Падарожжа ў свет мастацтва

- 11:00Навіны рэгіёнаў

— Вяртанне ў адукацыйны працэс вучэбнага прадмета “Мастацтва (айчынная і сусветная мастацкая культура)” выклікала яркі эмацыянальны водгук сярод педагогаў, — адзначыла метадыст раённага вучэбна-метадычнага кабінета аддзела адукацыі, спорту і турызму Брэсцкага райвыканкама Т.П.Марашчук. — Матэрыял прадмета ўводзіць пяцікласнікаў у свет мастацкіх вобразаў і з’яў, створаных у розных відах і жанрах мастацтва, у розныя гістарычныя эпохі. Як зацікавіць школьнікаў, устанавіць з імі кантакт, стымуляваць творчую актыўнасць, садзейнічаць развіццю ўнутранай матывацыі да вывучэння мастацтва? Адказ на гэтыя і іншыя пытанні педагогі Прыбужжа шукалі падчас раённага семінара-практыкуму, прысвечанага ўдасканаленню прафесійнай кампетэнтнасці настаўнікаў айчыннай і сусветнай культуры.

Мерапрыемства праходзіла на базе Клейніцкай сярэдняй школы. Метадыст раённага ВМК Т.П.Марашчук азнаёміла педагогаў з нарматыўнай прававой дакументацыяй, умовамі эфектыўнай рэалізацыі прадметнага зместу на вучэбных занятках, прэзентавала мультымедыйны зборнік мастацка-ілюстрацыйнага тэматычнага матэрыялу і правяла анкетаванне сярод настаўнікаў для дыягностыкі педагагічных цяжкасцей. Цікавым вопытам работы па выкарыстанні эфектыўнай адукацыйнай практыкі ў педагагічнай дзейнасці падзялілася настаўніца І.Я.Лах са Скокаўскай сярэдняй школы. Падчас адкрытага ўрока “Свет дзяцінства ў мастацтве”, праведзенага настаўніцай А.А.Струк з Клейніцкай сярэдняй школы, удзельнікі семінара-практыкуму разам з пяцікласнікамі пагрузіліся ў дзіўны свет творчасці і музычна-мастацкіх вобразаў. На занятках выкарыстоўвалася шмат наглядна-дыдактычнага энцыклапедычнага матэрыялу, што дазволіла педагогу матываваць дзяцей да стварэння ўласных шэдэўраў. Актыўнымі ўдзельнікамі мерапрыемства сталі педагогі і выхаванцы з Клейніцкай дзіцячай школы мастацтваў.

Сяргей ГРЫШКЕВІЧ.