Падарожжа па краіне і ў свет мастацтва

Фестываль-конкурс “Арт-панарама Беларусь” прайшоў упершыню і сабраў больш за тысячу ўдзельнікаў. Месцам правядзення фестывалю быў выбраны Гродна, бо гэта маладзёжная сталіца Рэспублікі Беларусь — 2021.

Ініцыятарам арганізацыі фестывалю ў рамках міжнароднага праекта ART-PANORAMA выступіў турыстычна-інфармацыйны цэнтр “Ілва”, які мае шматгадовы вопыт рэалізацыі міжнародных праектаў у Беларусі, краінах Еўропы і Балтыкі. Фестываль шматжанравы, удзельнікі  дэманстравалі сваё майстэрства ў розных намінацыях: вакал, харэаграфія, інструментальная музыка, выяўленчае і тэатральнае мастацтва. Пераможцы былі аб’яўлены на гала-канцэрце. У рамках фестывалю таксама прайшлі майстар-класы па жывапісе і ткацтве.

— Такі фестываль не толькі цікавы, але і вельмі важны, бо таленавітыя дзеці маюць магчымасць паказаць сваю творчасць і адначасова пазнаёміцца з прыгожымі мясцінамі, пабываць у іншых гарадах, адчуць, якая ў нас прыгожая краіна, — сказаў генеральны дырэктар Цэнтра культуры “Віцебск”, дырэктар міжнароднага  фестывалю мастацтваў “Славянскі базар у Віцебску”, член журы фестывалю “Арт-панарама Беларусь” Глеб Лапіцкі. — Я сам з Віцебска, адкуль у Гродна прыехала 16 вагонаў дзяцей, больш за 700 чалавек. Прадстаўлены і іншыя рэгіёны рэспублікі. Мы пагулялі па горадзе і ўбачылі вельмі цікавую архітэктуру, у тым ліку культавыя збудаванні. Вельмі важна, што гэты культурны праект мае вялікі адукацыйны сэнс. А галоўнае тое, што дзеці не баяцца выходзіць на сцэну і атрымліваць зваротную рэакцыю. Пасля выступлення яны падыходзяць і пытаюцца, як іх ацанілі, гэта значыць яны тут не дзеля дыплома, а каб атрымаць пэўныя веды і наступны раз выступіць яшчэ лепш. Кіраўнік цэнтра “Ілва” Ларыса Пятроўская адзначае, што гэта праект сацыяльнага партнёрства, калі турызм і культура аб’ядноўваюцца і атрымліваецца такі цудоўны вынік.

Для ўдзельнікаў фестываль — гэта яшчэ і магчымасць паказаць свае здольнасці прафесійнаму журы і атрымаць парады, кансультацыі. Так, у вакальнам жанры выступленні школьнікаў ацэньвалі Глеб Лапіцкі і лаўрэат “Славянскага базару” Іван Зданюк. У складзе журы і Зоя Паўлава, педагог Гродзенскага дзяржаўнага каледжа мастацтваў, чые выхаванцы — пастаянныя пераможцы і прызёры шматлікіх рэспубліканскіх і абласных вакальных конкурсаў. Харэаграфію ацэньвалі кіраўнік балет-студыі Alexis Аляксандр Зенчанка, кіраўнік заслужанага аматарскага калектыву Рэспублікі Беларусь народнага ансамбля танца “Белая Русь” Нацыянальнага цэнтра мастацкай творчасці дзяцей і моладзі Анатоль Карповіч.

— Праект створаны з мэтай правядзення творчых мерапрыемстваў: фестываляў, конкурсаў, пленэраў, сустрэч як у Беларусі, так і ў краінах Еўропы і Балтыі. Міжнародны праект ART-PANORAMA  працуе ўжо больш за 10 гадоў. Адным з першых арганізаваных мерапрыемстваў быў фестываль-конкурс дзіцячай і маладзёжнай творчасці “Вясёлка над Віцебскам”, які праходзіць у рамках фестывалю “Славянскі базар у Віцебску” і збірае дзяцей з больш як 20 краін, кожны раз каля 1000 удзельнікаў. Яшчэ адзін праект — міжнародны дзіцячы і маладзёжны пленэр “Віцебск — горад Шагала”, — расказала дырэктар турыстычна-інфармацыйнага цэнтра “Ілва”, старшыня аргкамітэта міжнароднага праекта ART-PANORAMA Ларыса Пятроўская. 

Сёлета ўпершыню ў рамках гэтага праекта рэалізуецца фестываль “Арт-панарама Беларусь”, які гасцінна прыняў Гродна, у прыватнасці, Гродзенскі абласны палац творчасці дзяцей і моладзі. Удзельнікі і арганізатары фестывалю адзначылі, што тут былі створаны цудоўныя ўмовы. 

Плануецца, што фестываль будзе праходзіць штогод у розных гарадах Беларусі. Прычым гэта не проста фестываль, а вялікі творчы праект. У Год народнага адзінства дзеці, напрыклад, з Віцебскай вобласці  адправіліся ў падарожжа па Беларусі на творчым экспрэсе, спыніўшыся не толькі ў Гродне, але і ў Мінску. Далёка не кожны бываў тут раней, таму экскурсіі выклікалі вялікае захапленне.

— Сваім праектам мы ставім задачу не толькі даць магчымасць дзецям рэалізаваць іх творчасць, але і паглядзець на нашу прыгожую, гасцінную Беларусь. Гэта важны складнік разам з развіццём творчай ініцыятывы, — дадала Ларыса Пятроўская.

Дэвіз праекта — “Падарожнічайце, тварыце, пазнавайце свет і ўдасканальвайце сваё майстэрства”. Усё гэта ў комплексе і дае станоўчы вынік. Праект рэалізуецца пры падтрымцы Пастаяннай камісіі па адукацыі, культуры і навуцы Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь.

Ірына АНІКЕВІЧ.
Фота аўтара.