Пад ветразем школы і сям’і

На Маларытчыне не адзін год існуе цудоўная традыцыя — сустрэча настаўнікаў і выхавальнікаў, якія знаходзяцца на заслужаным адпачынку. Усе яны жывуць успамінамі пра свае ўстановы адукацыі, чэрпаюць там сілы і з нецярпеннем чакаюць сустрэч з калегамі. Гэта дорыць былым педагогам не толькі пазітыўныя эмоцыі, але і адчуванне ўвагі і клопату. Нездарма кажуць, што педагогі жывуць да таго часу, пакуль пра іх памятаюць.

Чарговая сустрэча адбылася ў сярэдняй школе № 2 Маларыты. Мерапрыемства арганізавалі раённая арганізацыя Беларускага прафсаюза работнікаў адукацыі і навукі, раённы Савет ветэранаў педагагічнай працы пры падтрымцы раённага аддзела адукацыі, спорту і турызму.

У мерапрыемстве ўдзельнічалі ветэраны педагагічнай нівы і педагагічныя сем’і. Сустрэча праходзіла ў сяброўскай атмасферы за чаем і нагадвала вялікі педсавет, дзе кожны мог выступіць і выказацца. Дзякуючы Маларыцкаму раённаму цэнтру дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі, была падрыхтавана цікавая культурная праграма. На працягу ўсяго мерапрыемства ў адрас педагогаў, аб’яднаных жыццёвай мудрасцю, вялікім вопытам, прафесійным майстэрствам і адданасцю любімай справе, прагучала шмат цёплых і шчырых слоў.

Сёння на Маларытчыне налічваецца амаль 60 педагагічных сем’яў. Сярод іх — сем’і Наталлі Пятроўны і Вячаслава Мікалаевіча Зезюковых (Олтушская сярэдняя школа), Галіны Уладзіміраўны і Мікалая Васільевіча Баліцэвіч, Марыі Віктараўны і Мікалая Паўлавіча Клебановіч (Лукаўская сярэдняя школа), Веры Фёдараўны і Анатоля Фёдаравіча Ніканчук (Чарнянская сярэдняя школа), Галіны Васільеўны і Пятра Рыгоравіча Федчык (Збуражскі дзіцячы сад — сярэдняя школа), Людмілы Паўлаўны і Мікалая Цімафеевіча Піпко (былая Хмялёўская базавая школа), Вольгі Ігнатаўны і Вадзіма Мікалаевіча Піпко (Гвозніцкі дзіцячы сад — сярэдняя школа), Галіны Пятроўны і Івана Рыгоравіча Кульбеда (Ляхавецкі дзіцячы сад — сярэдняя школа), Ніны Іванаўны і Валерыя Пятровіча Наўрось (Арэхаўская сярэдняя школа), Людмілы Пятроўны і Міхаіла Аляксандравіча Пастаўнёвых (Вялікарыцкая сярэдняя школа), Соф’і Лаўрэнцьеўны і Пятра Іванавіча Якубчык (сярэдняя школа № 1 Маларыты) і інш.

Падчас мерапрыемства яго ўдзельнікі разам складалі ўніверсальны рэцэпт шчаслівай педагагічнай сям’і, які агучылі напрыканцы сустрэчы.

Мікалай НАВУМЧЫК,
намеснік дырэктара па вучэбна-метадычнай рабоце
Маларыцкай раённай гімназіі.
Фота аўтара.

Пакінуць каментарый

Ваш электронны адрас не будзе апублікаваны. Абавязковыя палі пазначаны *