Пад вяршынямі Цянь-Шаня

- 13:59V з’езд настаўнікаў і работнікаў адукацыі дзяржаў — удзельніц СНД

Амаль 4,5 тысячы кіламетраў раздзяляюць Мінск і Бішкек. Нядзіўна, што ад камандзіроўкі ў Кыргызстан прадстаўнікі беларускай дэлегацыі V З’езда настаўнікаў і работнікаў адукацыі дзяржаў — удзельніц СНД чакалі ў першую чаргу экзотыкі. І яна была. Аднак тры дні знаёмства з гасціннай Кыргызскай Рэспублікай засведчылі, што падабенстваў паміж нашымі краінамі куды больш, чым адрозненняў. І першае падабенства — гэта… бярозы. Мы не спадзяваліся, што ля падножжа Цянь-Шаня нас гэтак жа ласкава, як на Радзіме, будуць вітаць беластволыя прыгажуні, апранутыя ў залатое ўбранства. Падабенствы ў прыродным, гістарычным плане сустракаліся практычна на кожным кроку, як і падабенствы ў плане арганізацыі выхаваўчай работы з навучэнцамі.

Сімвалы дзяржавы

Другое (і самае галоўнае) падабенства — гэта шчырая любоў і кыргызаў, і беларусаў да роднага краю. Падчас наведвання ўстаноў адукацыі Бішкека здавалася, што 2018 год аб’яўлены Годам малой радзімы не толькі ў Беларусі, але і ў Кыргызстане. На сценах калідораў, актавых залаў і фасадах будынкаў устаноў адукацыі — вобразы мілыя роднага для кыргызаў краю, цытаты з народнага эпасу і твораў Чынгіза Айтматава, 90-годдзе якога шырока адзначаецца сёлета ў Кыргызстане. Пра павагу кыргызаў да роднага, нацыянальнага сведчыць, у прыватнасці, назва Міжнароднага аэрапорта Бішкека, які носіць імя легендарнага Манаса.

Аднак найбольш яскрава патрыятызм жыхароў цэнтральна-азіяцкай краіны засведчаны ў выявах дзяржаўных сімвалаў. Дзяржаўны сцяг уяўляе сабой палотнішча чырвонага колеру, у цэнтры якога размешчаны круглы сонечны дыск з 40 залацістымі промнямі. У сярэдзіне сонечнага дыска — чырвоны цюндзюк кыргызскай юрты. Чырвоны колер сцяга сімвалізуе доблесць і адвагу кыргызскага народа, залатое сонца ўвасабляе спакой і багацце, а цюндзюк (кола на вяршыні юрты) з’яўляецца сімвалам бацькоўскага дома, у больш шырокім разуменні — Сусвету.

На Дзяржаўным сцягу Кыргызстана нездарма змешчана менавіта 40 промняў. Гэтая лічба сімвалізуе 40 кыргызскіх плямёнаў, якія аб’яднаў калісьці ў адну дзяржаву легендарны волат Манас. А вось выява крэчата Манаса займае цэнтральнае месца на Дзяржаўным гербе Кыргызстана. Распасцёртыя крылы птушкі сімвалізуюць свабоду краіны. Знаходзіцца на гербе і выява галоўнай жамчужыны Кыргызстана — возера Ісык-Куль, акружанага высокімі скалістымі хрыбтамі. Асветленыя сонцам белыя вяршыні гор сваімі абрысамі нагадваюць традыцыйны кыргызскі мужчынскі галаўны ўбор.

Шануй чужое, сваё любі

Для кыргызаў Манас — гэта не проста легендарны волат, гэта сімвал Радзімы, фігура, якая аб’ядноўвае кыргызаў розных пакаленняў у іх любові да роднага краю. Яшчэ Манас — гэта назва народнага эпасу, дарэчы, самага вялікага ў сусветнай фальклорнай спадчыне. Эпас спалучае гістарычную рэчаіснасць і міфы і з’яўляецца найбольш вядомым творам на кыргызскай мове. Эпас насычаны мноствам захапляльных сцэн бітваў, у ім расказваецца пра любоў да Радзімы і сям’і, якую кыргызы апяваюць у сваіх песнях стагоддзе за стагоддзем. У першай частцы эпасу расказваецца пра самога Манаса. У другой — пра яго сына Семетэя, у трэцяй — пра жыццё ўнука Сейтэка.

