Падарожжа бацькоў па “Фіялетавым лесе”

- 12:03Навіны рэгіёнаў

На дзень адкрытых дзвярэй запрасілі бацькоў у дзіцячым садзе № 32 Віцебска.

На цяперашні час дашкольную ўстанову наведваюць 82 выхаванцы. На занятках і ў якасці самастойнай дзейнасці дзяцей тут шырока выкарыстоўваецца тэхналогія “Казачныя лабірынты гульні” і развіццёвыя гульні В.В.Васкабовіча.

— Малодшых выхаванцаў прываблівае маляўнічы і пазнавальны “Фіялетавы лес”, гэтае прадметна-развіццёвае асяроддзе дазваляе эфектыўна вырашаць мноства задач вучэбнай праграмы дашкольнай адукацыі, — патлумачыла загадчык дзіцячага сада Святлана Глушаненка. — Ва ўсіх астатніх узроставых групах задзейнічаны гульнявыя комплексы “Дыванограф “Куфэрак”; у старшых групах знаёмства дзяцей з літарамі як знакамі для абазначэння гукаў, фарміраванне пачатковых навыкаў чытання адбываецца праз гульню пры выкарыстанні дапаможнікаў “Складушкі” і “Чытайка на шарах”. Таксама ў рабоце мы выкарыстоўваем такія камплекты, як “Казачны вобраз”, “Празрысты квадрат”, “Знакавыя фігуры”, эталонныя канструктары “Елачка” і “Чарапашкі”, гульнявыя графічныя трэнажоры “Гульнязар”, “Караблік “Пырск-Пырск” і “Караблік “Плюх-Плюх”. У мінулым годзе набыты развіццёвы дапаможнік “Геаконт”, які спрыяе развіццю сенсорных і творчых здольнасцей, удасканаленню псіхічных працэсаў, трэніроўцы дробнай маторыкі кісці і пальцаў, асваенню геаметрычных уяўленняў. Дзякуючы выкарыстанню педагогамі тэхналогіі “Казачныя лабірынты гульні”, у значнай ступені актывізаваўся інтэлектуальны і творчы патэнцыял выхаванцаў, пашырылася пазнавальнае поле. Тры педагогі нашага дзіцячага сада праслухалі аўтарскі курс па гэтай тэхналогіі і з’яўляюцца сертыфікаванымі спецыялістамі.

Як расказала Святлана Ула­дзіміраўна, калектыў дашкольнай установы складаюць вопытныя і дасведчаныя прафесіяналы, душой адданыя сваёй справе і дзецям. Хрысціна Андрэеўна Яршова — пераможца абласнога конкурсу “Выхавальнік дашкольнай адукацыі — 2017”. Усе выхавальнікі маюць дашкольную адукацыю па профілі “Педагогіка дзяцінства”; змяненні ў кадравым складзе адбываюцца рэдка і, як правіла, у сувязі з выхадам работнікаў на заслужаны адпачынак. Такім чынам да нас прыйшла Ганна Васільеўна Шнітнікава. Радуе, што малады выхавальнік не толькі вучыцца ў старшых калег, але і прыўносіць новае ў нашу практыку работы, эксперыментуе, актыўна ўкараняе ІТ-тэхналогіі. Дзень адкрытых дзвярэй вырашана было правесці ў сувязі з запланаваным адкрыццём другой малодшай групы. Па словах кіраўніка калектыву, раней у падобных выпадках практыкавалі бацькоўскія сходы, а такую форму апрабавалі ўпершыню. Фармат дня адкрытых дзвярэй зацікавіў педагогаў і, на іх меркаванне, быў цікавы і карысны бацькам — у першую чаргу таму, што, наведаўшы дзіцячы сад, яны не проста ўбачылі актавую залу, пазнаёміліся з адміністрацыяй і выхавальнікамі, але і ўбачылі ў рабоце выхавальнікаў, псіхолага, кіраўніка фізвыхавання і музычнага кіраўніка, змаглі паўдзельнічаць у падрыхтаваным інтэрактыве “Фіялетавы лес” і танцавальна-музычным міксе “Патанцуем!”.

Таццяна БОНДАРАВА.
Фота аўтара.