Падарунак Huawei для Беларусі

- 12:02Актуально, Апошнія запісы

Гэтымі днямі ў офісе кампаніі Huawei ў Мінску было падпісана пагадненне аб супрацоўніцтве па рэалізацыі адукацыйных праектаў у сферы ІКТ паміж ТАА “Бел Хуавэй Тэхноладжыс”, Міністэрствам адукацыі нашай краіны і Міністэрствам сувязі і інфарматызацыі. У мерапрыемстве прынялі ўдзел намеснік Прэм’ер-міністра Беларусі Анатоль Калінін, міністр сувязі і інфарматызацыі Сяргей Папкоў, першы намеснік міністра адукацыі Вадзім Богуш, рэктары УВА. У межах пагаднення 1000 беларускім студэнтам будзе прадастаўлена магчымасць прайсці ўнікальную ІТ-адукацыйную праграму праекта “Насенне будучыні”.

— Прэзідэнтам Рэспублікі Беларусь акрэслены амбіцыйныя мэты пераўтварэння Беларусі ў ІТ-краіну. Найважнейшыя меры, стымулюючыя пераход на новы ўзровень развіцця, і вырашэнне задач лічбавай трансфармацыі вызначаны ў Дэкрэце № 8 “Аб развіцці лічбавай эканомікі”, — адзначыў Анатоль Калінін. — Якія змяненні павінны адбывацца на ўсіх узроўнях дзяржаўнага кіравання з выкарыстаннем сучасных тэхналагічных трэндаў? Гэта і тэхналогіі воблачных вылічэнняў, вялікіх даных, інтэрнэт-рэчаў, штучнага інтэлекту, мабільных тэхналогій. У аснову эфектыўнасці пераходу да новай мадэлі павінны быць пакладзены развітая нацыянальная тэлекамунікацыйная інфраструктура, высокаразвітая нацыянальная інфармацыйная індустрыя, электронны ўрад, высокаканкурэнтная эканоміка, заснаваная на ведах.

Па словах намесніка прэм’ер-міністра, у цяперашні час дасягненні Рэспублікі Беларусь у сферы ІТ шырока вядомы за мяжой. Па развіцці інфармацыйна-камунікацыйных тэхналогій наша краіна займае лідзіруючыя пазіцыі ў СНД і выступае на роўных з большасцю краін Еўропы. На працягу апошніх трох гадоў Беларусь уваходзіць у топ-10 краін свету па дынаміцы развіцця інфраструктурнага складніка і займае 32-е месца па развіцці ІКТ.

— ІТ-тэхналогіі стварылі дадатковыя ўмовы ў развіцці ўсіх галін эканомікі нашай краіны. Бесперапынны тэхналагічны працэс развіцця глабальнага інфармацыйнага асяроддзя, абнаўленне вытворчых і бізнес-працэсаў патрабуе пастаяннага ўдасканалення падрыхтоўкі і перападрыхтоўкі кадраў, павышэння кваліфікацыі і якасці падрыхтоўкі выпускнікоў УВА ўсіх спецыяльнасцей, у тым ліку і ў сферы высокіх тэхналогій, — лічыць Анатоль Калінін. — Беларуская сістэма адукацыі ў цэлым забяспечвае патрэбы ІТ-індустрыі ў інжынерных кадрах. Напрыклад, летась было выпушчана больш за 6700 маладых спецыялістаў па ІТ-спецыяльнасцях. Аднак патрабуюць сур’ёзнага перагляду праграмы навуковых даследаванняў у сферы лічбавых тэхналогій. Адукацыя — гэта фундамент для далейшага прадукцыйнага ўзаемадзеяння паміж Беларуссю і Кітаем не толькі ў сістэме ІКТ, але і ў іншых сферах эканомікі.

Намеснік прэм’ер-міністра адзначыў важкі ўклад карпарацыі Huawei ў падрыхтоўку таленавітай беларускай моладзі. У Беларускай дзяржаўнай акадэміі сувязі з 2011 года (а з 2016 года і ў яе віцебскім філіяле) функцыянуюць вучэбныя цэнтры Huawei. У студзені 2016 года ў БДУІР створаны інжынерна-адукацыйны цэнтр “БДУІР-Huawei”. Праект “Насенне будучыні” ўжо на працягу трох гадоў рэалізуецца карпарацыяй. Пяць груп маладых спецыялістаў прайшлі навучанне ў Кітаі ў межах праграмы.

Як паведаміў дырэктар ТАА “Бел Хуавэй Тэхноладжыс” Пан Юн, карпарацыя Huawei актыўна ўдзельнічае ў развіцці лічбавай эканомікі ў Беларусі і ў 2018 годзе плануе арганізаваць праграму па падрыхтоўцы 1000 спецыялістаў у галіне ІКТ у межах праекта “Насенне будучыні”. Навучанне будзе ажыццяўляцца на базе выставачных зал у офісе Huawei, а таксама ў Беларуска-кітайскім індустрыяльным парку “Вялікі камень”. Студэнты азнаёмяцца з перадавым вопытам развіцця тэлекамунікацыйных тэхналогій, будуць мець магчымасць павысіць сваю кваліфікацыю ў галіне ІКТ і інфармацыйнай бяспекі, даведацца пра найноўшыя тэндэнцыі развіцця ў ІТ-сферы, пра работу найбуйнейшых ІТ- лабараторый, а таксама пра асаблівасці дзейнасці міжнароднай карпарацыі.

— Нашай кампаніяй ужо распрацаваны план па пытаннях працаўладкавання лепшых студэнтаў, якія ўдзельнічаюць у праекце. Маладыя спецыялісты пройдуць працэдуру конкурснага адбору і атрымаюць унікальную магчымасць стажыроўкі ў Кітаі. Гэта добры шанс для спецыялістаў атрымаць дадатковыя магчымасці для прафесійнага росту, — падкрэсліў спадар Пан Юн.

Ва ўрачыстай атмасферы міністр сувязі і інфарматызацыі Сяргей Папкоў, першы намеснік міністра адукацыі Вадзім Богуш і дырэктар ТАА “Бел Хуавэй Тэхноладжыс” Пан Юн падпісалі пагадненне аб супрацоўніцтве. Удзельнікамі сустрэчы таксама быў зацверджаны вучэбны план міжнароднага адукацыйнага праекта для маладых беларускіх спецыялістаў “Насенне будучыні”. Групе студэнтаў, якія ў межах згаданай праграмы накіроўваюцца на двухтыднёвую стажыроўку ў Кітай, былі ўручаны сертыфікаты ўдзельнікаў. Сярод маладых людзей — прадстаўнікі БДУ, БДУІР, Беларускай дзяржаўнай акадэміі сувязі.

Магістрант Беларускай дзяржаўнай акадэміі сувязі Настасся Зяневіч, адна са шчаслівых уладальніц сертыфіката на стажыроўку, падзялілася сваімі думкамі: “Я ў прадчуванні паездкі. Плануецца, што спачатку мы накіруемся ў Пекін, дзе будзем вывучаць кітайскую мову, культуру, гісторыю, а потым — у Шэнь Чжэнь, дзе будуць арганізаваны лабараторныя заняткі па сеткавых тэхналогіях, даведаемся пра сучасныя сусветныя тэндэнцыі ў галіне ІКТ. Думаю, што гэта будзе карысна і цікава”.

Наталля КАЛЯДЗІЧ.
Фота Алега ІГНАТОВІЧА.