Эпас быў складзены на аснове народных легенд і паданняў, з якіх можна даведацца, што кыргызы былі выгнаны са сваёй радзімы кітайскімі войскамі на тэрыторыю Алтая. Тут і нарадзіўся Манас. З дзіцячых гадоў ён адрозніваўся фізічнай сілай, шчодрасцю. Калі кітайскі імператар даведаўся пра славу Манаса, то накіраваў на яго забойства атрад воінаў. Аднак Манас разбіў варожае войска, аб’яднаў кыргызскія плямёны і вярнуў ім Радзіму. Знакамітым волатам быў і сын Манаса — Семетэй, які разам з сябрамі здзейсніў шмат подзвігаў. Трэцяя частка расказвае пра Сейтэка, які выхоўваўся сярод ворагаў бацькі, не ведаючы пра сваё паходжанне. Складаецца апошняя частка эпасу з аповеду пра сталенне Сейтэка, раскрываецца таямніца яго паходжання, выгнанне ворагаў і вяртанне да свайго народа.


“Манасазнаўства” — так называецца цыкл заняткаў ва ўстановах адукацыі Кыргызстана, на якіх вывучаецца жыццё і подзвігі Манаса. З асаблівасцямі выкладання гэтага прадмета беларуская дэлегацыя азнаёмілася падчас наведвання школы-гімназіі № 20 Бішкека. Менавіта тут мы першы раз пераканаліся, што, нягледзячы на вялікую геаграфічную адлегласць, у беларускай і кыргызскай сістэмах адукацыі створана агульная выхаваўчая прастора. Дастаткова было падысці да спецыяльнай шафы, дзе захоўваюцца кубкі і дыпломы, атрыманыя навучэнцамі і педагогамі ўстановы за перамогу ў шматлікіх конкурсах і спаборніцтвах: спартакіяда, танцавальны конкурс-фестываль, конкурс “Юны інспектар дарожнага руху”, конкурс экалагічных агітбрыгад. Цэнтрам выхаваўчай работы з’яўляецца школьны музей “Вехі гісторыі”. Як паведаміла намеснік дырэктара па выхаваўчай рабоце Любоў Анатольеўна Лысянкова, музей “Вехі гісторыі” быў створаны ў 2008 годзе да 80-годдзя Чынгіза Айтматава. З цягам часу канцэпцыя музея змянілася. Адзін з раздзелаў прысвечаны Вялікай Айчыннай вайне.

— Наша рэспубліка ў адрозненне ад Беларусі, якая была ў эпіцэнтры ваенных падзей, знаходзілася вельмі далёка ад фронту, аднак мы памятаем пра подзвіг савецкага салдата. Экспазіцыя дазваляе дзецям акунуцца ў тую эпоху, даведацца, які подзвіг здзейснілі ў тым ліку нашы землякі. Музейныя матэрыялы раскрываюць тэму тылу, жанчыны на вайне, партызанскага руху. Асобная тэма — “Кыргызстан у гады вайны”. На фронт з нашай рэспублікі пайшлі ваяваць 365 тысяч салдат, а гэта на той час кожны чацвёрты жыхар. Адметнай падзеяй ваенна-патрыятычнага выхавання ў нашай установе з’яўляецца ўдзел настаўнікаў і вучняў у традыцыйнай акцыі “Бессмяротны полк”. Трэці раздзел экспазіцыі прысвечаны тэме Вялікай Айчыннай вайны ў творах Чынгіза Айтматава. Акрамя таго, у музеі захоўваюцца асабістыя рэчы пісьменніка, якія былі падораны яго родзічамі. Мы ганарымся гэтымі экспанатамі, бо яны таксама часцінка нашай гісторыі. На базе музея праводзім урокі гісторыі, літаратуры, кыргызскай мовы, — паведаміла Любоў Анатольеўна.

Апошнія гады для кыргызскай мовы ў Кыргызстане з’яўляюцца перыядам актыўнага адраджэння. Пры гэтым асаблівы статус нададзены рускай мове, актыўна вывучаецца англійская. Усё робіцца для таго, каб кыргызскія навучэнцы вольна адчувалі сябе ў любым асяроддзі, свабодна наладжвалі кантакты і сяброўскія адносіны з аднагодкамі з усяго свету. Вобразы роднай прыроды і фрагменты з народнага эпасу, якімі ўпрыгожаны калідоры ўстаноў адукацыі, выдатна сведчаць пра тое, што кыргызы сваё любяць. Пры гэтым шануюць і чужое. На ўроках замежнай мовы актыўна вывучаецца культура іншых краін, наладжваюцца сяброўскія зносіны з установамі адукацыі з розных куточкаў свету, у першую чаргу з суседніх краін. У гэтым выдатна пераканала знаёмства з работай Аўтарскага вучэбна-выхаваўчага комплексу школы-гімназіі № 6 Бішкека імя І.В.Панфілава, якая неаднаразова прызнавалася лепшай інавацыйнай установай адукацыі Кыргызстана.

