Пад знакам літары “Ў”

Падрыхтоўку да Міжнароднага дня роднай мовы навучэнцы і настаўнікі гімназіі № 1 Барысава пачалі загадзя: былі праведзены тэматычныя класныя і інфармацыйныя гадзіны, літаратурныя віктарыны, конкурс эсэ. Абралі нават эмблему прыхільнікаў беларускай мовы. Ёй стала адметная літара беларускага алфавіта “Ў”.

Распачаўся святочны дзень радыёгазетай “Мова беларуская мая!”. Працягнулася свята роднай мовы музычным перапынкам, падчас якога гучалі музычныя кампазіцыі “Песняроў” на вершы беларускіх паэтаў. На другім перапынку ў фае на імправізаванай пляцоўцы была арганізавана акцыя “Адкрыты мікрафон”. Кожны ўдзельнік змог выказаць сваё стаўленне да роднай мовы, паразважаць, чаму трэба вывучаць і ведаць сваю мову. Згадалі выказванні вядомых мовазнаўцаў пра ролю мовы ў жыцці грамадства, чыталі вершы беларускіх паэтаў, прысвечаныя роднай мове. Працягнулі акцыю на трэцім і чацвёртым перапынку: так было вучням цікава.

Працягнулася свята роднай мовы ў актавай зале, дзе адбылося пасяджэнне клубаў “Спадчына”, “Роднае слова” і “Садружнасць”. Члены клубаў правялі для вучняў 6 і 7 класаў інтэлектуальную гульню “Слоўка беларускае” па сямі раздзелах: “Максім Багдановіч”, “Пазнай пісьменніка”, “Загадкі-жарты”, “Кот у мяшку”, “Стравы беларускія”, “Назаві адным словам”, “Фразеалагізмы”. Удзельнікі гульні ўзбагаціліся новымі звесткамі з гісторыі і культуры беларускай мовы і літаратуры. А з гледачамі быў праведзены конкурс “Сем падказак”.

У бібліятэцы гімназіі ў гэты дзень асаблівай папулярнасцю карысталіся беларускамоўныя выданні. Для ўсіх наведвальнікаў бібліятэкі працавала тэматычная выстава “Родная мова — крыніца натхнення пісьменнікаў”. А з вучнямі пачатковай школы была праведзена гадзіна роднай мовы “Персанажы беларускіх кніг у нас у гасцях”.

Дзень роднай мовы ў гімназіі прайшоў святочна і незабыўна. І асабліва актуальна ў гэты дзень гучалі словы Францішка Багушэвіча: “Не пакідайце ж мовы нашай роднай, каб не ўмёрлі”.

Юлія ПЯТАКОВА,
намеснік дырэктара по вучэбнай рабоце гімназіі № 1 Барысава.