Пад самымі аблокамі

Кожны год на Рэспубліканскі конкурс “Пазнай Радзіму — выхавай сябе” ў катэгорыі паходаў за межамі Беларусі прадстаўляюцца справаздачы падарожжаў па Карпатах. Гэта нядзіўна, паколькі маляўнічыя Карпаты самыя даступныя для беларусаў горы. Усяго 300 км ад Брэста — і ты сярод вяршынь, ахутаных аблокамі. Кожнае лета беларускія педагогі і навучэнцы праходзяць карпацкімі маршрутамі сотні кіламетраў. Зробім гэта і мы на старонках “Настаўніцкай газеты”. Нашымі праваднікамі стануць пераможцы двух папярэдніх фінальных этапаў конкурсу настаўнікі фізічнай культуры і здароўя Капцёўскай сярэдняй школы Гродзенскага раёна Сяргей Юр’евіч Паўленка і сярэдняй школы № 3 Бярозы Васіль Уладзіміравіч Новік.

Калі душа прагне экстрыму

Беларускае лета — 2018 у самым разгары. Гарачыня і спякота змяняюцца халаднаватым дажджом і парывістым паўночным ветрам, потым зноў наступае гарачыня і спякота, пасля прыходзяць ліўні — адным словам, сапраўдны экстрым. Такога ж экстрыму патрабуе летам і памяркоўная беларуская душа. Ёй хочацца адпачыць ад штодзённасці і акунуцца ў віхуру яркіх падзей. А дзе шукаць гэтыя падзеі? Канечне, у паходзе! У паходзе па гарах! Менавіта прага да экстрыму падштурхнула некалькіх жыхароў раўніннай Беларусі (у тым ліку аўтара гэтых радкоў) на пакарэнне няхай і не высокіх, як лічаць вопытныя альпіністы, але пакручастых і велічных карпацкіх вяршынь.

Калі хочаш экстрыму, у падарожжа можна адправіцца і без належнай падрыхтоўкі, без кансультацый з бывалымі турыстамі (лепш так не рабіць, асабліва ў дачыненні да Карпат з іх зменлівым надвор’ем). Мы ж да гэтай парады не прыслухаліся і замест спецыяльнага трэкінкавага абутку ўзялі звычайныя кеды, замест спецыяльнага адзення ад ветру і дажджу — спартыўны касцюм. Як вынік — у мокрых кедах і адзенні давялося цэлы тыдзень ісці па размяклых ад дажджу лясных карпацкіх дарогах, спаць у прамоклых палатках, захутвацца ў прамоклыя спальнікі. Затое мы здолелі пакарыць гару Татаруку (а гэта 1707 метраў над узроўнем мора) і паблукаць сярод аблокаў! А яшчэ прывезлі з Карпат поўны рукзак не толькі мокрага адзення, але і яркіх успамінаў!

Было тое ў далёкім 2010, дажджлівым для Карпат, годзе. Другі наш паход (мінулагодні, у спякотнае для Карпат лета) прайшоў ужо не так экстрэмальна (падчас падрыхтоўкі да яго мы вырашылі не рабіць ранейшых памылак, таму загадзя наведалі турыстычныя сайты, форумы і былі, як кажуць, у поўным абмундзіраванні), аднак яркіх уражанняў ад паходу па маршруце Манява — вадаспад Маняўскі — Старая Гута — г.Высокая — г.Ігравец — г.Малая Барэўка — г.Барэўка — г.Лопушна — г.Вялікая Сівуля — г.Малая Сівуля — Старая Гута таксама хапіла. Асабліва ўразілі каменныя заімшэлыя россыпы вялізных камянёў (гарганы) і таямнічыя яловыя лясы. Па Гарганах (самай маляўнічай і дзікай частцы Карпат) пралягала і частка маршруту групы Сяргея Юр’евіча Паўленкі.

