Падарожжа на веласіпедах: расказваем пра вандроўкі юных бабруйскіх турыстаў

- 16:00Новости

Вось ужо каторы год юныя бабруйскія турысты адпраўляюцца ў вандроўкі на веласіпедах. Сёлета дзеці ажыццявілі паход першай катэгорыі складанасці па Магілёўскай і Гомельскай абласцях.

Маршрут склаў 310 км: Бабруйск — в.Мальева — мемарыяльны комплекс “Ала” — аграгарадок Азарычы — мемарыяльны комплекс “Азарычы” — г.п.Акцябрскі — в.Чорныя Броды — в.Орсічы — в.Туголіца — Бабруйск. Кіравалі групай навучэнцаў загадчык аддзела Цэнтра турызму, краязнаўства і экскурсій дзяцей і мола­дзі Бабруйска Канстанцін Барынаў і настаўніца беларускай мовы і літаратуры гарадской сярэдняй школы № 34 Людміла Крылова.

Дзень 1. Першыя цяжкасці

Пачатак шляху прайшоў на пазітыве: 20 км па асфальце пра­ехалі непрыметна. Ехалі дружна, з прыпынкамі ля магазіна ў Цітоўцы, затым на крыніцы ў раёне возера Тарасава. Паступова адбывалася знаёмства ўдзельнікаў групы.

Пасля Тарасава звярнулі на былы палігон і рухаліся ўздоўж Дубоўскага каскаду азёр. Адтуль пайшла лясная дарога з вялікай колькасцю лужын, якія прыхо­дзілася аб’язджаць. Каля возера Вяхава пераадолелі неглыбокі яр і залітую вадой дарогу. У выніку на месца начлегу прыбылі каля 19 гадзін. Паставілі лагер, дзяўчынкі згатавалі вячэру, хлопчыкі нарыхтавалі дровы. Вечар прайшоў у дружалюбнай атмасферы, была магчымасць пасядзець за сталом, адпачыць ля вогнішча, пакупацца ў Бярэзіне.

Дзень 2. Цяжкасці працягваюцца

Адпачыўшы, выехалі на маршрут. Да Панкратавіч з лёгкасцю дамчаліся па асфальце, а далей — зноў грунтавыя дарогі. Часам трапляліся лужыны, але іх было значна менш, чым днём раней. Без прыгод дабраліся да аграгарадка Шчадрын. Невялікі адпачынак і марожанае натхнілі нас на наступныя кіламетры.

Да Плясавіцкай Слабады дабраліся ўжо стомленыя і галодныя, адразу пасля гэтага населенага пункта спыніліся на абед, каб набрацца сіл перад апошнім рыўком.

Фініш атрымаўся прыгожым, але цяжкім. Лясная дарога ад вёскі Плясавічы перайшла ў пясчаную, якая вяла ўздоўж меліярацыйных каналаў. Шматлікія скрыжаванні і павароты патрабавалі ўмення арыентавацца на мясцовасці: можна было лёгка з’ехаць не туды. Апошнія кіламетры дабіраліся праз луг з высокай травой. Гэты ўчастак прыйшлося пераадольваць пешшу.

Нарэшце мы прыбылі да мемарыяльнага комплексу “Ала”. Мясцовыя ахоўнікі здзівіліся, што мы праехалі з Плясавіч праз лес. Тое, што мы пераначуем побач з комплексам, не выклікала ў іх пярэчанняў, наадварот, яны падказалі, дзе нам лепш стаць. Але папярэдзілі, што гэта заказнік і тут водзяцца жывёлы. Размясціліся мы каля альтанкі недалёка ад мемарыяла.

Дзень 3. Ад “Алы” да “Азарыч”

Раніцай агледзелі мемарыяльны комплекс “Ала”. Трагедыя, якая здарылася тут, уразіла нас сваёй жорсткасцю і бесчалавечнасцю.

