Падарожжы па малой радзіме разам з “Вяснянкай”

- 15:14Нам пішуць

Падчас веснавых канікул у Раціцкай сярэдняй школе, якая стаіць на шляху да Аўгустоўскага канала — жамчужыны Гродзенскага раёна, працуе прышкольны лагер з дзённым знаходжаннем дзяцей “Вяснянка”.

Такі лагер — вялікае шчасце для бацькоў. Можна спакойна працаваць, калі ведаеш, што дзеці пад наглядам і не проста знаходзяцца ў школе, а адпачываюць і пазнаюць малую радзіму, знаёмяцца з яе гісторыяй, бо дзейнасць лагера грунтуецца на мясцовых традыцыях.

“Прыйдзі, прыйдзі, вясна! Прыйдзі, прыйдзі, красна!” — так заклікалі дзеці вясну першы дзень. Танцавалі, спявалі, складалі песні пра сваю зямлю, пра сваю прыгожую вёсачку. Са словамі “птушачкі, прыляціце, вясну прынясіце” майстравалі птушак, сімвалічна адпраўлялі іх у палёт з верай, надзеяй, што абавязкова прынясуць яны на сваіх крылах вясну — цёплую і шчаслівую. Гуканне вясны суправаджалася спартыўнымі гульнямі, якія сімвалічна ўпляталіся ў вясенні абрад.

Ці былі вы калі-небудзь у гродзенскім музеі “Гарадніца”? Калі не, то абавязкова пабывайце. Колькі таямніц і незвычайных скарбаў раскрые старое гарышча: старажытная мэбля, посуд, асвятляльныя прыборы. Яны вабяць, захапляюць, зачароўваюць. Напрыканцы экскурсіі вучні мелі магчымасць паўдзельнічаць у творчай музейнай майстэрні.

За гульнямі, падарожжамі, экскурсіямі хутка прабеглі ў лагеры два дні. І вось ужо серада, дзень напярэдадні Вялікадня. Згодна з мясцовымі традыцыямі, у гэты дзень выносілі смецце з хаты, рыхтавалі яйкі да фарбавання, ішлі ў касцёл. У лагеры “Вяснянка” гэты дзень таксама быў незвычайны, напоўнены сакральным дотыкам да велікодных традыцый. Урачыста была адчынена Велікодная майстэрня. Колькі радасці і захаплення было ў дзіцячых вачах, калі яны стваралі сапраўдны цуд — велікодную пісанку, нашу, са сваім мясцовым каларытам. А пасля наведалі касцёл Благавешчання Найсвяцейшай Марыі Панны ў вёсцы Перстунь, дзе ксёндз Павел пазнаёміў дзяцей з гісторыяй утварэння касцёла, з велікоднымі традыцыямі.

Працягам нашых добразычлівых мерапрыемстваў было наведванне сацыяльнага прытулку ў весцы Лойкі. Туды мы накіраваліся ў Вялікі Чацвер. Сцішаныя, задуменныя ехалі дзеці. Не кожны зразумее, як гэта — быць сіротамі пры жывах бацьках. Кожны хацеў паглядзець, як жывецца гэтым дзеткам, пазбаўленым бацькоўскай цеплыні і ласкі, пяшчоты і матулінай усмешкі. Мы везлі ім часцінку сваёй дзіцячай, але такой вялікай душы. Мы скажам ім, што яны не адны ў гэтым вялікім свеце. Мы разам з імі. Няхай дотык нашых цёплых рук, нашы падарункі запаляць у сэрцах гэтых дзетак надзею на тое, што цуды бываюць, мары збываюцца, трэба гэтага толькі вельмі захацець. Тое, што мы ўбачылі, здзівіла. Чысціня, парадак, нейкая свая сямейная ўтульнасць. І толькі вочы дзяцей, напоўненыя тугой і смуткам, жаданне дакрануцца да рукі настаўніцы, хоць да чужой, але мамы.

Шчаслівыя, асветленыя нейкім новым, можа, яшчэ да канца не зразумелым пачуццём, мы вярталіся ў лагер. Дзеці зразумелі, што мера шчасця вызначаецца не тым, што ты ўзяў, а тым, што аддаў.

Недалёка ад нашай вёсачкі Рацічы ўтульна размясцілася на ўзгорку мястэчка Сапоцкін. Туды накіраваўся наш дружны лагер у пятніцу.

Мы едзем на сустрэчу з цікавым і адкрытым чалавекам айцом Георгіем. Ідуць да святога айца людзі з просьбамі, пажаданнямі, ідуць, каб ачысціць душу, каб яшчэ раз упэўніцца у магутнай сіле вечнага і неўміручага. Зачараваныя спеўным голасам айца Георгія, мы слухалі аповед пра Вербную нядзелю. Святар расказаў, што калі асвяціць вярбу ў святыні, яна становіцца чароўнай. Калі прайсці праз вярбовую брамку ці пабіць чалавека вярбою па плячах, то ён не будзе хварэць цэлы год, стане моцны і здаровы.

Лагічным працягам нашага падарожжа, штодзенных фізкультхвілінак сталі Малыя беларускія гульні, якімі ў суботу мы завяршылі працу нашага лагера “Вяснянка”. Напярэдадні гульняў была праведзена завочная сустрэча-экскурсія з алімпійскімі чэмпіёнамі Беларусі, з тымі, хто праславіў нашу краіну. Адзін з такіх — Артур Гаўрус, знакаміты хакеіст, наш зямляк, які сваёй дзейнасцю праслаўляе раціцкую зямлю далёка за межамі, а калі бывае на Бацькаўшчыне, ніколі не забудзе завітаць у родную школу, пабачыцца з настаўнікамі, выказаць словы ўдзячнасці.

Час, праведзены ў лагеры, запомніцца дзецям надоўга. Яны па-новаму адкрылі для сябе сваю малую радзіму, зразумелі, што яна той выток, што жывіць, дае сілу, накіроўвае.

Хочацца выказаць падзяку тым, без каго наша цікавае падарожжа не адбылося б. Гэта СПК “Ніва-2003” і СПК “Гродзенскі”.

Наша падарожжа можна ўбачыць на сайце Раціцкай сярэдняй школы.

Тэрэса ПЕТРАШЭВІЧ,
настаўніца беларускай мовы і літаратуры,
Надзея ВАЛЕЙКА,
дырэктар лагера, настаўнік-дэфектолаг
Раціцкай сярэдняй школы Гродзенскага раёна.