Плануем маршрут

Карпаты — гэта любоў з першага паходу. І з кожным наступным падарожжам гэтае пачуццё становіцца больш моцным. Невыпадкова пасля чатырох паходаў па Карпатах Сяргей Юр’евіч збіраецца і ў пяты, а потым і ў шосты. Апошні паход быў пазамінулым летам, менавіта ён атрымаў у 2017 годзе дыплом І ступені на конкурсе “Пазнай Радзіму — выхавай сябе” ў намінацыі “Пешаходныя паходы 2 катэгорыі складанасці за межамі Рэспублікі Беларусь з навучэнцамі”. Паход праходзіў па маршруце Ярэмча — г.Сіняк — г.Малы Гаргань — г.Вядзмежык — г.Браткоўская — г.Руская — Ясіня — г.Петрас — г.Гаверла — Варохта. Працягласць маршруту склала 122 км, якія пад кіраўніцтвам Сяргея Юр’евіча былі пераадолены за 9 дзён юнымі ўдзельнікамі турыстычнага клуба “Норд” з Капцёўскай сярэдняй школы Гродзенскага раёна, сярэдняй школы № 11 і гімназіі № 3 Гродна, а таксама педагогамі Гродзенскага абласнога цэнтра турызму і краязнаўства і Гродзенскага раённага цэнтра турызму і краязнаўства.

Пры распрацоўцы турыстычнага маршруту па Карпатах звычайна выбіраецца або Чарнагорскі хрыбет, або хрыбет Свідавец, або Мармарошскі масіў, або Гарганы. Сяргей Юр’евіч прайшоў усе гэтыя мясціны ўздоўж і ўпоперак, а для большай разнастайнасці паходу вырашыў сумясціць у адным маршруце апошняга паходу Чарнагорскі хрыбет і частку Гарган. Кожны з гэтых раёнаў адметны сваім рэльефам, раслінным і жывёльным светам, а таксама краявідамі. Калі вы жадаеце наведаць самую высокую кропку ўкраінскіх Карпат гару Гаверлу (2061 м), то вам на Чарнагорскі хрыбет. Дарэчы, гэта самы папулярны карпацкі маршрут аж з 1880 года, аднак і самы шматлюдны. Рух тут не меншы, чым на тратуарах мінскага праспекта Незалежнасці ў гадзіну пік. Нягледзячы на папулярнасць, Чарнагорскі хрыбет, на якім знаходзяцца і Гаверла, і Петрас (2020 м), і Чорная гара (2020 м), адзін з найбольш складаных для праходжання. Калі ў цэлым у Карпатах надвор’е характарызуецца як зменлівае, то тут яно надзвычай зменлівае. За лічаныя хвіліны сонца можа схавацца за хмарамі — і пачнецца навальніца, таму пры падрыхтоўцы да пакарэння Чарнагорскага хрыбта варта як след падрыхтавацца. А яшчэ тут знаходзяцца высакагорныя азёры, што дадае маршруту асаблівую маляўнічасць.

У адрозненне ад шматлюднага Чарнагорскага хрыбта, у Гарганах нават за некалькі дзён паходу не факт, што вы сустрэнеце турыстычную групу. На вашым шляху хутчэй трапіцца карпацкая “чырванакніжніца” — вогненная саламандра (пацверджана ўласным вопытам), чым група такіх жа адчайных рамантыкаў. Цалкам верагодна, што вы сустрэнеце і мядзведжыя сляды або нават самога гаспадара тутэйшага жывёльнага свету (у Гарганах самая вялікая карпацкая папуляцыя мядзведзяў). Гарганы — найбольш дзікая частка Карпат, не толькі ўкраінскіх, але і румынскіх, польскіх, славацкіх. Менавіта ля падножжа і на вяршынях гор Сіняк (1665 м), Вядзмежык (1737 м), Браткоўскай (1788 м), а таксама на самай высокай кропцы Гарган Вялікай Сівулі (1836 м) можна адчуць усю веліч і чароўнасць Карпат. Пры планаванні паходу ў Гарганы трэба ўлічваць, што на вяршыні гор маршрут будзе праходзіць па вялізным россыпе камянёў (дакладней, давядзецца не ісці, а скакаць па камянях), якія мясцовыя жыхары і называюць гарганамі. Таму і падэшва абутку павінна быць асабліва трывалай. Разнайстайнай формы, заімшэлыя — на кожным камені прырода пакінула адметны малюнак, сапраўдны твор мастацтва. А як цудоўна гэтыя жоўтыя валуны выглядаюць на фоне блакітнага неба і аблокаў! Россыпы вялізных камянёў — гэта толькі адна з адметнасцей Гарган. Каб дабрацца да іх, варта пераадолець амаль бясконцыя зараснікі сланіку, а перад гэтым прайсці па яловых лясах, дзе амаль на кожным кроку сустракаецца буралом дзівоснай формы, падобны на міфічных істот.

