Пад’ ём на алімпійскія вяршыні

2019 год увойдзе ў гісторыю алімпіяднага руху краіны значнай падзеяй — сёлета ўпершыню праходзіць алімпіяда па вучэбным прадмеце “Фізічная культура і здароўе”. У Гродзенскай вобласці ўдзельнікамі яе ІІІ (абласнога) этапу сталі 66 навучэнцаў.


Пераможцы абласнога этапу Рэспубліканскай алімпіяды па вучэбным прадмеце “Фізічная культура і здароўе”.

На ўрачыстым адкрыцці першы намеснік начальніка галоўнага ўпраўлення адукацыі Гродзенскага аблвыканкама Галіна Курганская назвала ўдзельнкаў алімпіяды па прадмеце “Фізічная культура і здароўе” сапраўднай спартыўнай элітай Гродзеншчыны, з якой звязаны надзеі на дасягненне высокіх вынікаў у спорце і вучобе, а таксама ўкладам у агульнаабласную скарбонку алімпіядных дыпломаў самага высокага ўзроўню.

Алімпіяда па гэтым прадмеце стала самай працяглай і праходзіла ў чатыры этапы. Як і па іншых прадметах, першы тур спаборніцтва быў тэарэтычным. Ён складаўся з 50 пытанняў: 30 — закрытага тыпу, 15 — адкрытага і 5 пытанняў на адпаведнасць. На выкананне гэтага задання адводзілася тры гадзіны.

Тэарэтычны тур праходзіў у лекцыйнай зале Гродзенскага абласнога інстытута развіцця адукацыі. Рассадка ўдзельнікаў была арганізавана так, каб побач не знаходзіліся навучэнцы адной навучальнай установы ці нават аднаго раёна. Канверт з заданнямі адкрываўся ў прысутнасці ўдзельнікаў алімпіяды.

Іншыя тры туры былі арганізаваны ў Гродзенскай гарадской гімназіі, дзе ёсць басейн, а таксама адпаведныя ўмовы для іншых спартыўных выпрабаванняў. Другі тур прадугледжваў плаванне (50 метраў вольным стылем), трэці — тэсціраванне ўзроўню фізічнай падрыхтаванасці (бег, скачкі ў даўжыню з месца, падцягванне і іншыя заданні), чацвёрты — спартыўныя гульні. Удзельнікам алімпіяды трэба было выканаць тры элементы з баскетбола, валейбола, гандбола ці футбола па выбары. Найбольшая колькасць удзельнікаў выбрала баскетбол.

Як паведаміла старшыня абласнога прадметнага аргкамітэта па вучэбным прадмеце “Фізічная культура і здароўе” начальнік цэнтра дашкольнай, агульнай сярэдняй і спецыяльнай адукацыі ГрАІРА Людміла Мячына, перад II, III i IV этапамі праводзілася жараб’ёўка сярод удзельнікаў, пасля кожнага тура запаўняўся прамежкавы пратакол з выкарыстаннем шыфравання. Пасля заканчэння ўсіх этапаў 11 студзеня ажыццяўлялася дэшыфраванне ўсіх тураў, запаўняўся выніковы пратакол і падводзіліся вынікі алімпіяды (асобна сярод юнакоў і дзяўчат).

Член журы, настаўнік-метадыст па вучэбным прадмеце “Фізічная культура і здароўе”, намеснік дырэктара па вучэбнай рабоце сярэдняй школы № 11 імя генерала арміі Антонава Гродна Сяргей Паграбнёў гаворыць, што вынікі алімпіяды паказалі высокую падрыхтаванасць удзельнікаў, іх матывацыю на дасягненне высокіх вынікаў.