— Патрыятычнае выхаванне навучэнцаў у нашай гімназіі — гэта сістэмная і мэтанакіраваная работа. Мы лічым, што самае галоўнае набыццё чалавека ў перыяд дзяцінства і вучнёўства — гэта вера ў сябе, у пачуццё ўласнай годнасці. Гэтыя якасці неабходна фарміраваць у працэсе патрыятычнага выхавання з дапамогай розных сродкаў і спосабаў. Гераічная барацьба, подзвігі лепшых сыноў Айчыны павінны стаць асновай патрыятычнага выхавання. Распавядаючы пра гераічных асоб, мы стараемся падкрэсліваць маральныя асновы і матывы іх дзеянняў, паколькі такі аповед закранае душу дзіцяці, — паведаміла намеснік дырэктара па вучэбна-выхаваўчай рабоце Наталля Пятроўна Цымфер.

Гімназія нездарма носіць імя Івана Васільевіча Панфілава, паколькі стралковая дывізія, якой ён камандаваў, фарміравалася ў тым ліку на кыргызскай зямлі, у Бішкеку (на той час Фрунзэ). Многія з яе байцоў, якія здзейснілі подзвіг падчас бітвы пад Масквой, былі кыргызамі. Таму ваенна-патрыятычнае выхаванне з’яўляецца адным з асноўных напрамкаў работы гімназіі, дзе цэнтральнае месца адводзіцца рабоце пакоя баявой славы. Сваю работу музейны пакой пачаў з нагоды 60-годдзя Вялікай Перамогі. На базе музейнага пакоя праходзяць урокі гісторыі і літаратуры, класныя гадзіны, праводзяцца сустрэчы з ветэранамі Вялікай Айчыннай вайны, блакаднікамі Ленінграда, лекцыі, экскурсіі. Гэта месца, дзе адбываюцца сустрэчы пакаленняў. Кожны год каля помніка І.В.Панфілаву праводзяцца мітынгі-рэквіемы, прысвечаныя гадавіне бітвы пад Масквой і подзвігу герояў-“панфілаўцаў”. Пошукавымі групамі наладжана сістэматычная работа з гарадскім саветам ветэранаў.

Найбольш маштабныя мерапрыемствы ў гімназіі праходзілі ў юбілейную, 70-ю, гадавіну Вялікай Перамогі пад лозунгам “Гэтых дзён не змоўкне слава!”, быў распрацаваны агульнашкольны праект “Паклонімся вялікім тым гадам!”. У рамках праекта настаўнікі і вучні наведалі Валакаламск, дзе непасрэдна праходзілі баі за Маскву і дзе загінуў легендарны камдзіў Іван Васільевіч Панфілаў. У лістападзе 2016 года дэлегацыя гімназіі прыняла ўдзел у Міжнародным злёце панфілаўскіх школ СНД, наведала Маскву, Валакаламск, прыняла ўдзел у Вахце памяці ля раз’езда Дубасекава, пабывала на месцах бітвы легендарнай Панфілаўскай дывізіі.

Быць чалавекам

Памяць пра подзвіг народа ў гады Вялікай Айчыннай вайны для Кыргызстана з’яўляецца свяшчэннай. Такой жа свяшчэннай з’яўляецца і памяць пра жыццё і творчасць славутага кыргызскага пісьменніка Чынгіза Айтматава, 90-годдзе якога маштабна адзначаецца на яго Радзіме, а таксама ў іншых краінах свету. Удзел у святкаванні прынялі і беларускія школьнікі праз Міжнародны конкурс дзіцячага малюнка, прысвечаны 90-годдзю з дня нараджэння Ч.Айтматава. Арганізатарамі конкурсу выступілі Міністэрства адукацыі і навукі Кыргызскай Рэспублікі, Рэспубліканскі вучэбна-метадычны цэнтр эстэтычнага выхавання “Балажан”.