Таямніча і карысна

Карпацкія лясы поўныя таямнічасці. Уявіце: ноч, лясная паляна, вакол — векавыя елкі і вяршыні гор. Сапраўдная глуш. І сярод гэтай глушы — турыстычная палатка, у якой, стомлены ад шматкіламетровага пераходу, ты намагаешся заснуць. Толькі выключаеш ліхтарык і заплюшчваеш вочы, як каля самай палаткі пачынаецца шапаценне, чмыханне, беганіна. Здаецца, ты дарослы чалавек і ў розныя прымхі і забабоны не верыш, а тваё сэрца пачынае калаціцца, нібыта кляновы лісток. Праходзіць амаль цэлая вечнасць, пакуль невядомы госць, нарэшце, знікае. Хто гэта быў? Ласка, воўк, мядзведзь ці проста мыш… А можа, міфічныя жыхары лясоў? Карпаты ў ХХІ стагоддзі ўсё такія ж таямнічыя, загадкавыя, як і ў часы Улада ІІІ Цепеша (правобраза знакамітага Дракулы), чый замак і цяпер узвышаецца над Карпатамі (іх румынскай часткай).

Па словах Сяргея Юр’евіча Паўленкі, падчас паходу навучэнцы ўдасканалілі свой фізічны стан, замацавалі веды, уменні, атрыманыя на занятках па тэхніцы пешаходнага турызму, навучыліся прымяняць гэтыя навыкі на практыцы. Яны ўжо ведаюць, як хутка раскласці агонь у складаных умовах надвор’я, як правільна спакаваць рукзак, устанавіць палатку, бяспечна дзейнічаць у экстрэмальных сітуацыях, адпрацавалі ў складаных умовах тэхніку пераадолення разнастайных перашкод, навучыліся прымяняць на практыцы веды па асновах пажарнай бяспекі, паводзін на вадзе, дзеянняў у надзвычайнай сітуацыі, пры магчымай сустрэчы з дзікімі жывёламі. Паход па Карпатах — гэта яшчэ і цудоўная нагода пашырыць свае веды па гісторыі, геаграфіі і культуры мясцовасці, пра клімат, рэльеф, гідраграфію, раслінны і жывёльны свет, помнікі гісторыі і культуры гэтага цудоўнага краю. Паход таксама садзейнічае экалагічнаму і эстэтычнаму выхаванню турыстаў.

