Падарожжа па роднай вёсцы

- 15:56Нам пішуць

“Радзіму нельга навучыць кахаць па падручніках, з ёй трэба сустрэцца!” Пад такім дэвізам вучні 2 класа Пінкавіцкай сярэдняй школы Пінскага раёна адправіліся ў падарожжа па роднай вёсцы.

Фота да матэрыялу: Падарожжа па роднай вёсцы.Першым прыпынкам у гэтым падарожжы стаў народны літаратурна-краязнаўчы музей Якуба Коласа. Вучняў сустрэла Ж.М.Верыч, якая загадала загадкі пра Пінкавічы, школу, пра Якуба Коласа. Дзеці ўпершыню пачулі слова “альтанка”. У альтанцы каля калодзежа Якуба Коласа прайшла дальнейшая размова. Працягнулася сустрэча ў пакоях музея. Вучні пазнаёміліся з асаблівасцямі побыту беларусаў, даведаліся, што якія рэчы продкі выкарыстоўвалі ў штодзённай працы, з чаго складаўся інтэр’ер традыцыйнага жылля. Пазнаёміліся другакласнікі з жыццёвым і творчым шляхам Якуба Коласа, які некалькі гадоў прысвяціў сялянам вёскі Пінкавічы, не толькі навучаў іх грамаце, але і абараняў у цяжкія хвіліны.

Другім прыпынкам у нашым падарожжы быў Музей піянерскай славы ў Цэнтры творчасці дзяцей і моладзі Пінскага раёна. У час экскурсіі вучні даведаліся пра гісторыю піянерскага руху на Піншчыне. За кароткі час другакласнікі здзейснілі падарожжа ў мінулыя дзесяцігоддзі, пазнаёміліся з архіўнымі дакументамі, убачылі экспанаты, якія даюць інфармацыю аб працоўных і баявых подзвігах папярэдніх пакаленняў. Пашчасціла вучням падудзець у піянерскі горн, пабарабаніць у піянерскі барабан. Падарожжа па вёсцы аказалася пазнавальным, запамінальным і цікавым.

Аксана ГРЫНЬКО,
настаўніца пачатковых класаў Пінкавіцкай сярэдняй школы Пінскага раёна.