Конкурс праводзіўся з мэтай знаёмства навучэнцаў 8—17 гадоў з жыццём і творчай спадчынай Чынгіза Айтматава, фарміравання ў падрастаючага пакалення маральных якасцей, любові да Радзімы, пачуцця патрыятызму праз знакамітыя творы, развіцця творчага патэнцыялу дзяцей і прыцягнення падрастаючага пакалення Кыргызстана і краін СНД да ўдзелу ў конкурсе. Па выніках конкурсу быў выдадзены зборнік малюнкаў, які атрымалі ўдзельнікі V З’езда настаўнікаў і работнікаў адукацыі дзяржаў — удзельніц СНД, арганізавана выстава работ на базе Дзіцячай рэспубліканскай інжынерна-тэхнічнай акадэміі, дзе праходзіла работа секцыі, прысвечанай пытанням развіцця сістэмы дадатковай адукацыі і выхаваўчай работы ў краінах СНД.

Для беларусаў запомніліся не толькі яркія малюнкі на аснове знакамітых твораў, але і словы пісьменніка, якія ўпрыгожваюць вялікі банер на тэрыторыі школы-гімназіі № 6 Бішкека: “Самае цяжкае для чалавека — быць кожны дзень чалавекам!” Быць чалавекам — менавіта гэтаму кожны дзень вучаць сваіх вучняў кыргызскія педагогі. А яшчэ любіць сваю прыгожую Радзіму.

Ала-Арча

Не палюбіць Кыргызстан немагчыма, асабліва нашым землякам, жыхарам раўніннай Беларусі. І прычын гэтага некалькі. Па-першае, гэта бярозы — такія ж стройныя і беластволыя, як на нашай малой радзіме. Па-другое, горы — велічныя, з заснежанымі вяршынямі, бурлівымі рэкамі, акурат такія, як на паштоўках. Менавіта такую прыгажосць прадстаўнікі беларускай дэлегацыі маглі назіраць падчас наведвання Кыргызскага дзяржаўнага прыроднага парку “Ала-Арча”, які быў створаны з мэтай захавання і аховы ўнікальнай даліны ракі Ала-Арча (“стракатага ядлоўца”, як перакладаецца яе назва).

Галоўная адметнасць парку — Ала-Арчынская цясніна з маляўнічымі даляглядамі, вялікай колькасцю вадаспадаў і скал, разнастайнай флорай і фаўнай. Нядзіўна, што гэтыя мясціны валодаюць вялікім турыстычным патэнцыялам. І гэты патэнцыял, дарэчы, актыўна рэалізоўваецца. Па тэрыторыі парку пракладзены маркіраваныя турыстычныя маршруты, якія праходзяць ля падножжа пікаў Сямёнава-Цянь-Шанскага (4 875 м), Кароны (4 850 м), іншых вяршынь вышынёй больш за 4000 м. Знаходзіцца на маршрутах парку можна некалькі дзён, аднак, калі час для наведвання гэтай прыроднай жамчужыны Кыргызстана абмежаваны, можна прагуляцца гадзінку-другую па сцяжыне ўздоўж ракі Ала-Арча. Гэтага часу цалкам дастаткова, каб спазнаць прыгажосць наваколля. Адметнасцю ракі з’яўляецца яе ледавіковае паходжанне. Дарэчы, пра ледавік. Знаходзячыся ў Бішкеку, нельга не заўважыць, што па ўскрайку вуліц пракладзены невялікія каналы з чысцюткай вадой. Гэта ледавіковыя ручаіны, якія імкнуцца з гор.

Знаходзячыся на тэрыторыі парку, варта памятаць пра некаторыя правілы наведвання. На тэрыторыі парку забаронены рыбная лоўля, паляванне, збор ягад, кветак, лекавых раслін, адлоў матылькоў і іншых насякомых, а таксама прагулкі з сабакам. Нельга разводзіць вогнішчы, устанаўліваць палаткі, турыстычныя кемпінгі паблізу ракі Ала-Арча, купацца ў горных рэках і азёрах, пераходзіць рэкі ўброд, устаноўка мангалаў дазваляецца толькi ў спецыяльна адведзеных месцах. Пры выкананні гэтых правіл станоўчыя пачуцці ад наведвання ўнікальных мясцін будуць асабліва яркімі.

Гасцінны і экзатычны

Эпітэтаў і параўнанняў для вобразнай характарыстыкі маляўнічай цэнтральна-азіяцкай краіны можна падабраць некалькі дзясяткаў. Пікі Цянь-Шаня і Паміра, рака Ала-Арча, знакамітае возера Ісык-Куль, гарады Бішкек і Ош — усе гэтыя аб’екты вартыя самых узвышаных слоў. А яшчэ яны вартыя таго, каб для знаёмства з імі пераадолець некалькі тысяч кіламетраў з гасціннай Беларусі ў такі ж гасцінны і экзатычны Кыргызстан.

Ігар ГРЭЧКА.
Фота аўтара.