— Рамантыка — асноўная прычына паходаў у Карпаты. Толькі дзеля таго, каб пастаяць на вяршынях сярод аблокаў або над аблокамі і палюбавацца маляўнічымі даляглядамі, ужо варта пераадольваць дзясяткі кіламетраў. Кожны, хто праходзіць запланаваны карпацкі маршрут, пераможца. І як вынік перамогі над сваёй стомленасцю — тая прыгажосць, што адкрываецца перад табой на вяршынях. Той, хто хоць раз бываў у гарах, ніколі не адмовіцца ад прапановы яшчэ раз здзейсніць туды паход. Я б і пяты, і шосты раз пайшоў у Карпаты, тым больш што турыстам, асабліва беларускім, там заўсёды рады. У Карпатах жывуць вельмі гасцінныя, прыветлівыя, працавітыя людзі. У гэтым я пераконваўся і падчас першага свайго карпацкага паходу — у 2010 годзе, і падчас апошняга — у 2016. Упэўнены, пераканаюся яшчэ не раз, — падзяліўся Сяргей Юр’евіч. Паход ва ўкраінскія Карпаты будзе даспадобы таму, хто хоча паглыбіцца ў свет дзікай, некранутай прыроды, адпачыць ад штодзённай мітусні вялікага горада. Крыштальна чыстае паветра і такая ж крыштальна чыстая і сцюдзёная вада з крыніц, смачныя чарніцы, брусніцы і маляўнічыя далягляды — у Карпатах адпачне і цела, і душа. Каб гэты адпачынак не быў азмрочаны рознымі непрадбачанымі сітуацыямі, да паходу варта падрыхтавацца загадзя і памятаць пра пераменлівасць карпацкага надвор’я, дарэчы, такога ж экстрэмальнага, як і сёлетняе беларускае. Лета — найлепшы час для пешых паходаў па Карпатах. Нягледзячы на спёку, ісці камфортна. Большая частка маршруту, асабліва ў Гарганах, праходзіць па цяністых яловых (смярэкавых, як называюць іх мясцовыя жыхары) і букавых лясах. А смагу можна заўсёды спатоліць чысцюткай сцюдзёнай вадой з горных ручаёў і рэк. А колькі летам тут ягад, колькі грыбоў, духмяных траў! Усё гэта будзе цудоўным дадаткам да таго запасу ежы, які вы возьмеце ў паход.

Цывілізаваны адпачынак

Тым, хто захоча палюбавацца прыгажосцю Карпат і пры гэтым адпачыць больш цывілізавана (прыняць пасля цяжкага дня душ, пераначаваць не ў палатцы, а ва ўтульным доме), варта завітаць у Татры — самую высокую частку Карпат, якая знаходзіцца на тэрыторыі Польшчы і Славакіі. Найбольшай папулярнасцю сярод беларусаў карыстаюцца польскія Татры. Паход па гэтай больш цывілізаванай частцы Карпат падыдзе не толькі тым, хто не хоча адмаўляцца ад бытавога камфорту, але і турыстам-пачаткоўцам. Менавіта па Татрах адправіўся ў жніўні 2015 года разам з удзельнікамі турыстычнага клуба “Рамантык” сярэдняй школы № 3 Бярозы яго кіраўнік Васіль Уладзіміравіч Новік. Па выніках Рэспубліканскага конкурсу “Пазнай Радзіму — выхавай сябе” паход бярозаўскіх “рамантыкаў” у 2016 годзе адзначаны дыпломам І ступені ў намінацыі “Пешаходныя паходы 1 катэгорыі складанасці за межамі Рэспублікі Беларусь з навучэнцамі”. Праходзіў паход па маршруце Закапанэ — даліна Стронзыска — г.Грубовеска — даліна Мітусія — даліна Косцэліска — т.б.“Орнак” — даліна Хахалувска — г.Гімняк — г.Каспоравы Верх — даліна Гаісянцова — т.б.“Мураванец” — т.б.“Даліна Пяці Азёр” — даліна Сухія Воды — Закапанэ. За 6 дзён было пройдзена 126 км.

— Усходнія і Заходнія Татры — гэта адзін з найбольш любімых сярод турыстаў горных раёнаў Польшчы. Нікога не пакідае абыякавым разнастайнасць прыродных ландшафтаў і маляўнічасць краявідаў гэтай тэрыторыі. Нядзіўна, што мясцовы нацыянальны парк за год наведваюць больш за 10 мільёнаў турыстаў. На ўсіх асноўных сцежках і дарогах устаноўлены ўказальнікі, смеццевыя бакі і біяпрыбіральні. Транспарт у парку конны, ёсць таксама канатная дарога. На спецыяльных машынах перамя-шчаюцца толькі служба аховы парку і аўтамабілі з прадуктамі. Усё, што робіцца ў парку, накіравана на прыцягнення турыстаў: праводзяцца рэканструкцыі культурна-гістарычных аб’ектаў, маркіруюцца турыстычныя і экскурсійныя сцяжыны, вялікая ўвага ўдзяляецца экалагічнаму стану, абсталёўваюцца новыя турыстычныя базы, будуюцца ахоўныя палосы супраць выветрывання і лавін. У горных турыстычных базах працуюць магазіны. Мабільная сувязь дзейнічае на ўсім маршруце. У кожным прытулку ёсць і інтэрнэт, і электрычнасць, і душ, і ўсе неабходныя ўмовы, каб адпачыць пасля цяжкага паходнага дня. Вось як трэба прыцягваць турыстаў! Нам ёсць чаму павучыцца ў суседзяў. Турыстычная папулярнасць Татраў залежыць не столькі ад іх прыгажосці, маляўнічасці, колькі ад арганізаванай, прадуманай турыстычнай інфраструктуры, — падзяліўся Васіль Уладзіміравіч.

