Падарожжа да поспеху

Аб’ядноўваць словы ў сказы і тэксты няпроста. Гэта ведае кожны, хто пісаў у школе сачыненні. А каб сваім уменнем словатворчасці ўразіць, трэба мець талент. Менавіта такім талентам валодае гімназістка з Маладзечна Дар’я Навасёлава. Ужо ў 7 класе яна змагла ўразіць журы міжнароднага творчага конкурсу.


Міжнародны конкурс юных журналістаў “ХХІ стагоддзе. Час і мы” праводзіцца ў Петразаводску, але да ўдзелу запрашае моладзь і падлеткаў з краін СНД і іншых замежных краін. Сёлета конкурс прайшоў пяты раз. Удзельнікі з Беларусі, ЗША, Нарвегіі, Расіі, Славеніі, Чэхіі прадставілі больш за 260 работ.

Конкурс прадугледжваў адзін завочны тур і праводзіўся ў дзвюх узроставых групах: 12—16 гадоў і 17—22. Канкурсантам прапаноўваўся шэраг намінацый, назвы якіх сталі тэмамі для разважанняў: “Герой ХХІ стагоддзя. Хто ён?”, “Культура. Народная дыпламатыя”, “Тэатр. Дзеці. Моладзь”, “Кіно. Роля прыроды ў жыцці чалавека” і іншыя. І паколькі гэта конкурс юных журналістаў, то работа павінна быць напісана ў адным з публіцыстычных жанраў: рэцэнзія, карэспандэнцыя, рэпартаж, інтэрв’ю, артыкул, эсэ і г.д. У склад журы ўвайшлі журналісты і рэдактары СМІ. Яны ацанілі глыбіню раскрыцця тэмы, адпаведнасць пэўнаму жанру, стыль, арыгінальнасць, літаратурную пісьмен-насць і вызначылі пераможцаў. Сярод іх была і наша юная зямлячка.

Вучаніца 7 класа гімназіі №10 Дар’я Навасёлава прадставіла сваю работу “Таямнічы сон” у намінацыі “Самае незвычайнае падарожжа” і была ўдастоена дыплома ІІ ступені. Дар’я стала адзінай пераможцай з нашай краіны.

Дзяўчына другі год займаецца ў гімназічным гуртку юных журналістаў, які вядзе настаўніца беларускай мовы і літаратуры Кацярына Аляксандраўна Ермаковіч. Пад яе кіраўніцтвам стваралася і конкурсная работа. Дар’я — спакойная, старанная, працавітая, удумлівая дзяўчына, якая выдатна вучыцца і любіць чытаць. Яна з задавальненнем спасцігае майстэрства стварэння тэкстаў і друкуецца ў гімназічнай газеце “ПAchatАК”. Конкурс “ХХІ стагоддзе. Час і мы” стаў для яе дэбютам — гэта першае творчае спабор-ніцтва для дзяўчыны. І адразу ж такі вынік на міжнародным узроўні!

Як сапраўдны журналіст Дар’я паспрабавала сябе ў рабоце ў рэжыме дэдлайну — даведалася пра конкурс літаральна за два дні да заканчэння прыёму заявак і паспела напісаць цудоўны тэкст. Яе твор — гэта фантастычнае падарожжа па нашай краіне. І гэтае падарожжа завяршылася трыумфам.

Дар’я РЭВА.
Фота прадастаўлена гімназіяй № 10 Маладзечна.