, у якую, як правіла, уваходзяць іншыя дзеці, бацькі, педагогі. Кожны калектыў прадстаўляе ад зін з раёнаў сталіцы.
— У гэтым годзе я ўдзельнічала ў працэсе падрыхтоўкі да конкурсу “Маленькая фея” не толькі як настаўніца музыкі, але і як мама, паколькі адной з яго ўдзельніц была мая Марыяна, — гаворыць Святлана Ігараўна. — Ідэя творчага нумара, яго сцэнарый, рэжысура, музычная і харэаграфічная частка выступлення, а таксама касцюмы для ўдзельнікаў поўнасцю належаць педагогам 188-й школы, ЦДАДіМ “Кантакт” Цэнтральнага раёна Мінска і бацькам навучэнцаў.
Аўтарам сцэнарыя творчага нумара дзяцей з’яўляецца настаўніца геаграфіі і кіраўнік аб’яднання выхавальнікаў групы прадоўжанага дня Элеанора Іванаўна Кавалько.
— Рашэнне зрабіць Марыяну Феяй Музыкі ўзнікла адразу, тым больш што дзяўчынка ўжо праявіла сябе ў гэтым кірунку, ― адзначыла Элеанора Іванаўна. ― Ідэю падказала выхавальнік групы прадоўжанага дня 3 класа, дзе вучыцца дзяўчынка, Настасся Віктараўна Беражаніна. Пры падрыхтоўцы да “Маленькай феі” была выкарыстана прытча аб з’яўленні на Зямлі Феі Музыкі, якая змагла змяніць да лепшага людзей і адносіны паміж імі. Выступленне Марыяны і ўсёй яе творчай групы ўяўляла сабой міні-мюзікл. Галоўныя яго героі — Фея Музыкі (Марыяна Бабіч) і пачынаючы музыкант Саша Курачкін (Багдан Бабіч). Разам з імі выступалі дзеці 2—3 класаў, якія прадстаўлялі 7 нот і 2 ключы — скрыпічны і басовы. У адпаведнасці са сцэнарыем, Саша лянуецца, не хоча займацца музыкай, а фея з дапамогай сваіх цудадзейных сродкаў вяртае яму жаданне творчасці. На працягу выступлення дзяцей са сцэны гучала музыка, Марыяна дэманстравала цудоўную ігру на скрыпцы і флейце, а Багдан — на фартэпіяна. Дзяўчынка таксама спявала, танцавала і малявала.
Перамогу нашых навучэнцаў на конкурсе можна назваць адметнай, нават знакавай. Яны спаборнічалі нароўні са звычайнымі равеснікамі і адчувалі, што яны такія ж, як і ўсе. Нашы дзеці не проста развівалі свае здольнасці падчас дэкламавання вершаў, выканання музычных нумароў — яны забываліся пра свае слабасці, перамагалі іх. Яны зразумелі, што поспех ніколі не бывае лёгкім і, каб дасягнуць яго, трэба шмат працаваць. У той жа час удзел у конкурсе надаў нашым школьнікам упэўненасці ў сваіх сілах, якая дапаможа ім у далейшым жыцці пры пераадоленні перашкод, што сустрэнуцца на іх шляху.
Ператварыць здольнасці ў таленты
— Марыяна займаецца музыкай кожны дзень, іграе на скрыпцы, фартэпіяна і на флейце, прычым на аркестравай флейце пікала, прызначанай для дарослых, — расказвае пра сваю дачку Святлана Ігараўна. — Вучыцца дзяўчынка ў філіяле музычнай школы № 19, які працуе на базе сярэдняй школы № 188. Займаецца дадаткова танцамі і спевамі — як індывідуальнымі, так і ў складзе фальклорнага калектыву “Зорачка” Нацыянальнага цэнтра мастацкай творчасці дзяцей і моладзі.
