У Кванджу (Паўднёвая Карэя) завяршылася XXVIII Сусветная летняя ўніверсіяда, у якой прымала ўдзел і беларуская каманда. Нагадаем нашым чытачам, што ўніверсіяды з’яўляюцца студэнцкім аналагам Алімпійскіх гульняў. Сёлетняя студэнцкая алімпіяда зноў аказалася паспяховай для нашай краіны. І хоць паўтарыць поспех XXVII Сусветнай летняй універсіяды не ўдалося, Беларусь трапіла ў дваццатку лепшых спартыўных дзяржаў свету.
А вывелі яе на гэты ўзровень спартсмены, ужо згаданыя намі ў папярэднім аглядзе: кідальнікі молата Павел Барэйша і Сяргей Каламоец, плывец Яўген Цуркін і вясляркі Хрысціна Стараселец і Таццяна Клімовіч.
Вынік беларускай зборнай — 12 медалёў, сярод якіх 4 залатыя, 3 сярэбраныя і 5 бронзавых.
Сваё “золата” ў агульную скарбонку дабавіла студэнтка Брэсцкага дзяржаўнага ўніверсітэта лёгкаатлетка Таццяна Халадовіч. Чэмпіёнскі тытул кідальніцы кап’я прынесла пятая спроба, у якой беларуска адправіла снарад на 60.45 м. На другім месцы з вынікам 60.26 м прадстаўніца Латвіі Ліна Музэ, трэцяе месца ў чэшкі Ірэны Седзіва — 59.89 м.
Таксама ўдача ўсміхнулася тэнісістам Лідзіі Марозавай і Андрэю Васілеўскаму з Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта фізічнай культуры. Яны сталі першымі ў парным разрадзе, апярэдзіўшы пару з Вялікабрытаніі Аляксандра Уолкер — Дарэн Уолш і пару з Расіі Вераніка Кудзерметава — Аслан Карачоў.
Сапраўды зорным на ўніверсіядзе можна назваць поспех вядомай беларускай гімнасткі Меліціны Станюта, на рахунку якой адзін залаты, ад зін сярэбраны і два бронзавыя медалі. “Золата” Меліціна заваявала ў практыкаваннях са стужкай, “серабро” — у практыкаваннях з булавамі, “бронзу” ёй прынесла выступленне з абручом і індывідуальнае мнагаборства.
Усяго за крок ад п’едэстала спынілася наша гімнастка Кацярына Галкіна. Яе вынік — 4-е месца ў выступленні з булавамі. Кацярына стала 8-й у выступленнях з абручом і стужкай.
Лідарам турнірай табліцы ўніверсіяды з’яўляецца Карэя са 108 медалямі (47 залатых, 32 сярэбраныя і 29 бронзавых). На другім месцы каманда Расіі з 122 медалямі (34 залатыя, 35 сярэбраных і 45 бронзавых). На трэцім месцы каманда Кітая з 72 медалямі (34 залатыя, 22 сярэбраныя і 16 бронзавых). У лік лідараў трапілі такія краіны, як Японія, ЗША, Францыя, Італія, Украіна, Іран, Кітайскі Тайбэй, Казахстан, Германія, Літва, Польшча, Аўстралія, Беларусь, Вялікабрытанія, Чэхія, Бельгія, Тайланд.
Наталля АЛЁХІНА.