— Не абышлося без эмоцый: былі і слёзы, і апладысменты пасля заканчэння спаборніцтваў, — расказвае Сяргей Сяргеевіч. — Парадаваў высокі ўзровень арганізацыі алімпіяды, што паказаў сход, дзе ў прысутнасці ўдзельнікаў, кіраўнікоў каманд, настаўнікаў фізкультуры, старшыні і членаў журы, а таксама старшыні абласнога прадметнага аргкамітэта абмяркоўваліся вынікі алімпіяды. Галоўны тэзіс — вельмі добра, што алімпіяда па вучэбным прадмеце “Фізічная культура і здароўе” будзе праводзіцца. Ён стаў на адзін узровень з усімі школьнымі прадметамі.

— Першая алімпіяда паказала, што цікавасць да гэтага прадмета высокая, — расказвае Людміла Іванаўна Мячына. — У абласным этапе алімпіяды прымалі ўдзел 33 юнакі і 33 дзяўчыны, пераможцы раённых этапаў алімпіяды з 15 раёнаў вобласці. Гэта навучэнцы школ, гімназій. Адзіны прадстаўнік прафесійнай адукацыі — навучэнец І курса Смаргонскага дзяржаўнага політэхнічнага прафесійнага ліцэя Аляксандр Статкевіч — адзначаны граматай. Абмежаванне па ўзросце для ўдзельнікаў ёсць — на момант правядзення алімпіяды яны не павінны быць старэйшыя за 18 гадоў. А вось самай юнай алімпіядніцай стала сямікласніца сярэдняй школы № 11 Гродна Кацярына Лукуць. Яна, дарэчы, годна выступіла і адзначана граматай галоўнага ўпраўлення адукацыі Гродзенскага аблвыканкама. У склад журы ўвайшлі прадстаўнікі розных устаноў — выкладчыкі факультэта фізічнай культуры ГрДУ імя Янкі Купалы (старшыня журы — загадчык кафедры тэорыі і методыкі фізічнай культуры, дацэнт, кандыдат педагагічных навук Станіслаў Гарадзілін), супрацоўнікі Гродзенскага дзяржаўнага абласнога цэнтра фізічнага выхавання і спорту навучэнцаў і студэнтаў, настаўнікі ўстаноў сярэдняй і прафесійнай адукацыі.

12 студзеня 2019 года ў актавай зале Гродзенскага абласнога інстытута развіцця адукацыі адбылося ўрачыстае закрыццё алімпіяды. 16 удзельнікаў адзначаны граматамі за паспяховае выступленне ў асобных турах. 45 працэнтаў удзельнікаў алімпіяды ўзнагароджаны дыпломамі I, II, III ступені галоўнага ўпраўлення адукацыі Гродзенскага аблвыканкама (І ступені — шэсць чалавек, II ступені — 8, III ступені — 14 удзельнікаў).

Парадавалі сваім выступленнем настаўніцу фізічнай культуры і здароўя сярэдняй школы № 2 Росі Ваўкавыскага раёна Алену Ціунчык вучань 11 класа Вадзім Дарашкевіч і навучэнка 10 класа Аліна Агапітава. Алена Сцяпанаўна, якая працуе настаўніцай фізічнай культуры і здароўя з 1990 года, адзначае ў сваіх вучняў вялікую працаздольнасць, упартасць і адказнасць. А Вадзім прызнаецца, што практычныя туры для яго былі больш складанымі, чым тэарэтычны.

Два дыпломы І ступені атрымалі і адзінаццацікласнікі гімназіі № 7 Гродна Антон Мяшчэня і Кацярына Цюлькевіч. Сярод пераможцаў — Антоній Седзянеўскі (гімназія № 1 Іўя) і Ганна Мацко з сярэдняй школы № 7 Смаргоні.

Пераможцы абласнога этапу алімпіяды (5 юнакоў і 5 дзяўчат) будуць прадстаўляць рэгіён на заключным этапе Рэспубліканскай алімпіяды па вучэбным прадмеце “Фізічная культура і здароўе”.

Навука ХХІ стагоддзя

Менавіта так ахарактарызаваў біялогію старшыня журы абласнога этапу Рэспубліканскай алімпіяды па вучэбным прадмеце “Біялогія”, дацэнт кафедры заалогіі і фізіялогіі чалавека і жывёл, кандыдат медыцынскіх навук Сяргей Емяльянчык, звяртаючыся да ўдзельнікаў алімпіяды.

