Падарунак да Дня ведаў

Прэм’ер-міністр Рэспублікі Беларусь Раман Галоўчанка 1 верасня прыняў ўдзел у ва ўрачыстай першай лінейцы ў новай сярэдняй школе № 47 імя Героя Савецкага Саюза Яўгена Іваноўскага ў Віцебску.

Адкрыццё другой установы агульнай сярэдняй адукацыі ў маладым мікрараёне Білева, дзе амаль чвэрць з 40 тысяч жыхароў складаюць дзеці, — падзея радасная, доўгачаканая і вельмі значная для ўсяго горада. Вялікі школьны комплекс аб’ядноўвае 3 карпусы – гэта каля 350 памяшканняў, дзе створаны максімальна камфортныя і бяспечныя ўмовы для знаходжання дзяцей, арганізацыі адукацыйнага працэсу з выкарыстаннем самых сучасных і эфектыўных методык, у тым ліку па інклюзіўнай адукацыі. У вучэбных кабінетах, лабараторыях і майстэрнях устаноўлены сучасная мэбля, найноўшае мультымедыйнае і тэхнічнае абсталяванне: напрыклад, у кабінеце для заняткаў геаграфіяй ёсць уласная метэастанцыя. Дзейнічаюць 4 лінгафонныя кабінеты, студыі выяўленчага мастацтва і тэатральная, зала харэаграфіі, цір, некалькі спартыўных залаў рознай накіраванасці, актавая зала, што не саступае сучасным кіназалам. Хаця новая школа і не мае спартыўнага профілю, у плане злучэння адукацыйнага і спартыўнага складнікаў гэта ўнікальны аб’ект. Злучаны з асноўнымі будынкамі спарткомплекс уключае два басейны, тэмпература і ачыстка вады ў якіх рэгулюецца праз камп’ютар, і медыцынскі пункт. На адкрытым паветры размешчаны вулічныя трынажоры, а таксама бегавыя дарожкі, футбольныя, валейболая і баскетбольная пляцоўкі са спецыяльным пакрыццём. Мяркуецца, што ў бліжэйшыя дзесяцігоддзі у новай школе будуць набываць веды больш за 2 тысячы навучэнцаў. Запаўняльнасць класаў на сёння 28 — 30 чалавек, толькі на першай паралелі іх адзінаццаць. У фарміраванні педагагічнага калектыву стаўка зроблена на вопыт і энергію маладосці. Большасць настаўнікаў маюць вышэйшую і першую кваліфікацыйныя катэгорыі, поруч з імі да работы прыступілі лепшыя выпускнікі ўстаноў вышэйшай адукацыі. На базе школы з гэтага навучальнага года пачне функцыянаваць філіял кафедры факультэта матэматыкі і інфармацыйных тэхналогій Віцебскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя П.М.Машэрава. У свой дзень нараджэння ўстанова адукацыі прымала віншаванні ад шматлікіх ганаровых гасцей, сярод якіх разам з кіраўніком урада прысутнічалі старшыня Віцебскага аблвыканкама Мікалай Шарснёў і памочнік Прэзідэнта — інспектар па Віцебскай вобласці Анатоль Ліневіч.

— Сёння для за 1 мільёна 55 тысяч навучэнцаў нашай краіны празвініць школьны званок, — звяртаючыся да герояў свята, адзначыў Раман Галоўчанка. — Асаблівым ён будзе для вас, бо вы ў гэты дзень атрымліваеце выдатны падарунак ад дзяржавы — ідзяце ў сучасную, прасторную школу. Падтрымка адукацыі — нязменны прыярытэт дзяржавы, кіраўніцтва краіны. Таму мы прыкладаем усе намаганні, каб стварыць умовы для шчаслівага дзяцінства, атрымання дастойнай адукацыі, магчымасці развівацца, займацца тым, што падабаецца. Першы дзень восені заўсёды з’яўляецца яркай падзеяй і для дзяцей, якія ідуць у першы клас, і для хлопчыкаў і дзяўчынак, якія пачынаюць новы навучальны год. Гэта цудоўны ўспамін для ўсіх, бо кожны калісьці ўпершыню пераступаў школьны парог. Школа — перш за ўсё храм ведаў, таму паважайце настаўнікаў, шануеце іх працу. Менавіта яны кожны дзень аддаюць сваё сэрца, веды і здароўе сваім вучням, вашым дзецям, клапоцяцца пра іх і выхоўваюць, у іх руках будучыня нашай краіны.

Прэм’ер-міністр асобна акцэнтаваў увагу, што 1 верасня яшчэ дзве школы-новабудоўлі расчынілі свае дзверы для вучняў Мінска і Мінскага раёна. Акрамя таго, сёлета у рэспубліцы адкрыліся 12 дзіцячых садоў на 2 тысячы месцаў, а студэнты Гродзенскага універсітэта імя Янкі Купалы да Дня ведаў атрымалі ў падарунак новы інтэрнат больш чым на 1 тысячу месцаў.

Таццяна БОНДАРАВА.
Фота аўтара