14 студзеня 1944 года ў выніку карнай аперацыі фашыстамі было расстраляна і спалена 1758 мірных жыхароў, у тым ліку 950 дзяцей…

Да Азарыч дабраліся без праблем. На начоўку размясціліся каля аднайменнага мемарыяльнага комплексу. Пазнаёміліся з ахоўнікам Аляксан­драм Данілавічам. Ён дапамог нам ва ўладкаванні лагера. Начлег ­аказаўся адным з самых лепшых у пахо­дзе — ціхім і бяспечным.

Дзень 4. Ад “Азарыч” да Бярозаўкі

Даследавалі мемарыяльны комплекс “Азарычы”. Гэты канц­лагер — адна з самых жахлівых старонак фашысцкай акупацыі на тэрыторыі Беларусі. Праз лагер прайшло больш за 50 тысяч ваеннапалонных, мірных жыхароў, дзяцей. Нечалавечыя ўмовы знаходжання, доследы хімічнай зброяй, катаванні і зверствы нямецкіх захопнікаў — усё гэта прывяло да гібелі звыш 20 тысяч чалавек…

Дарога ў гэты дзень аказалася нескладанай, амаль заўсёды ехалі па асфальце. На ўездзе ў Акцябрскі ўбачылі вадаём з пляжам.

Не маглі не спыніцца і не пакупацца, чаму асабліва радаваліся дзеці. На начоўку размясціліся за Бярозаўкай на высокім беразе ракі Пціч. У гэтым утульным месцы мы цудоўна адпачылі.

Дзень 5. Дабрацца да Орсіч

Нам трэба было праехаць каля 30 км, таму з выездам не спяшаліся. Ад Бярозаўкі да Зелянковіч дамчаліся хутка. Далей грунтавая дарога прывяла нас у Ратміравічы. Участак Ратміравічы — Пратасы быў больш складаны, дарога — пясчаная. Пасля Пратасоў спакойна даехалі па грунтавой дарозе да Чорных Бродаў.

Тут наведалі знакавае месца, дзе экіпаж савецкага танка ў чэрвені 1944 года тараніў нямецкі браняпоезд. Вось так, цаной свайго жыцця, савецкія салдаты змагаліся з акупантамі.

Тут намячалася начоўка, але час 18.20, і мы вырашылі ехаць далей да Орсіч. І калі ўчастак Чорныя Броды — Мошны аказаўся даволі лёгкім, то ад вёскі Мошны пачалася дарога з мноствам ­вялізных лужын. Парадавалі дзеці, якія не скардзіліся, а цярпліва пера­адольвалі перашкоды, дапамагалі адно аднаму і зноў рушылі наперад. Было 10 няпростых кіламетраў пешшу. Да Орсіч група дабралася, калі ўжо цямнела. Лагер разбілі на ўскраіне вёскі паміж дамамі. Вяскоўцы прапаноўвалі ўсялякую дапамогу. Стомленыя, але задаволеныя, мы ляглі спаць.

Дзень 6. Вяртанне дадому

Уначы прайшоў моцны дождж. Падумалася: як добра, што ўчастак Мошны — Орсічы ўжо праехалі, бо пасля такога дажджу ён стаў яшчэ больш складаным. У апошні дзень пясчаная дарога прывяла нас у Брожу, затым па асфальце мы дабраліся да Туголіцы.

Тут, ужо недалёка ад Бабруйска, зладзілі вялікі прывал і абмеркавалі наш паход: кожны падзяліўся сваімі ўражаннямі. Адмоўных водзываў не прагучала. Так, было часам цяжка, але мы справіліся.

Да горада ехалі з некаторым шкадаваннем. У хуткім часе сумесна фатаграфаваліся каля Цэнтра турызму. Наш паход скончаны. Крыху стомленыя, але задаволеныя, мы развіталіся, дамовіўшыся, што ў будучыні зноў паедзем вандраваць. Бо цяжкасці нас не зламалі, а толькі загартавалі!

 Канстанцін БАРЫНАЎ,
загадчык аддзела Цэнтра турызму, краязнаўства і экскурсій дзяцей і моладзі Бабруйска