Вядома, і фізічная, і псіхалагічная нагрузка на дзяўчынку пры паступленні ў музычную школу істотна ўзрасла. Дадому яна часам вяртаецца каля 9 гадзін вечара. У хвіліны надзвычайнай стомленасці да Марыяны нават прыходзіла думка кінуць заняткі музыкай. Але ўсё ж мы выстаялі, змаглі наладзіць у сям’і такі рэжым дня, каб паспяваць усё і без залішняй траты сіл. Вучыцца Марыяна добра. Свой час імкнецца арганізоўваць сама, самастойна плануе, якую справу і калі ёй трэба рабіць. Я актыўна дапамагаю ёй у штодзённых справах. Прысутнічаю на кожным уроку дачкі па скрыпцы, фартэпіяна, наведваю нават заняткі па сальфеджыа ў музычнай школе, каб ведаць, з якімі цяжкасцямі ў працэсе вучобы яна сутыкаецца. Марыяна вучыцца разам са звычайнымі дзецьмі, а паколькі яна мае парушаны зрок, то не заўсёды паспявае фіксаваць усю неабходную інфармацыю, якую паведамляе педагог.
Я ўпэўнена, што дзеці з парушэннямі зроку, як і звычайныя дзеці, здольны плённа вучыцца, працаваць і адпачываць. У музычных і мастацкіх школах, цэнтрах дадатковай адукацыі, секцыях і гуртках дзеці развіваюць свае шматлікія здольнасці, вытрымку і волю — тыя неацэнныя якасці, якія вельмі спатрэбяцца ім у жыцці. Дзіцячыя напрацоўкі дапамогуць ім у будучым знайсці справу па душы, выбраць прафесію.
Марыяна марыць стаць настаўніцай музыкі. Але для гэтага ёй неабходна прадоўжыць музычную адукацыю на больш высокім узроўні. А яшчэ дзяўчынка добра малюе, піша вершы і казкі.
У апошні час Марыяне ўсё часцей дапамагае яе старэйшы брат Багдан, які ў свае 12 гадоў стаў даволі самастойным. Ён для сястры з’яўляецца не толькі памочнікам, але і сябрам, і прыкладам у многіх справах. Па 4 гадзіны ў дзень ён займаецца на фартэпіяна, у выхадныя — па 6 гадзін. Багдан — неаднаразовы ўдзельнік фестываляў і конкурсаў. Сярод апошніх яго значных узнагарод дыплом лаўрэата III ступені IV Рэспубліканскага творчага радыёконкурсу “Маладыя таленты Беларусі” ў намінацыі “Інструментальная музыка, салісты”. З 2011 года Багдан вучыцца ў Рэспубліканскай гімназіі-каледжы пры Беларускай акадэміі музыкі ў класе дацэнта Наталлі Іванаўны Ташчылінай. Разам з вучнямі гэтага класа прымаў удзел у канцэрце фартэпіяннай музыкі ў Беларускай дзяржаўнай філармоніі. Спрабуе сам пісаць музыку. Навучыўся іграць на сінтэзатары і хоча асвоіць яшчэ адзін музычны інструмент — саксафон. Другі год займаецца ва ўзорным харэаграфічным ансамблі “Дзіця міру” Нацыянальнага цэнтра мастацкай творчасці дзяцей і моладзі.
Акрамя танцаў, Багдан захапляецца гісторыяй, камп’ютарнымі гульнямі, любіць канструяваць, гуляць у футбол і катацца на веласіпедзе. Хоча стаць прафесійным музыкантам, не толькі выканаўцам, але і кампазітарам. Марыць аб падарожжах па свеце. Плануе зрабіць у жыцці шмат карыснага для іншых людзей.
— Мы з мужам хацелі б, каб нашы дзеці сталі прафесійнымі музыкантамі, артыстамі, ёсць задума і пра сямейны ансамбль, — адзначае Святлана Ігараўна. — Калі ж Марыяна і Багдан выберуць іншыя прафесіі, я ўпэўнена, што любоў да музыкі, да музычных твораў яны пранясуць праз усё жыццё. Для нас, бацькоў, галоўнае, каб нашы дзеці ператварылі свае здольнасці ў таленты, а таленты дапамагалі ім быць шчаслівымі ў кожным пражытым дні.
Надзея ЦЕРАХАВА.