Пад мірным сонцам

У Мушынскім дзіцячым садзе — сярэдняй школе Мсціслаўскага раёна вядзецца сістэмная выхаваўчая работа, у якой на першым плане стаяць сустрэчы з Дзмітрыем Міхайлавічам Хомчанкам, адзіным, хто застаўся ў жывых, удзельнікам той вайны на ўвесь Мушынскі сельсавет.

Нарадзіўся Дзмітрый Міхайлавіч 12 ліпеня 1923 года. Нялёгкі лёс выпаў хлопцу з вёскі Кашаны Крычаўскага раёна Магілёўскай вобласці. Ён быў старэйшым дзіцем у сям’і, дзе было яшчэ шасцёра дзяцей. Таму, колькі памятае сябе, увесь час працаваў. Пасвіў жывёлу, нарыхтоўваў кармы, а калі крыху пасталеў, то ўзяў у рукі касу і плуг. І ўсё было б добра, калі б не вайна. У пачатку ліпеня 1941 года быў прызваны ў Чырвоную Армію. Трэба было абараняць Радзіму. Васямнаццацігадовага хлопца, якім бы складаным ні было становішча на фронце, адразу не кінулі пад кулі. Ён апынуўся ў далёкім тыле, у Благавешчанску, дзе стаў курсантам палкавой школы і вывучаў ваенную прафесію — стралка процітанкавага ружжа. Пачатак сваёй франтавой біяграфіі звязвае з баямі на Курскай дузе. Са сваім процітанкавым ружжом Дзмітрый Хомчанка апынуўся ў пяхоце на перадавой. А праз некаторы час на свае вочы ўбачыў фашысцкія “тыгры” і “фердынанды”.
— У першым жа баі зразумеў, што з процітанкавага ружжа прабіць броню гітлераўскага танка не ўдаецца. Адзіным слабым яго месцам была гусеніца, дакладней — яе звязка. Толькі ў выпадку пападання ў яе адбываўся разрыў гусеніцы — і танк пачынаў круціцца вакол сваёй восі. Экіпаж, які выскокваў на ўстараненне непаладкі, трапляў пад агонь пяхоты, — успамінае ветэран. — Такім чынам я вывеў са строю тры варожыя машыны.
За гэта належала ўзнагарода, але Дзмітрыю давялося нялёгка. У адным з баёў ён быў цяжка паранены ў ногі, і яго цудам вынеслі з поля бою. А ў далейшым — цяжкія месяцы ў медсанбатах, пасля якіх ён быў адпраўлены на месца дыслацыравання сваёй вайсковай часці. І зноў сяржанту давялося перавучвацца. Гэтым разам на вадзіцеля. Новую спецыяльнасць ён асвоіў хутка і нават стаў інструктарам для маладога папаўнення. З заканчэннем баявых дзеянняў у Германіі вайна для Дзмітрыя Міхайлавіча не скончылася. Загадам Вярхоўнага Галоўнакамандуючага ад 23 жніўня 1945 года за № 372 за выдатныя баявыя дзеянні ў вайне супраць імперыялістычнай Японіі Дзмітрыю Міхайлавічу Хомчанку была аб’яўлена падзяка. Пасля вяртання ў родную Беларусь працаваў вадзіцелем у саўгасе “Перамога” Мсціслаўскага раёна. Толькі пра сваё раненне не ўспамінаў: баяўся, што не пройдзе вадзіцельскую камісію.
За гэты час выраслі дзеці, унукі, падраслі і праўнукі. Яны не забываюць бацьку, дзядулю, прадзядулю. Піянеры — частыя госці ў Дзмітрыя Міхайлавіча: дроў насякуць, вады прынясуць, прыбяруць у доме, вясной пасадзяць, а ўвосень выкапаюць бульбу. Затаіўшы дыханне слухаюць дзеці ўспаміны ветэрана. І заўсёды на яго вачах з’яўляюцца слёзы.

Лілія МАЦВЕЕНКА,
намеснік дырэктара па асноўнай дзейнасці Мушынскага
дзіцячага сада — сярэдняй школы Мсціслаўскага раёна.
Фота аўтара.