Падабраць ключык да магчымасцей дзіцяці

- 14:26Спецыяльная адукацыя

Адной з асноўных задач выхаваўчай работы цэнтра карэкцыйна-развіццёвага навучання і рэабілітацыі з’яўляецца сацыялізацыя і сацыяльная адаптацыя дзяцей з цяжкімі і (ці) множнымі парушэннямі развіцця ў грамадстве — падрыхтоўка дзяцей да ўваходжання ў сістэму грамадскіх адносін. У выхаванні дзяцей з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця асаблівая ўвага ўдзяляецца іх самарэалізацыі і сацыяльнай адаптацыі. Каб гэтыя працэсы праходзілі паспяхова, неабходна стварыць умовы для дзейнасці дзіцяці, а таксама для камфортнага, радаснага і шчаслівага жыцця. А шчаслівым дзіця можа сябе адчуваць толькі там, дзе яго любяць і разумеюць.

Педагогі Цэнтра карэкцыйна-развіццёвага навучання і рэабілітацыі Ашмянскага раёна падбіраюць да кожнага дзіцяці ключык, спрабуюць адкрыць замок, які хавае індывідуальныя магчымасці кожнага выхаванца. Сацыялізацыя дзяцей нашага цэнтра ажыццяўляецца праз розныя мерапрыемствы: правядзенне сумесных са здаровымі равеснікамі выхаваўчых мерапрыемстваў, прымеркаваных да розных свят: Новы год, 8 Сакавіка, Масленіца, спартыўных мерапрыемстваў “Усе разам”, “Вясёлыя асеннія старты”, “Возьмемся за рукі, сябры” і інш.

У нашым цэнтры для навучэнцаў арганізавана работа некалькіх аб’яднанняў па інтарэсах. На занятках гуртка “Чароўная шкатулка” выхаванцы цэнтра вучацца маляваць, ляпіць з пластыліну, выконваць аплікацыі; заняткі аб’яднання па інтарэсах “Квілінг” дазваляюць узбагаціць светаўспрыманне нашых дзяцей, развіць іх творчыя здольнасці, выхаваць працавітасць, цікавасць да практычнай дзейнасці, радасць стварэння і адкрыцця для сябе нечага новага праз захапляючую работу з паперай. Работа ў рамках аб’яднання па інтарэсах “Вясёлка пазнання” (лепка з цеста) спрыяе развіццю ў выхаванцаў уяўлення, дробнай маторыкі рук і мастацка-эстэтычнага густу. Аб’яднанне па інтарэсах “Мазаіка фантазій” адкрывае для навучэнцаў цэнтра разнастайнасць яркіх фарбаў свету мастацтва, дзякуючы якому кожнае дзіця можа праявіць і рэалізаваць свае здольнасці; гурток “Экалагічны дызайн” уключае ў сябе стварэнне дзецьмі карысных і індывідуальных вырабаў, творчых работ з падручнага (непрыдатнага) матэрыялу. Выкананыя навучэнцамі нашага цэнтра работы пастаянна ўдзельнічаюць у выставах на ўзроўні раёна, у выставах выяўленчага і дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва рэспубліканскага фестывалю мастацкай творчасці “Вясёлкавы карагод”.

Неад’емнай часткай выхаваўчага працэсу нашага цэнтра з’яўляецца арганізацыя сумесных з валанцёрамі экскурсій. Наведванне музеяў, выстаў, паркаў пашырае ў дзяцей кругагляд, уяўленні пра навакольны свет, развівае камунікатыўныя навыкі. Экскурсіі прывучаюць дзяцей з цяжкімі і (ці) множнымі парушэннямі развіцця да ўзаемадапамогі, арганізаванасці, увагі адно да аднаго і навакольных людзей, а гэта ў сваю чаргу спрыяе камфортнаму знаходжанню іх у грамадстве.

