Падарожжа на востраў Піянерскіх Скарбаў

Новымі членамі ў канцы верасня папоўнілася наша школьная піянерская дружына імя Я.К.Усікава. Гэтага моманту навучэнцы чакалі з нецярпеннем і хваляваннем, на працягу некалькіх тыдняў рыхтаваліся да адказнага мерапрыемства.

І вось наступіў урачысты восеньскі ранак. Навучэнцы трох 5-х класаў адправіліся ў вандроўку на востраў Піянерскіх Скарбаў. На лясной паляне дзяцей сустрэлі старшая піянерская важатая Галіна Уладзіміраўна Кіснічан і навучэнцы 7 “А” класа. Займальнае падарожжа ўключала ў сябе маршрут, які складаўся з чатырох этапаў. На кожным з іх пяцікласнікаў чакала цікавае заданне, звязанае з гісторыяй, традыцыямі піянерыі. На апошнім этапе, які праводзіў настаўнік фізічнай культуры і здароўя Мікалай Мікалаевіч Шакура, хлопцы і дзяўчаты павінны былі адшукаць шэсць стужак колеру сваёй каманды, скласці слова “піянер” і знайсці скарб. З гэтым выпрабаваннем паспяхова справіліся навучэнцы 5 “Б” класа, якія хутка адшукалі піянерскія гальштукі для трох атрадаў.

Вельмі хвалююча і ўрачыста прамаўлялі юныя піянеры абяцанне: любіць сваю Радзіму, быць добрымі, сумленнымі і справядлівымі, заўсёды прытрымлівацца Статута і традыцый Беларускай рэспубліканскай піянерскай арганізацыі. І вось павязаны гальштукі, гучным рэхам гучыць першае радаснае піянерскае “Заўсёды гатовы!”.

У адрас наваспечаных піянераў было сказана шмат віншаванняў, а яны паабяцалі не падвесці ні сваіх таварышаў, ні бацькоў, ні краіну. Завяршылася свята салодкімі пачастункамі і першым піянерскім вогнішчам.

Наш педагагічны калектыў спадзяецца, што піянеры стануць годнымі прадаўжальнікамі слаўных традыцый сваіх бацькоў, дзядоў і прадзедаў, будуць горача любіць Радзіму, захоўваць і берагчы мір на зямлі, праслаўляць родны край сваімі творчымі, спартыўнымі, інтэлектуальнымі, працоўнымі дасягненнямі. Пройдзе час — і менавіта гэтым дзецям трэба будзе ўзяць на сябе адказнасць за будучыню краіны.

Наталля ФЕДЧАНКА,
настаўніца інфарматыкі Кадзінскай сярэдняй школы Магілёўскага раёна.