— Многа гадоў з’яўляюся старшынёй журы і адзначаю, што цікавасць да прадмета, узровень падрыхтаванасці навучэнцаў высокія, — гаворыць Сяргей Уладзіміравіч. — Наш час — гэта час прафесіяналаў высокага ўзроўню, яго асноўны фактар — прафесіяналізм і якасць. Гэта адносіцца і да развіцця сістэмы адукацыі, адным з элементаў якой з’яўляецца алімпіядны рух.

Свой прафесіяналізм у вучобе ўдзельнікі алімпіяды даказваюць у складаным марафоне. Першы тэарэтычны тур уключае 100 пытанняў для навучэнцаў 11 класа, 80 — для дзесяцікласнікаў, 60 — для навучэнцаў 9 класа. Практычны тур праходзіць на трох пляцоўках, дзе ёсць спецыяльнае абсталяванне.

Старшыня абласнога прадметнага аргкамітэта па вучэбным прадмеце “Біялогія” метадыст Гродзенскага абласнога інстытута развіцця адукацыі Юлія Арабчык адзначае, што ўмовы для правядзення алімпіяды, пражывання алімпіяднікаў у Гродзенскім дзяржаўным каледжы бытавога абслугоўвання насельніцтва былі створаны вельмі добрыя.

Па выніках алімпіяды 29 яе ўдзельнікаў узнагароджаны дыпломамі І, ІІ і ІІІ ступені.

Навучэнка 11 класа гімназіі № 6 Гродна Настасся Алешчык вынікам задаволена — у яе дыплом І ступені. Насця ўдзельнічае ў алімпіядзе па біялогіі трэці раз. У 9 класе яна таксама атрымала дыплом І ступені, год назад была з трэцім вынікам, а сёлетні, такі важны для выпускніцы гімназіі, дыплом І ступені дазваляе ёй наблізіць мару стаць урачом.

— Для дасягнення такога выніку трэба старанна працаваць, чытаць шмат дадатковай літаратуры. Я вельмі ўдзячна сваёй настаўніцы Эльвіры Іванаўне Бойка за падтрымку і навуку, — гаворыць Насця.

Гімназія № 6 Гродна ганарыцца дасягненнем яшчэ адной сваёй вучаніцы дзесяцікласніцы Марыі Капіцы, якая таксама адзначана дыпломам І ступені.

Сярод дыпламантаў І ступені — Надзея Ушчапоўская (9 клас, сярэдняя школа № 31 Гродна), лідскія школьніцы Валерыя Пранюк (сярэдняя школа № 1) і Валерыя Савельева (сярэдняя школа № 9), Міхаіл Міхальскі з гімназіі № 9 імя Ф.П.Кірычэнкі Гродна.

Як адзначыў Сяргей Уладзіміравіч Емяльянчык, аптымальны час пачатку падрыхтоўкі да ўдзелу ў алімпіядах па прадмеце “Біялогія” — восьмы клас. Гэта пацвердзіла і навучэнка 8 класа сярэдняй школы № 17 Ліды Паліна Паўленка, якая ўзнагароджана дыпломам ІІІ ступені па выніках удзелу за 9 клас. Да алімпіяды яе рыхтавала настаўніца Ганна Чаславаўна Апанас.

Бачыць перспектыву, рэалізоўваць свае творчыя здольнасці пажадаў удзельнікам алімпіяды дэкан факультэта біялогіі і экалогіі ГрДУ імя Янкі Купалы Аляксандр Карэўскі. Многія ўдзельнікі спаборніцтва з’яўляюцца слухачамі школы дакладных навук, якая працуе ва ўніверсітэце і дапамагае юным біёлагам удасканальваць свае веды. Аляксандр Яўгенавіч уручыў падарункі дзвюм самым юным і перспектыўным навучэнкам Надзеі Ушчапоўскай і Паліне Паўленка.

Надзея ВАШКЕЛЕВІЧ.
Фота аўтара.