Пад ветразем да перамогі

- 10:52Навіны рэгіёнаў

Святлана Сліва, метадыст Мазырскага цэнтра тэхнічнай творчасці дзяцей і моладзі, узнагароджана дыпломам I ступені Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь. На ХIХ Рэспубліканскай выставе навукова-метадычнай літаратуры, педагагічнага вопыту і творчасці навучэнскай моладзі сярод устаноў дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі па тэхнічным профілі яна прадставіла вучэбна-метадычны комплекс “Стэндавы мадэлізм” і дапаможнік “Арганізацыя і правядзенне выхаваўчых мерапрыемстваў з навучэнцамі ў гуртках тэхнічнай творчасці”.

У сістэме дадатковай адукацыі Святлана Рыгораўна 20 гадоў — з’яўляецца метадыстам і педагогам дадатковай адукацыі аб’яднання па інта­рэсах “Стэндавы мадэлізм”. Яе захапленне вырабам парусных караблёў перадалося навучэнцам.

— На працягу многіх гадоў мы з’яўляемся пераможцамі розных конкурсаў і выстаў, — адзначае Святлана. — Адно з апошніх дасягненняў — перамога ў абласным аглядзе інавацыйнай і тэхнічнай творчасці навучэнцаў. Мая выхаванка Віталіна Музычэнка была ўзнагароджана дыпломам І ступені. Сама таксама ­ўдзельнічаю ў розных конкурсах і выставах.

Прадстаўлены на рэспубліканскай выставе вучэбна-метадычны комплекс Святланы Слівы ўтрымлівае метадычны матэрыял разгорнутых планаў-канспектаў заняткаў аб’яднання па інтарэсах “Стэндавы ма­дэлізм” і разлічаны на аказанне дапамогі выкладчыкам тэхнічнай працы ў сістэме агульнай сярэдняй адукацыі, педагогам дадатковай адукацыі па тэхнічнай творчасці з навучэнцамі і метадыстам пры рэалізацыі праграмы аб’яднання па інтарэсах “Стэндавы ма­дэлізм”. У дадатку да вучэбна-метадычнага комплексу распрацаваны і апрабаваны на занятках дапаможнік для дзяцей “Караблі Пятра I” і “Выраб мадэлі паруснага карабля” з выкарыстаннем тэхналогіі QR-кода. Гэты комплекс дапаможа ў рабоце як пачаткоўцам, так і дасведчаным педагогам, якія часта не маюць магчымасці знайсці час для пошуку і абагульнення інфармацыйных рэсурсаў.

Ірына АСТАШКЕВІЧ.