Пад ветразямі мары

- 12:18Актуально, На парадку дня

Баль выпускнікоў Мінскага раёна “Пад пунсовым ветразем мары” прайшоў на базе каладзішчанскай сярэдняй школы № 2. На ўрачыстасць сабраліся лепшыя выпускнікі школ і гімназій прысталічча, іх бацькі, а таксама кіраўнікі ўстаноў адукацыі.

У Мінскім раёне сёлета завяршаюць навучанне 2177 дзевяцікласнікаў, з іх 108 атрымаюць пасведчанні з адзна­кай. З 942 выпускнікоў 11-х класаў 70 стануць уладальнікамі залатых і сярэбраных медалёў.

Атэстаты асаблівага ўзору і медалі выпускнікам, а таксама лісты падзякі бацькам уручыла начальнік упраўлення па адукацыі Мінскага райвыканкама Людміла Лукша. Сімвалічна, што медалісты і іх бацькі для ўзнагароджання прайшлі па чырвонай дарожцы пад агульныя апладысменты.

У конкурсе “Выпускнік года” Мінскага раёна сёлета ўдзельнічалі 79 чалавек. Пераможцай у намінацыі “За высокія дасягненні ў вучэбнай дзейнасці, алімпіядным руху, інтэ­лектуальных конкурсах” прызнана Соф’я Амбражэйчык — выпускніца дзіцячага сада — сярэдняй школы в.Старое Сяло. За высокія дасягненні ў творчай дзейнасці адзначаны Аляксей Гром, выпускнік Крупіцкай сярэдняй школы, а ў намінацыі “За высокія дасягненні ў спорце” перамог Віктар Сухалет, выпускнік дзіцячага сада — сярэдняй школы в.Новае Поле. 

Уладальніцай галоўнага прыза і дыплома “Выпускнік года — 2022” стала Карына Чура, выпускніца Сеніцкай сярэдняй школы імя Янкі Купалы.

Дзяўчына мае перамогі ў алімпіядах па беларускай мове і літаратуры, у тым ліку на ўзроўні рэспублікі, яна ўдзельніца раённых і абласных праектаў, член школы актыву навучэнцаў Мінскай вобласці “Лідар”, старшыня школьнай асацыяцыі вучнёўскага самакіравання “ШАНС” і кіраўнік лектарскай групы з ліку навучэнцаў у праекце “ШАГ”. Як экскурсавод школьнага літаратурнага музея імя Янкі Купалы Карына выступала на рэспубліканскім конкурсе музеяў устаноў адукацыі, дзе заваявала дыплом ІІ ступені.

У сваіх пажаданнях выпускнікам прысталічча педагогі і бацькі выказалі ўпэўненасць, што маладыя людзі абавязкова знойдуць прымяненне сваім ведам і здольнасцям на роднай зямлі і змо­гуць змяніць гэты свет да лепшага. Большасць выпускнікоў, як ужо вядома, плануюць прадоўжыць навучанне ва ўстановах вышэйшай адукацыі. У прыярытэце — спецыяльнасці медыцынскага, сельскагаспадарчага, педагагічнага профіляў, інфармацыйныя тэхналогіі.

Надзея ЦЕРАХАВА.
Фота Алега ІГНАТОВІЧА.