Падарожжа ў Паднябесную праз мову і культуру

Менавіта такім — вялікім, бязмежным і недасягальным — Кітай быў і для навучэнцаў гімназіі № 2 Ваўкавыска. Але сітуацыя змянілася ў кастрычніку 2018 года, калі выкладаць кітайскую мову і культуру прыехала валанцёр з Кітая Оу Ясінь.

Педагог была накіравана дзяржаўнай канцылярыяй па распаўсюджванні кітайскай мовы і культуры Ханьбань, якая адначасова з’яўляецца штаб-кватэрай інстытутаў Канфуцыя.

Гімназію № 2 нездарма негалосна называюць “лінгвістычнай”, нашы вучні традыцыйна вывучаюць іспанскую, французскую і англійскую мову. А сёлета 137 дзяцей з 2 па 9 клас пажадалі займацца вывучэннем кітайскай мовы. Мэтай такіх дадатковых заняткаў першапачаткова не з’яўляецца дасягненне нейкіх значных акадэмічных вынікаў. Вучні ў большасці праходзяць так званы адаптацыйны перыяд, падчас якога карыстаюцца магчымасцю судакранання з новай для нас, еўрапейцаў, культурай.

Падчас работы восеньскага лагера з дзённым знаходжаннем былі арганізаваны сустрэчы дзяцей з Оу Ясінь, якая ладзіла з імі майстар-класы па напісанні іерогліфаў, арганізоўвала віктарыны, конкурсы, віртуальныя экскурсіі. Валанцёр наведвала ўрокі калег, дзе знаёмілася з правіламі беларускай педагогікі, назірала за дзецьмі і будавала планы на сваю дзейнасць у гімназіі. І ўжо напрыканцы лістапада падрыхтавала групу вучняў да ўдзелу ў раённым конкурсе песні на замежнай мове “Інтэрфэст”.

З мэтай пашырэння выкладання кітайскай мовы і папулярызацыі кітайскай культуры ў Беларусі, умацавання супрацоўніцтва Кітайскай Народнай Рэспублікі і Рэспублікі Беларусь у галіне адукацыі і культуры, а таксама паглыблення сяброўства і ўзаемаразумення паміж народамі Беларусі і Кітая Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт і Рэспубліканскі інстытут кітаязнаўства імя Канфуцыя заключылі пагадненне з нашай гімназіяй аб адкрыцці  ў нас Цэнтра вывучэння кітайскай мовы і культуры.

Каардынацыйным саветам цэнтра пад кіраўніцтвам намесніка дырэктара па вучэбнай рабоце Ірыны Аркадзьеўны Плюта распрацаваны і рэалізуюцца сумесныя праекты гімназіі і Інстытута Канфуцыя Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта.

Актыўныя гімназісты сталі ўдзельнікамі Рэспубліканскага конкурсу творчасці “Сучасны Кітай вачыма юных беларусаў” разам з установамі адукацыі, дзе вывучаецца кітайская мова, адзначылі “Свята ліхтароў” у Ліцэі БДУ. Разам з класнымі кіраўнікамі дзеці падрыхтавалі і правялі гімназічную флэш-акцыю “Шматграннасць Кітая”, у рамках якой кожны класны калектыў не толькі правёў мерапрыем­ствы, прысвечаныя азнаямленню з кітайскай культурай, але і прэзентаваў вынікі ў выглядзе стэндавых выстаў, галерэй тэматычных сувеніраў, буклетаў. Адметнасцю акцыі стала і з’яўленне на гімназічным тэлеканале “Гімназія.TV” (відэахостынг www.youtube.com) плэйліста “Мы адкрываем для сябе Кітай”, дзе ўдзельнікі гімназічнага медыяцэнтра размясцілі ўласныя тэматычныя відэаматэрыялы аб дасягненнях гімназістаў у вывучэнні кітайскай мовы і культуры. Гэтыя відэаматэрыялы сталі пачаткам гімназічнага медыяфестывалю кітайскага кіно.

Аб тым, што цікавасць да Паднябеснай у гімназічнай супольнасці павялічваецца, гавораць і факты. Узорны тэатр-студыя “Лицедеи” гімназіі пад кіраўніцтвам В.Н.Макуця рыхтуе да вясенняга свята творчасці “Феерверк культур” тэатральныя мініяцюры на кітайскай мове. Вучні Оу Ясінь развучваюць новыя вершы і песні, ды ўжо і самі могуць правесці міні-майстар-класы па напісанні іерогліфаў. Малодшыя гімназісты рыхтуюцца да выставы-конкурсу сувеніраў, ствараючы на ўроках працоўнага навучання як кітайскія ліхтарыкі, фігуркі, так і беларускіх лялек. Выхаванцы гімназічнага харэаграфічнага гурта “Карамелька” пад кіраўніцтвам І.У.Гуз плануюць прадставіць гледачам  беларускія і кітайскія танцы.

Зразумела, нас сёння цікавіць і акадэмічная паспяховасць нашых вучняў. Таму ў красавіку гэтага года ўсе жадаючыя, хто вывучаў кітайскую мову, змогуць праявіць сябе  ў гімназічнай прадметнай алімпіядзе.

Паколькі гімназія з 2015 года з’яўляецца членам рэспубліканскай асацыяцыі “Адукацыя для ўстойлівага развіцця”, не дзіўна, што менавіта ў нас зарадзіліся і падтрымліваюцца беларуска-кітайскія партнёрскія адносіны. Дзейнасць педагагічнага калектыву па стварэнні ўмоў для вывучэння кітайскай мовы і культуры з’яўляецца і адным з прамежкавых вынікаў рэалізацыі інавацыйнага праекта “Укараненне мадэлі фарміравання сацыяльнай паспяховасці навучэнцаў устаноў агульнай сярэдняй адукацыі”.

У будучыні плануецца правядзенне форумаў і фестываляў з установамі адукацыі — партнёрамі па распаўсюджванні практык вывучэння кітайскай мовы і культуры ў Беларусі.

Аляксандр ЛІЧЫК,
дырэктар гімназіі № 2 Ваўкавыска.