Падарожжа ў мінулае для будучыні

- 10:29Актуально, Апошнія запісы

Сем дзён, амаль паўтары тысячы кіламетраў чыгункі пад коламі і дзевяць прыпынкаў у беларускіх гарадах. Такое падарожжа здзейсніла каманда маладзёжнага цягніка “#Беларусь. Моладзь. Натхненне”, які ў пятніцу спыніў свой рух у завяршальным пункце маршруту — сталіцы. Праект Міністэрства адукацыі, Беларускага рэспубліканскага саюза моладзі і Беларускай чыгункі аб’яднаў 90 юнакоў і дзяўчат з усёй краіны. На працягу ўсяго шляху яны знаёміліся са знакавымі аб’ектамі Беларусі, наведвалі гістарычныя месцы і аддавалі даніну павагі тым, хто змагаўся за мірнае неба.

“Шануй традыцыі”, “Рабі дабро”, “Жыві ярка” і, канечне ж, “Беларусь памятае” — такія хэштэгі на стылізаваных вагонах адлюстроўвалі канцэпцыю вандроўкі і матывы пасажыраў. Маладыя навукоўцы і педагогі, блогеры і дызайнеры, спартсмены і валанцёры праехалі ўсю Беларусь, каб адкрыць для сябе новыя мясціны і пазнаёміцца з жыццём рэгіёнаў. Праграма была насычанай у кожным горадзе: веламарафоны, опэн-эйры, валанцёрскія акцыі, флэш-мобы, адкрытыя дыялогі, сустрэчы з кіраўнікамі арганізацый, органаў дзяржкіравання, дэпутатамі, лідарамі грамадскіх арганізацый. Маладыя людзі прынялі ўдзел у дабрачыннай акцыі “#ТвориДобро!” у сацыяльна-педагагічным цэнтры Пінска, працоўнай акцыі на алеі студатрадаўскага руху ў Брэсце, лідарскіх трэнінгах, майстар-класах, музычна-патрыятычных і спартыўных мерапрыемствах. І заўсёды ў іх праграме быў час наведаць памятныя мясціны, каб пачуць гісторыю пра подзвіг, аддаць даніну памяці загінулым і жывым героям Вялікай Айчыннай вайны. Моладзь ушанавала памяць героя­ў вайны і ўсклала кветкі да мемарыяльных комплексаў “Буйніцкае поле”, “Ала”, “Вызваліцелям Пінска”, “Брэсцкая крэпасць-герой”, а таксама да мемарыяльнага комплексу ў гонар вызваліцеляў Мала­дзечна. У сталіцы месцам урачыстых мерапрыемст­ваў стаў архітэкурна-скульптурны комплекс “Мінск — горад-герой”.

“Тут, у адным з самых прыгожых месцаў Мінска, каля стэлы “Мінск — горад-герой”, сабралася мэтанакіраваная, ініцыятыўная і энергічная моладзь. Маладыя людзі з актыўнай грамадзянскай пазіцыяй, якія хочуць ісці ў нагу з часам і пры гэтым лічаць неабходным унесці асабісты ўклад у захаванне нашай гістарычнай, культурнай, духоўнай спадчыны. Дзяржаве і грамадству патрэбны вашы веды, творчыя здольнасці, сацыяльны вопыт і свежы погляд на праблемы, — сказаў, вітаючы вандроўнікаў, міністр адукацыі Ігар Карпенка і дадаў, што праект аб’яднаў яго ўдзельнікаў у адну дружную каманду: — Гэты камандны дух ужо сёння перадаецца людзям розных узростаў, розных прафесій, розных рэгіёнаў. А гэта — залог пераемнасці, стратэгічнага курсу і ўстойлівага развіцця Беларусі. Мы разлічваем на вашы ідэі і стваральную працу, на імкненне стаць сапраўднымі гаспадарамі сваёй краіны, на тое, што каштоўнасці патрыятызму і справядлівасці, якія праз усё сваё жыццё пранеслі старэйшыя пакаленні, іх веды, загартоўка, мудрасц­ь і вопыт настаўніцтва, безумоўна, будуць запатрабаваныя ў сучаснай моладзі”.

Міністр адзначыў, што такія праекты, як рэспубліканскі маладзёжны цягнік “#Беларусь. Моладзь. Натхненне”, паказваюць, што наша моладзь неабыякавая да лёсу сваёй краіны і яе будучыні, і выказаў упэўненасць, што “праект стане традыцыйным і паслужыць больш дынамічнаму развіццю маладзёжнай палітыкі і ў рэгіёнах, і ў краіне ў цэлым, унясе свой уклад у грамадзянска-патрыятычнае выхаванне моладзі, захаванне і прымнажэнне гістарычнай і культурнай спадчыны Беларусі”.

Ад імя ўдзельнікаў рэспубліканскага цягніка яго кіраўнік дэпутат Палаты прадстаўнікоў Нацыя­нальнага сходу Сяргей Сыранкоў сказаў: “Праехаўшы ўсю краіну з такой камандай, чарговы раз пераканаўся ў тым, што моладзь Беларусі шчыра любіць сваю краіну, што моладзь Беларусі адзіная. А­дзіная ў сваім стаўленні да нашага гераічнага мінулага, стабільнай сучаснасці і стваральнай будучыні. А каб будаваць будучыню, мы павінны абапірацца на нашу спадчыну. Нам ёсць чым ганарыцца: гэта і духоўныя каштоўнасці — культурныя традыцыі, і рукатворная спадчына — знакавыя аб’екты, якія з’явіліся ў краіне за апошнія некалькі дзесяцігоддзяў”.

Пасажыры маладзёжнага цягніка правезлі па ўсім сваім маршруце 12-метровае палотнішча “Беларусь памятае!” з напісанымі на ім імёнамі герояў, якія змагаліся за краіну. Фіналам падарожжа стала перадача гэтага палотнішча Беларускаму дзяржаўнаму музею гісторыі Вялікай Айчыннай вайны, а ў зале Перамогі гэтага музея міністр адукацыі Ігар Карпенка ўручыў усім на памяць сертыфікаты ўдзельнікаў праекта.

Святлана НІКІФАРАВА.
Фота Алега ІГНАТОВІЧА.