Па словах педагога, што тычыцца маляўнічасці краявідаў, то паміж польскімі Татрамі і ўкраінскімі Карпатамі практычна няма адрозненняў. Адрозненні — у падыходзе да арганізацыі маршрутаў і турыстычнай інфраструктуры. У Татрах знаходзіцца нацыянальны парк, дзе паўсюль (чаго не скажаш пра ўкраінскія Карпаты) забаронена ставіць палаткі. Адзінае месца, дзе гэта дазваляецца, знаходзіцца каля возера Марское Вока. Пераначаваць можна толькі ў спецыяльных горных прытулках. Па словах Васіля Уладзіміравіча, пры планаванні паходу ў польскую частку Карпат варта браніраваць месцы ў прытулках загадзя, прыкладна за тры месяцы, таму што Татры надзвычай папулярныя сярод турыстаў з усяго свету. Аднак і адсутнасць месцаў не стане перашкодай. Супрацоўнікі нацыянальнага парку з разуменнем адносяцца да турыстаў і абавязкова знойдуць ім месца для начлегу, нават на падлозе. Нават калі ўсё перапоўнена, на вуліцы не застанецца ніводны турыст.

— Мы прыйшлі на горны прытулак “Мураванец”, а ён быў цалкам запоўнены. Нам прапанавалі прайсці метраў 600 у суседні прытулак, аднак і там было ўсё занята. Тады дырэктар “Мураванца” адвёз на ноч персанал, які працуе ў прытулку, у Закапанэ, а нас размясціў на іх месцы. Быў і такі выпадак. У першы дзень паходу мы не дайшлі да запланаванага месца начлегу і спыніліся на паляне, паставілі палаткі. Раніцай да нас пад’ехалі супрацоўнікі нацыянальнага парку і ветліва пацікавіліся, хто мы, адкуль, чаму паставілі палаткі. Па законе, мы павінны былі заплаціць вялізны штраф, аднак палякі ўбачылі, што мы вогнішча не палілі, смецце пасля сябе не пакінулі, ежу гатавалі на прымусе, таму і адпусцілі нас, а яшчэ пахвалілі беларусаў за сумленнасць, — падзяліўся педагог.

З любоўю да беларусаў

Прыемна, што такія станоўчыя ўражанні склаліся ў палякаў пра нашых землякоў. Наогул, беларусаў любяць і ў польскіх Татрах, і ва ўкраінскіх Карпатах, таму ніякіх маральных перашкод для наведвання гэтых маляўнічых мясцін няма. Адзіная перашкода — гэта ваша фізічная магчымасць пераадолець пэўны турыстычны маршрут. Калі не хочаце цалкам пазбаўляцца ўсіх даброт цывілізацыі — калі ласка, прыязджайце ў Татры. Калі жадаеце рамантычнага ці экстрэмальнага адпачынку з палаткамі, вечаровым вогнішчам на фоне зор і горных вяршынь, тады вам у Гарганы або да Чарнагорскага хрыбта. Адным словам, гасцінная карпацкая зямля ласкава запрашае.

Ігар ГРЭЧКА.
Фота аўтара і з архіва С.Ю.ПАЎЛЕНКІ і В.У.НОВІКА.