Падарожжа па “Летнім гарадку”

- 15:23Нам пішуць

Дзе лепей праводзіць лета, як не ў школьным аздараўленчым лагеры?

У Каменскім дзіцячым садзе — сярэдняй школе дзейнічае аздараўленчы лагер “Летні гарадок”. У Год малой радзімы хацелася бліжэй пазнаёміць дзяцей з адметнасцямі роднага кутка, таму дырэктар лагера Т.А.Клышэвіч і старшы выхавальнік Н.А.Розмысл абралі турысцка-краязнаўчы профіль. Кожны дзень дзеці падарожнічаюць па ўяўных вуліцах: Гаспадарчай, Спорту і здароўя, Міласэрнасці, Роднай, Культурнай, Алімпійскай, Гістарычнай, Экалагічнай і іншых.

На вуліцы Алімпійскай бралі ўдзел у спартыўным свяце “Малыя алімпійскія гульні”, дзе паказвалі спрыт, хуткасць. Выпускнік нашай установы адукацыі Віктар Аляксандравіч Хільмончык — прызёр Паралімпійскіх гульняў.

Цікавая сустрэча адбылася на вуліцы Літаратурнай. У госці завітаў наш знакаміты выпускнік, вядомы беларускі пісьменнік Славамір Валяр’янавіч Антановіч. Ён распавядаў пра свае школьныя гады, пра творчыя набыткі, прачытаў вершы і пазнаёміў з празаічнымі творамі. У падарунак школе пакінуў зборнік “Вяртанне ў юнацтва”, а дзецям параіў чытаць кнігі і любіць літаратуру.

А вось на вуліцы Гістарычнай ладзілася экскурсія ў школьны гісторыка-краязнаўчы музей, дзе ўсе прысутныя мелі магчымасць пазнаёміцца з гісторыяй Каменкі.

Запомнілася дзеткам і экскурсія ў музей Э.Ажэшка ў вёсцы Мількаўшчына, у Каменскі касцел святога Антонія, які з’яўляецца помнікам архітэктуры і ў якім, дарэчы, была ахрышчана Э.Ажэшка.

Каб канікулы былі бяспечныя, адбылося падарожжа ў падраздзяленне МНС Каменкі ў рамках акцыі “Канікулы без дыму і агню”.

Шмат прыемных эмоцый пакінула наша падарожжа, але яно яшчэ не скончана. Дзяцей чакаюць новыя сустрэчы, перамогі, конкурсы.

Жанна ВАРОНІК,
намеснік дырэктара па вучэбнай рабоце Каменскага дзіцячага сада — сярэдняй школы
Шчучынскага раёна Гродзенскай вобласці.