Пад знакам перамогі

- 10:43Актуально, Апошнія запісы

У лютым 2018 года гонар нашай краіны на міжнароднай спартыўнай арэне будуць абараняць не толькі алімпійцы, але і ўдзельнікі І Сусветнай зімовай гімназіяды, якая праходзіць з 5 па 10 лютага ў французскім Грэноблі. У нядзелю ў Ліцэі Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта прайшлі ўрачыстыя провады беларускай дэлегацыі на гэтыя прэстыжныя спаборніцтвы. Пажаданні перамог юным спартсменам гучалі ад прадстаўнікоў Міністэрства адукацыі, Рэспубліканскага цэнтра фізічнага выхавання і спорту навучэнцаў і студэнтаў, беларускіх федэрацый біятлона, кёрлінга, гарналыжнага спорту і снаўборда.

Зімовая гімназіяда праводзіцца пад эгідай Міжнароднай федэрацыі школьнага спорту (ISF) упершыню і ўключае спаборніцтвы па гарналыжным спорце, лыжных гонках, скачках на лыжах з трампліна, біятлоне, хакеі, фрыстайле, снаўбордзе, кёрлінгу. Найбольшая колькасць прадстаўнікоў нашай каманды будзе змагацца за медалі ў біятлоне. Гэта Павел Грамыка, капітан каманды Антон Шыдлоўскі (навучэнцы Гродзенскага дзяржаўнага вучылішча алімпійскага рэзерву), Павел Бялько (прадстаўляе Магілёўскае дзяржаўнае вучылішча алімпійскага рэзерву), Дар’я Кудаева, Карына Ануфрыенка (Наваполацкае дзяржаўнае вучылішча алімпійскага рэзерву), Марына Міхневіч (навучэнка Плешчаніцкай дзяржаўнай абласной сярэдняй школы — вучылішча алімпійскага рэзерву). Да вяршынь гарналыжнага спорту будуць імкнуцца Максім Давыдоўскі з сярэдняй школы № 21 Магілёва, Мікіта Лёўхін з гімназіі № 37 Мінска і Данііл Якубоўскі з гімназіі № 3 Магілёва. Макар Баркан з Ліцэя Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта і Святлана Плешак з гімназіі № 32 Мінска будуць спаборнічаць у кёрлінгу. У гэтым відзе спорту беларусы будуць удзельнічаць у дысцыпліне “Дабл-мікст”.

— Тое, што Беларусь будзе прымаць удзел у І Сусветнай зімовай гімназіядзе, гаворыць пра нашы поспехі і дасягненні ў дзіцяча-юнацкім спорце. Гімназіяду нездарма параўноўваюць з Алімпійскімі гульнямі, паколькі для навучэнцаў з розных краін свету яна з’яўляецца не толькі найбуйнейшым спартыўным мерапрыемствам, але і садзейнічае ўмацаванню сяброўства паміж маладымі прадстаўнікамі розных краін і народаў. Нашым юным спартсменам, іх бацькам, трэнерам Міністэрства адукацыі жадае ў першую чаргу перамог. Няхай усе веды, сілы і ўменні, якімі вы валодаеце, дапамогуць вам заваяваць медалі, вярнуцца са спаборніцтваў такімі ж здаровымі, прыгожымі, яркімі, — звярнуўся да прадстаўнікоў беларускай каманды начальнік галоўнага ўпраўлення выхаваўчай работы і маладзёжнай палітыкі Міністэрства адукацыі Эдуард Валянцінавіч Тамільчык.

Гімназіяда — гэта першая прыступка на шляху да алімпу, першыя крокі ў вялікім спорце. Спадзяёмся, у Грэноблі яны будуць удалымі, паколькі на гімназіядах у 2013 і 2016 гадах мы заваявалі 18 медалёў. А самыя першыя медалі на прэстыжных міжнародных спаборніцтвах (зімовай універсіядзе — “старэйшай сястры” гімназіяды) нашы юныя спартсмены атрымалі яшчэ ў далёкія 70-я гады. Тады сярэбраны і бронзавы медалі заваявала гарналыжніца Надзея Зялова. Прайшло амаль 40 гадоў — і на апошняй зімовай універсіядзе гарналыжніца Марыя Шканава, майстар спорту міжнароднага класа, тройчы падымалася на п’едэстал гонару, заваяваўшы “золата”, “серабро” і “бронзу”. Цяпер Марыя будзе прадстаўляць нашу краіну ў Пхёнчхане.

Спадзяёмся, “залатыя” вынікі пакажа не толькі Марыя Шканава на Алімпіядзе, але і каманда нашых юных спартсменаў годна прадставіць Беларусь на зімовай гімназіядзе. “Настаўніцкая газета” будзе ўважліва сачыць за спаборніцтвамі.

Ігар ГРЭЧКА.
Фота Алега ІГНАТОВІЧА.