Падарожжа па “Вясёлцы дзяцінства”

- 11:48Спецыяльная адукацыя

Сёлета на базе сярэдняй школы № 13 Баранавіч была арганізавана інклюзіўная дзіцячая пляцоўка “Вясёлка дзяцінства”, створаная намаганнямі педагогаў установы адукацыі, гарадской арганізацыі Беларускай асацыяцыі дапамогі дзецям-інвалідам і маладым інвалідам, валанцёраў БарДУ, гарадскога вучэбна-метадычнага кабінета і прадстаўнікамі 4 школ-партнёраў па інавацыйным праекце “Укараненне мадэлі трэнінгавай тэхналогіі работы з бацькамі ва ўмовах фарміравання інклюзіўнай адукацыйнай прасторы”.

— Наша ўстанова ўдзяляе вялікую ўвагу інклюзіўнай адукацыі, — расказала дырэктар сярэдняй школы № 13 Баранавіч М.Г.Купцова. — Інклюзіўная дзіцячая пляцоўка — адна з цікавых форм работы, якая дазваляе праводзіць розныя заняткі і гульні для дзяцей з улікам іх індывідуальных патрэб, пазнавальных магчымасцей і здольнасцей. Пляцоўка ўяўляла сабой падарожжа па станцыях, дзе хлопчыкаў і дзяўчынак чакалі музычныя, танцавальныя, інтэлектуальныя, спартыўныя і забаўляльныя конкурсы, якія стваралі станоўчы эмацыянальны настрой, фарміравалі талерантныя і паважлівыя адносіны да асаблівых дзяцей.

У інклюзіўнай дзіцячай пляцоўцы ўдзельнічалі 7 каманд па 8 чалавек у кожнай з розным узроўнем развіцця. Іх суправаджалі валанцёры БарДУ. Станоўчыя эмоцыі атрымалі і студэнты, і дзеці.

Самай захапляльнай і запамінальнай часткай праграмы стаў флэшмоб з салютам з паветраных шарыкаў.

Спонсарам мерапрыемства выступіла баранавіцкая гарадская арганізацыя Беларускай асацыяцыі дапамогі дзецям-інвалідам і маладым інвалідам. Усе ўдзельнікі атрымалі памятныя значкі “Калі мы разам — нашы магчымасці бязмежныя” і сертыфікаты.

— Мерапрыемства паказала высокі ўзровень падрыхтоўкі, правядзення і запатрабаванасці, творчы і кампетэнтнасны падыход педагогаў, якія добра валодаюць тэхнікамі інклюзіўнай адукацыі і стварэння інклюзіўнай адукацыйнай прасторы, — адзначыла метадыст гарадскога вучэбна-метадычнага кабінета Г.П.Шухава.

Сяргей ГРЫШКЕВІЧ.