Змест выхаваўчай работы з асаблівымі дзецьмі накіраваны таксама на фарміраванне ў іх сацыяльна-бытавой кампетэнтнасці. На занятках па сацыяльнай адаптацыі ў выхаванцаў развіваюцца і ўдасканальваюцца навыкі самаабслугоўвання, арыеціроўкі ў жыцці, якое іх акружае, фарміруюцца маральна-этычныя нормы паводзін, фарміруюцца навыкі зносін са знаёмымі і незнаёмымі людзьмі; выхаванцы атрымліваюць веды пра разнастайныя сферы жыцця і дзейнасці чалавека, набываюць практычныя ўменні, якія дазваляюць ім паспяхова адаптавацца ў побыце і сацыяльным асяроддзі.

Выхаванне дзяцей з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця ў нашым цэнтры адбываецца ў цесным тандэме “педагог — бацькі”. Педагогі цэнтра аказваюць законным прадстаўнікам дапамогу ў пытаннях выхавання дзяцей шляхам правядзення кансультацый, падрыхтоўкі рэкамендацый, зносін бацькоў у клубе “Надзея”.

Набыты ў плане метадычнай і практычнай работы вопыт педагогаў ЦКРНіР дазволіў нам з 1 верасня 2017 года стаць раённым рэсурсным цэнтрам па тэме “Эфектыўныя метады і прыёмы работы з дзецьмі з цяжкімі і множнымі парушэннямі развіцця як фактар паспяховай сацыялізацыі іх у грамадстве”. За час работы рэсурснага цэнтра ў дапамогу педагогам, якія працуюць з дзецьмі з цяжкімі і (ці) множнымі парушэннямі развіцця, падрыхтаваны метадычныя рэкамендацыі, метадычныя і практычныя дапаможнікі.

У вучэбна-метадычным дапаможніку “Паслухмяныя пальчыкі” прадстаўлены матэрыялы па развіцці дробнай маторыкі ў дзяцей з цяжкімі і множнымі парушэннямі развіцця дашкольнага ўзросту на занятках па маляванні, аплікацыі і лепцы.

Дапаможнік “Жыць і радавацца разам” уяўляе сабой зборнік сцэнарыяў свят, якія праводзяцца ў цэнтры. Сцэнарыі мерапрыемстваў распрацаваны педагогамі цэнтра з улікам асаблівасцей дзяцей з цяжкімі і (ці) множнымі парушэннямі развіцця і заснаваны на веданні спецыяльнай дзіцячай псіхалогіі.

У дапаможніку “Свет нашых захапленняў” прадстаўлены практычны матэрыял па правядзенні заняткаў з выхаванцамі цэнтра ў рамках работы аб’яднанняў па інтарэсах. У гэтым метадычным дапаможніку ўвазе педагогаў прапануюцца планы-канспекты і метадычнае забеспячэнне заняткаў з дзецьмі з цяжкімі і (ці) множнымі парушэннямі развіцця. Заняткі прадугледжваюць сумесную дзейнасць дзіцяці і дарослага, дазваляючы арганізаваць работу такім чынам, каб дзіця атрымала радасць і задавальненне ад заняткаў.

Змест дапаможніка “Вучымся быць самастойнымі” накіраваны на фарміраванне ў дзяцей з цяжкімі і (ці) множнымі парушэннямі развіцця жыццёва значных уменняў і навыкаў. Матэрыял дапаможніка дазваляе сфарміраваць і развіць у дзяцей уяўленні аб прадметах штодзённага карыстання пры выкананні гігіенічных працэдур, прыёме ежы, раздзяванні і адзяванні, у працэсе найпрасцейшага догляду адзення, абутку, хатніх раслін, жылля і інш.

Адным з важных і адначасова складаных у выхаванні падлеткаў з цяжкімі і (ці) множнымі парушэннямі развіцця з’яўляецца пытанне палавога выхавання. Гэтаму пытанню педагогі нашага цэнтра ўдзяляюць асаблівую ўвагу, праводзячы з выхаванцамі гутаркі і выхаваўчыя заняткі. Існуючы тэарэтычны і практычны вопыт педагогі абагульнілі ў зборніку “Палавое выхаванне падлеткаў з цяжкімі і (ці) множнымі парушэннямі развіцця”.

Наталля МАЦЯШОВА,
намеснік дырэктара па асноўнай дзейнасці ЦКРНіР Ашмянскага раёна.