Падарожнічаць — значыць жыць

- 16:36Нам пішуць

Як сказаў Ханс Крысціян Андэрсэн, падарожнічаць — значыць жыць. Па незабыўныя ўражанні і яркія эмоцыі навучэнцы Вялікаэйсмантаўскай сярэдняй школы Бераставіцкага раёна адправіліся ў Брэсцкую вобласць, дзе захаваліся велічныя помнікі архітэктуры — палацавы комплекс князёў Сапегаў і палац Пуслоўскіх.

Першым пунктам нашага падарожжа была рэзідэнцыя роду Сапегаў у Ружанах, якая з’яўляецца своеасаблівай візітоўкай горада. Палацавы комплекс Сапегаў у Ружанах — адна з найбуйнейшых у Беларусі XVII— XVIII стст. магнацкіх рэзідэнцый. Вучні пазнаёмілася з гісторыяй замка, жыццём яго ўладальнікаў, багатым унутраным убраннем памяшканняў. Больш за ўсё нас здзівілі маштабы гэтага грандыёзнага будынка.

Яшчэ адна яркая славутасць — палац Пуслоўскіх у Косаве. Для беларускай архітэктуры косаўскі палац унікальны. Яго будынак не падобны ні на адзін іншы. Знешні выгляд палаца і неверагодныя легенды пра яго гісторыю здзівілі. У палацы размешчана ўнікальная зала, дзе пад шкляной падлогай сярод водарасцяў плаваюць цікавыя рыбкі. Мясцовыя жыхары гавораць, што для аховы палаца гаспадары трымалі льва, якога выпускалі ў начны час.

Таксама мы пазнаёміліся з біяграфіяй Тадэвуша Касцюшкі — нацыянальнага героя ЗША і Польшчы. Музей-сядзіба да нядаўняга часу ўяўляла сабой старыя разбураныя сцены і падмурак. У верасні 2004 года завяршылася рэканструкцыя, і музей прыняў першых наведвальнікаў. Сёння інтэр’ер сядзібы максімальна набліжаны да часоў Тадэвуша Касцюшкі.

Завяршальным месцам нашага падарожжа быў пружанскі палацык, пабудаваны ў ХІХ стагоддзі па праекце італьянца Ланца. Комплекс уяўляе сабой парк з сажалкай і каналамі і цэнтральную ліпавую алею. У палацыку можна ўбачыць шмат унікальных экспанатаў: іконы XVIII—XIX стагоддзяў, вырабы з чорнай керамікі.

Любое падарожжа змяняе светапогляд, пашырае кругагляд. На памяць пра наведванне помнікаў архітэктуры у вучняў засталіся яркія, незабыўныя ўражанні і сувеніры.

Кацярына МАКСІМІК,
настаўніца англійскай мовы
Вялікаэйсмантаўскай сярэдняй школы
Бераставіцкага раёна.