Пад сузор’ем “Прыдзвінскай вясны”

Ушаччына ў гэтыя дні апынулася ў фокусе турыстычнага жыцця паўночнага рэгіёна. На возеры Вечаллі праходзяць адразу два абласныя турыстычныя злёты: з 22 па 24 мая спаборнічалі навучэнцы, а 25 мая эстафету прынялі педагагічныя работнікі.

Турысты Віцебшчыны неаднойчы пацвярджалі званне чэмпіёнаў. Каманда навучэнцаў штораз перамагае ў рэспубліканскіх спаборніцтвах па турыстычна-прыкладным мнагаборстве ў тэхніцы пешаходнага турызму, трывала ўваходзіць у лідарскую тройку па шэрагу іншых напрамкаў. Найвышэйшую планку трымаюць і педагагічныя работнікі. У вобласці склалася адметная сістэма работы па падтрымцы і развіцці спартыўнага турызму. Адкрывае сезон “Прыдзвінская вясна” — рэгіянальнае першынство па турыстычна-прыкладным мнагаборстве ў тэхніцы пешаходнага турызму, якое праводзіцца з 2006 года. Арганізатарамі спаборніцтва выступаюць упраўленне адукацыі аблвыканкама, абласны цэнтр фізічнага выхавання і спорту навучэнцаў і студэнтаў, абласны Палац дзяцей і моладзі. Сёлета пад сузор’ем “Прыдзвінскай вясны” ў дзіцяча-аздараўленчым лагеры “Дружныя рабяты” сустрэліся 12 каманд. Праграма прадугледжвала асабістае і каманднае праходжанне доўгай і кароткай дыстанцый; пераможцам стала зборная Віцебскага раёна, прызёрамі — зборныя Віцебскага гарадскога цэнтра дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі, а таксама Палаца дзяцей і моладзі Наваполацка. “Прыдзвінская вясна” — традыцыйны падрыхтоўчы этап да ўдзелу ў рэспубліканскіх і міжнародных спаборніцтвах. Разам з тым — практычна як і ўсё турыстычныя мерапрыемствы — гэта чарговая адкрытая лабараторыя з майстар-класамі для студэнтаў выпускных курсаў профільных спецыяльнасцей, настаўнікаў, педагогаў дадатковай адукацыі.

— Мы не проста арганізоўваем абласныя спаборніцтвы, але і паказваем калегам, як правільна арганізаваць такія ж у сваім раёне, горадзе, — расказвае намеснік дырэктара абласнога Палаца дзяцей і моладзі начальнік аддзела турызму і краязнаўства Алег Тварановіч. — Напрыклад, падчас “Прыдзвінскай вясны” праходзілі падрыхтоўку слухачы курсаў, якія мы праводзім для педагогаў разам з абласным Інстытутам развіцця адукацыі, і студэнты факультэта фізічнай культуры і спорту ВДУ імя П.М.Машэрава — будучыя настаўнікі. Падобныя курсы арганізоўваюць і ў сталіцы, але там яны арыентаваны найперш на інавацыі ў сферы турызму. А ў нас маюць выразную прыкладную, практычную скіраванасць. Яшчэ адзін важны момант: разам з лепшымі камандамі па абласным рэйтынгу запрашэнне на першынство атрымліваюць навічкі, хто толькі пачаў выступаць: на гэты раз да нас далучылася Дуброўна. Азначаная мадэль працуе не першы год, і вынік ёсць. Зусім нядаўна нашы навучэнцы выдатна выступілі на рэспубліканскіх спаборніцтвах у Магілёўскай вобласці, наперадзе — новыя старты, у тым ліку ў ліпені — турыстычны злёт навучэнцаў Саюзнай дзяржавы ва Уладзімірскай вобласці Расійскай Федэрацыі. Упэўнены, што мы будзем дастойнымі сапернікамі самым моцным камандам.

Таццяна БОНДАРАВА.
Фота аўтара.

Пакінуць каментарый

Ваш электронны адрас не будзе апублікаваны. Абавязковыя палі пазначаны *