Падарунак да свята

Упершыню ў дні Міжнароднага фестывалю мастацтваў “Славянскі базар у Віцебску” адкрытую маладзёжную пляцоўку арганізаваў Віцебскі абласны палац дзяцей і моладзі.

Праграма для маладых, цікаўных і энергічных прапанавала мерапрыемствы на любы густ. Старт творчай феерыі даў “Дыска-дзень”, падчас якога ўсіх жадаючых запрасілі на танцавальную фітнес-размінку з удзелам майстра-трэнера групавых праграм ліцэнзаванага інструктара праграм “ZUMBA — фітнес” Алесі Шырочанкавай. Самыя актыўныя атрымалі абанемент і сертыфікаты на наведванне фітнес-клуба “Бруклін”. На працягу некалькіх гадзін віцябляне і госці горада мелі магчымасць паўдзельнічаць у танцавальна-забаўляльнай праграме з гульнямі і конкурсамі “Дыска-шоу”. У “Дзень навукі” арганізатары пастараліся, каб госці свята змаглі праявіць усе свае таленты і здольнасці, рэалізаваць творчыя задумы і нават устанавіць спартыўныя рэкорды. Незабыўныя ўражанні падарылі моладзі квест-гульня “Форт Баярд” (яе правялі прадстаўнікі квест-шоу клуба “Гарнізон”) і паказальныя выступленні для аматараў навуковых доследаў “Хімік-шоу” і “Крыа-шоу”. Яркія творчыя пасланні палацу, “Славянскаму базару” і Віцебску пакінулі конкурсу малюнкаў на асфальце “Свет дзяцінства”. Завяршыўся “Дзень навукі” танцавальна-забаўляльнай праграмай “Летні біт”, дзе старшакласнікі праверылі свае веды і здольнасці ў конкурсах і гульнях, патанцавалі пад сучасную музыку. У “Дзень мастацтва” на конкурс фатаграфій “Фотасушка” былі прадстаўлены лепшыя работы юных аматараў фота з Віцебска і Наваполацка. Прафесійныя фатографы Аляксандр Клімаў і Павел Казлоў падзяліліся сакрэтамі творчага працэсу, пошуку і выбару кампазіцыі, асвятлення і моманту здымкі, навыкамі і напрацоўкамі ў фотасправе, расказалі пра свае асабістыя прыярытэты, перавагі і густы. На інтэрактыўнай пляцоўцы “Вечар у жывым музеі” ўдзельнікаў вітала легендарная заснавальніца Віцебска княгіня Вольга, маладыя людзі з задавальненнем фатаграфаваліся разам з гаспадыняй пляцоўкі і іншымі знакамітымі гістарычнымі персанажамі. У завяршэнне дня — новая танцавальна-забаўляльная праграма з конкурсамі і гульнямі. На гэты раз яе лейтматывам стала “Ноч у музеі”. Наступны дзень — “Дзень гумару” — пакінуў незабыўныя ўражанні, аўтографы і фота з зоркамі КВЗ на памяць. Пляцоўку перадалі ў рукі тых, для каго пачуццё гумару і ўменне пасмяяцца — з ліку самых неабходных у жыцці. Моладзь чакалі майстар-класы, выступленні і адкрыты мікрафон з прадстаўнікамі каманд КВЗ “Тэхналіга”, якія спаборнічалі ў гумарыстычных адказах на зададзеныя пытанні, імправізавалі на зада­дзеныя тэмы, разыгрывалі зага­дзя падрыхтаваныя мініяцюры. У сяброўскай атмасферы прайшла творчая сустрэча з камандамі КВЗ вышэйшай лігі “Руская дарога” і “Плюшкі імя Яраслава Мудрага”. Знакамітыя гумарысты абмяняліся вопытам з кіраўнікамі і ўдзельнікамі каманд КВЗ Віцебскай вобласці. Сярод гасцей пляцоўкі быў і дырэктар ТАА “АМІК медыя” дырэктар тэлевізійнай міжнароднай лігі Міжнароднага саюза КВЗ Сяргей Сярбун. Дынамічны і крэатыўны “Дзень хіп-хопа” працягнуў творчую эстафету і прайшоў пад знакам вулічнага маладзёжнага мастацтва ў рытмах танцавальных батлаў, брэйк-данса, рэпа і бітбокса разам з майстрамі са школы танцаў DDCrew, рэперамі Аляксандрам Савасцьянавым, Вадзімам Цярэнцьевым і Арцёмам Дударавым. Падарункамі і прызамі былі адзначаны лепшыя ўдзельнікі конкурснай танцавальна-забаўляльнай праграмы “Бітва дыджэяў”, якія прадэманстравалі высокія навыкі дыджэінгу, тэхніку, майстэрства, уменне працаваць з музычным абсталяваннем і гледачамі. “Дзень рэтра” сустрэў майстар-класамі, конкурсамі і танцавальна-забаўляльнай вечарынай у стылі рэтра, уразіў тэматычнымі паказальнымі выступленнямі тэатраў мод і харэаграфічных калектываў, сярод якіх асабліва запомніліся танцавальны калектыў Алы Масталенка і кавер-банд Five o’Clock. Завяршыў мерапрыемствы “Дзень гульні” з конкурсамі, гульнямі, квестамі і выдатнай танцавальна-забаўляльнай праграмай “Планета гульняў”, прысвечанай гульням народаў свету і традыцыйным нацыянальным беларускім гульням. Акрамя таго, у рамках акцыі “Любімаму гораду прысвячаецца …” ў гэты тыдзень студэнты-гісторыкі ВДУ імя П.М.Машэрава і навучэнцы аб’яднання па інтарэсах “Юны экскурсавод” абласнога Палаца дзяцей і моладзі правялі бясплатныя тэматычныя экскурсіі па фестывальнай сталіцы з наведваннем адметных мясцін Віцебска.

Таццяна БОНДАРАВА.
Фота аўтара.