Новы лабараторны кластар у гімназіі Мсціслава дапамагае далучыць навучэнцаў да навукі

- 11:10Новости

Пад знакам навукі — менавіта так часта праходзяць суботы ў гімназіі Мсціслава. Педагагічны калектыў установы ўсебакова імкнецца далучыць навучэнцаў да навуковага пазнання свету. Падрабязнасці — у матэрыяле карэспандэнта “Настаўніцкай газеты”.

Удзел дзяцей у навукова-даследчай дзейнасці — адзін з прыярытэтных кірункаў функцыянавання гімназіі. Новае гучанне гэтай рабоце надало нядаўняе адкрыццё кластара прыродазнаўчага цыкла, які аб’яднаў у адзіную прастору вучэбныя кабінеты хіміі, біялогіі і сучасную лабараторыю. Лабараторыя — наша вялікая гордасць, бо гэта цалкам лічбавае адукацыйнае асяроддзе з перадавым абсталяваннем. Электронныя мікраскопы, лазерны гравёр, 3D-прынтар, спектрафатометр, рН-метр, хімічны праграмна-апаратны комплекс з камплектамі датчыкаў дазваляюць дзецям спрабаваць сябе ў ролі сапраўдных навукоўцаў і вельмі матывуюць іх да правядзення ўласных даследаванняў, — паведаміла намеснік дырэктара па вучэбнай рабоце Ганна Сокал.

Лабараторна-лічбавы кластар усебакова задзейнічаны ў адукацыйным працэсе. Але асабліва актыўна тут кіпіць жыццё ў шосты школьны дзень. У лабараторыі праходзяць заняткі гурткоў “Юны хімік”, “Зялёная планета” і “Свет вакол нас”. Дзясяткі хлопцаў і дзяўчат праводзяць розныя доследы і эксперыменты, здзяйсняюць свае маленькія адкрыцці.

— Сёння звычайнага назапашвання ведаў ужо недастаткова. Неабходна фарміраваць у дзяцей навуковае мысленне, уменне нестандартна думаць, аналізаваць, рабіць высновы. Закладваць гэтыя навыкі пачынаю на ўроках, а працягваю падчас гуртковых заняткаў. Мае юныя хімікі з цікавасцю даследу­юць усё, што іх акружае. Кожная работа мае практычную карысць. Вучні даследавалі настоі раслін як інгібітараў карозіі і фруктовых адходаў як арганічных угнаенняў, стваралі люмінафоры на аснове борнай кіслаты, — расказала настаўніца хіміі Юлія Асіпенка.

Сярод найбольш знакавых работ — даследаванне дзевяцікласніцы Юліі Селіванавай. Разам з педагогам дзяўчына на працягу некалькіх месяцаў дэталёва разглядала магчымасці атрымання адсарбенту з ільняной кастры.

— Тэму выбрала невыпадкова. У нашым горадзе ёсць завод, на якім выраб­ляецца льновалакно. Кастра з’яўляецца пабочным прадуктам вытворчасці. Вялікая яе колькасць застаецца незапатрабаванай. Вырашыла вывучыць яе адсарбавальныя ўласцівасці. Шматлікія доследы паказалі, што кастра можа стаць добрым аналагам актываванага вугалю, — падзялілася навучэнка.

Праект Юліі Селіванавай быў адзначаны пераможным дыпломам на абласным этапе рэспубліканскага конкурсу работ даследчага характару. Адзначаны былі і іншыя ідэі гімназістаў. Так, адзінаццацікласнік Дзмітрый Ізотаў прыдумаў варыянт вырабу паперы з ільну і крапівы. Са сваім праектам хлопчык прайшоў адбор на навучанне ў Нацыянальным дзіцячым тэхнапарку. Яшчэ адна адзінаццацікласніца, Дар’я Трубянкова, стала пераможцай раённага даследчага конкурсу. Дзяўчына правяла падрабязны аналіз уплыву сродкаў гігіены на бактэрыяльную мікрафлору.

— Сумесна з настаўніцамі біялогіі Настассяй Юр’еўнай Якубенка і Аляксандрай Мікалаеўнай Сіваковай вырошчвалі калоніі бактэрый, а пасля выяўлялі, якое ўздзеянне на іх аказваюць вада, спірт, мыла. Потым распрацоўвалі пералік рэкамендацый па асабістай гігіене. Даследаванні праводзілі па суботах, і я гэты дзень чакала з нецярпеннем. Працаваць у новай лабараторыі было неверагодна займальна, — заўважыла Дар’я.

Адметна, што ў лабараторна-лічбавым кластары навучэнцы могуць займацца не толькі навукова-даследчай работай. Для дзяцей тут таксама праводзяцца заняткі па медыцынскай падрыхтоўцы і інжынерным напрамку.

— Гімназісты не проста далучаюцца да навукі, — падкрэсліла Ганна Сокал. — Стварэнне кластара дазволіла палеп­шыць якасць адукацыі: за апошнія два гады шэсць вучняў прайшлі навучанне, а два ў цяперашні час вучацца ў Нацыянальным дзіцячым тэхнапарку. Дзеці сталі больш паспяхова праяўляць сябе ў даследчых конкурсах і алімпіядным руху. Важна і тое, што ўцягнутасць у даследаванні і праекты дапамагае навучэнцам дакладна вызначыцца з прафесійнай будучыняй.

Ганна СІНЬКЕВІЧ
Фота аўтара